5 красавіка Палата прадстаўнікоў разгледзіць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў 2016–2020 гадах.
Гэты дакумэнт яшчэ дапрацоўваецца да апошняга дня. Дэпутаты пачнуць яго абмяркоўваць не а 10-й гадзіне раніцы, як звычайна, а ў 15.00.
Напярэдадні на пасяджэньні міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы праекту праграмы намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Круты назваў 9 крыніц росту эканомікі Беларусі.
На просьбу Свабоды эканаміст Леў Марголін пракамэнтаваў пляны ўраду па кожнай зь дзевяці пазіцыяў, якія ва ўрадзе называюць «асноўнымі крыніцамі эканамічнага росту».
Першая — «Забесьпячэньне прыбытковай працы найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў пры зьмене якасьці кіраваньня іх актывамі і зьніжэньні сабекошту прадукцыі».
Камэнтар эканаміста: «Дзяржаўныя прадпрыемствы паводле азначэньня ня могуць быць лідэрамі пераўтварэньняў у эканоміцы, ня могуць быць крыніцамі павышэньня эфэктыўнасьці эканомікі. Ураду нічога не перашкаджала і раней займацца дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Але з гэтага нічога ня выйшла».
Другая — «Павышэньне плацёжнай дысцыпліны ва ўзаемаразьліках за пастаўленыя тавары, работы, паслугі».
Камэнтар эканаміста: «Калі ёсьць праблемы з плацяжамі, то гэта не ад таго, што існуюць праблемы з дысцыплінай. Праблемы з-за таго, што не хапае грошай. Адкуль яны зьявяцца, незразумела».
Трэцяя — «Разьвіцьцё добрасумленнай канкурэнцыі і пакета антыманапольных захадаў».
Камэнтар эканаміста: «Гэта было б нядрэнна. Але такое магчыма пры поўнай роўнасьці ўсіх формаў уласнасьці — дзяржаўнай, прыватнай і г.д. У тым, што роўнасьць будзе забясьпечана, я сумняваюся».
Чацьвёртая — «Разьвіцьцё і дывэрсыфікацыя экспарту».
Камэнтар эканаміста: «А хто перашкаджаў разьвіваць экспарт дагэтуль? Ужо ж спрабавалі ахапіць і блізкія краіны, і далёкія. Езьдзілі „туды, дзе нас ня ведаюць“. Вынік — аднолькавы».
Пятая — «Рацыянальнае імпартазамяшчэньне праз галіновыя і рэгіянальныя праграмы ў рамках трох груп імпартных тавараў і ўзмацненьне мэханізмаў абароны ўнутранага рынку, у тым ліку з увагай на ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных утварэньнях (ЭАЭС і патэнцыйна УГА)».
Камэнтар эканаміста: «Пра імпартазамяшчэньне ў нас ужо казалі шмат. Адзінае, што да гэтага я хачу дадаць, — што найбольш яркі прыклад імпартазамяшчэньня сьвет мае ў Паўночнай Карэі. Калі мы будзем рухацца гэтым курсам, мы маем шанцы яе абагнаць».
Шостая — «Паскоранае разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, яго ўцягваньне ў праграмы імпартазамяшчэньня, асабліва рэгіянальныя».
Камэнтар эканаміста: «Незразумела, што маецца на ўвазе пад тэрмінам „малы бізнэс“. Бо як паводзіць сябе ўрад адносна прадпрымальнікаў, мы яскрава бачылі ўвесь першы квартал. І нейкіх зьменаў тут не прадбачыцца».
Сёмая — «Прыцягненьне замежнага капіталу ў стварэньне вытворчасьцяў, асваеньне крэдытных лініяў КНР».
Камэнтар эканаміста: «Ніхто не перашкаджаў дагэтуль асвойваць крэдытныя лініі Кітая. А што тычыцца прыцягненьня замежнага капіталу, то ніякі сур’ёзны замежны капітал сюды ня прыйдзе без рэфармаваньня ня толькі эканомікі, але і палітычнай і прававой сыстэмаў».
Восьмая — «Зьніжэньне ставак па банкаўскіх крэдытах».
Камэнтар эканаміста: «Гэта правільны ход. Але пры ўмове, што ўрад здолее яго зрабіць».
Дзевятая — «Забесьпячэньне паўсюднай эканоміі і эфэктыўнага выкарыстаньня ўсіх відаў рэсурсаў».
Камэнтар эканаміста: «Гэта з сацыялістычнага мінулага — «эканоміка павінна быць эканомнай».