Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Вітаўт Мартыненка


Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка

Яму было 56 гадоў, ён адышоў пасьля шматгадовага змаганьня з цукровым дыябэтам.

Як паведаміў Свабодзе Анатоль Мяльгуй, яго сябра і калега памёр сёньня, 17 красавіка. У Вітаўта Мартыненкі засталася 25-гадовая дачка Альдона.

«Вельмі цяжка ўсьведамляць, што няма чалавека, зь якім я сябрую ўжо больш за 30 год... Найперш Вітаўта ведаюць як выдатнага музычнага крытыка, але ён таксама таленавіта журналіст і паэт, які пісаў вершы для беларускіх гуртоў. Гэта быў вельмі крэатыўны чалавек, які ставіў перад сабой вельмі розныя задачы. Напрыклад, ён адстойваў, каб у беларускай мовы адрозьнівалася напісаньне выбухнога і фрыкатыўнага „г“. А яго марай было ўвядзеньне асобных літар для абазначэньня гукаў „дж“ і „дз“. Але гэта, відаць, так і застанецца яго марай.

Сышоў сапраўдны архіварыюс беларускай незалежнай музыкі. Пасьля яго застаўся вялізны архіў артыкулаў як яго аўтарства, так і іншых музычных крытыкаў — ён усё гэта зьбіраў. Таксама ў яго грунтоўная калекцыя вінілаў. Шкада, калі гэта прападзе. Гэта ўнікальны здабытак у беларускай музычнай культуры», — сказаў Анатоль Мяльгуй.

Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасьня 1959 году ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт журналістыкі.

З 1983 да 1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактара моладзевай ґазэты «Чырвоная змена», рэдагаваў музычную рубрыку «Мелодыя» (з 1986 — «Нотны аркуш»). З 1989 да 1995 быў карэспандэнтам мюнхэнскай рэдакцыі радыё «Свабода», арґанізаваў там і праводзіў беларускі музычны гіт-парад. З 1994 да 1997 працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска».

У 1985 разам зь сябрам і музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем быў сярод стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клюбу «Няміга», які ў 1987-м стаў калектыўным сябрам каардынацыйнай рады моладзевых нефармальных суполак. У канцы 1980-х — удзельнік «Талакі», «Тутэйшых».

У 1988 стварыў у камсамольскай ґазэце «Чырвоная змена» адну зь першых груп падтрымкі БНФ.

Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму» (1989, New York, разам з А. Мяльгуем), «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск, разам з А. Мяльгуем), «Rock on-line» (2010, Менск).

Выдаў таксама ў сваёй рэдакцыі з прадмовай і камэнтарамі беларускі пераклад раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) і асобным выданьнем поўны тэкст названай прадмовы — «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG