У Лідзе на 20 базавых велічынь (4 мільёны 200 тысяч рублёў) асуджаны актывіст зь Бярозаўкі Вітальд Ашурак, які зладзіў несанкцыянаваны пікет супраць пагаршэньня экалягічнай сытуацыі ў сваім гарадку.
Паводле Ашурка, яго судзілі нават бязь сьведак, зь міліцыянтаў ніхто ў суд не зьявіўся, судзьдзя толькі зачытаў складзены на яго пратакол. У пратаколе было запісана, што пікет праводзіўся без дазволу ўладаў. І дадаваліся здымкі, на якіх Ашурак стаіць з плякатам «Шклавата — сьмерць Бярозаўкі».
Ашурак патлумачыў суду, што выйшаў на пікет, бо ў гарадку пасьля запуску вытворчасьці шклаваты на працягу году значна пагоршылася экалягічная сытуацыя: на вуліцы чуваць хімічны пах, пачалі хварэць дзеці — у іх зьявіўся сухі кашаль, баліць галава, а тэмпэратуры няма. У Бярозаўцы правялі сход з кіраўніцтвам горада, але начальства, маўляў, ніяк не адрэагавала на гэта.
Судзьдзя, паводле Ашурка, таксама ведае, што ў Бярозаўцы існуе праблема з экалёгіяй, і нават задаў пытаньне — чаму Ашурак не падаў ва ўстаноўленым парадку заяву на правядзеньне пікета? Маўляў, тады б разглядалі, на якой падставе яму адмовілі, і, магчыма, не было б штрафу.
— Я адказаў, што ня мог падаваць заяўку на імя чалавека, які публічна на агульным сходзе заяўляў, што ніякай экалягічнай праблемы ў Бярозаўцы няма. Ну хіба ён даў бы мне дазвол? Я папросту ня бачыў у гэтым сэнсу. Тут трэба вырашаць сур’ёзную экалягічную праблему, якую з часам паправіць будзе яшчэ больш складана, і я імкнуся па-рознаму прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтае праблемы, бо там жывём ня толькі мы, але і нашы дзеці. Вось такая была ў мяне прычына, і таму я сказаў, што сваёй віны прызнаць не магу. Зрэшты, я перад тым, як выйсьці на пікет, добра ўсьведамляў, што мяне за гэтым чакае.
У судзе прысутнічаў актывіст Сяргей Трафімчык. Паводле яго, нягледзячы на спачуваньне судзьдзі, экалягічная праблема ў Бярозаўцы ўсё ж застаецца.
— Аднаму і нават некалькім чалавекам, відавочна, гэтую праблему скрануць зь месца складана. Трэба, каб да гэтага далучылася грамадзкасьць, самі жыхары Бярозаўкі. Хоць, як кажуць, усё пачынаецца з малога, бо экалягічная сытуацыя з кожным днём толькі пагаршаецца.
Вітальд Ашурак сказаў Свабодзе, што гэты прысуд яго ня спыніць і ён будзе далей змагацца за тое, каб зьмяніць экалягічную сытуацыю ў сваім горадзе.
— Плянуем зладзіць народны сход, а перад гэтым правядзем некалькі пікетаў, каб прыцягнуць людзкую ўвагу да праблемы. Спыняцца нельга, бо экалягічная сытуацыя толькі пагаршаецца. Думаю, што людзі будуць далучацца.