9 красавіка Менск наведае Ганна Марыя Андэрс, упаўнаважаная па пытаньнях міжнароднага дыялёгу канцылярыі старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча.
Мэта яе візыту — абмеркаваць з прадстаўнікамі беларускіх устаноў, якія займаюцца пытаньнямі гісторыі, актывізацыю польска-беларускага гістарычнага дыялёгу. Візыт стане працягам перамоваў па гэтым пытаньні, пачатых у сакавіку ў Менску кіраўніком польскага зьнешнепалітычнага ведамства Вітольдам Вашчыкоўскім, паведамляе польская амбасада ў Менску.
Ганна Марыя Андэрс — дачка генэрала Польскай Арміі Ўладзіслава Андэрса, які ўдзельнічаў у верасьнёвай кампаніі 1939 году, а раней камандаваў Наваградзкай кавалерыйскай брыгадай і гарнізонам у Баранавічах. Пасьля ўводу савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы 17 верасьня 1939 году генэрал Андэрс быў арыштаваны, 22 месяцы прабыў у турмах НКВД у Львове і Маскве.
Статс-сакратар Ганна Марыя Андэрс ускладзе кветкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
10 красавіка яна накіруецца зь Менску ў Катынь і Смаленск, дзе маюць ушанаваць памяць ахвяр катынскага злачынства і 6-ю гадавіну авіяцыйнай катастрофы ў Смаленску, у якой загінулі прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі і каля сотні іншых вышэйшых урадоўцаў Польшчы.