Экспэрты пракамэнтавалі ўказ аб удасканаленьні парадку перадачы паведамленьняў электрасувязі. Паводле афіцыйнага паведамленьня на pravo.by, ён стварае «сыстэму процідзеяньня парушэньням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі».
Некаторыя ўспрынялі гэта як магчымую забарону Skype і Viber.
Камэнтуючы ўказ, экспэрт у галіне кампутарнай бясьпекі Аляксей Чарняеў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Я там бачу забарону на спуфінг тэлефонных нумароў — ці, простымі словамі, на выкарыстаньне нумароў, не аформленых на абанэнта, які ініцыюе сувязь (напрыклад, калі вы выкарыстоўваеце Skype Out, то бок тэлефануеце са Скайпу на рэальны мабільны нумар, дык абанэнт, які прымае званок, можа бачыць ня ваш нумар). Гэта само па сабе можа прынесьці некаторыя праблемы ў жыцьцё, напрыклад, немагчымасьць у кароткатэрміновай пэрспэктыве тэлефанаваць з мэсэнджэраў на рэальныя тэлефонныя нумары ў Беларусі, а таксама праблемы з SIP-паслугамі (хаця дакладней будзе сказаць „дадатковыя праблемы“). Адсылка, СМС з сайту апэратара — магчыма і пацерпіць, хаця і наўрад ці, бо там фактычна няма падмены нумару. Дзе там адшукалася забарона Скайпу, Тэлеграма, Сыгнала, ананімайзэраў, ды ўсяго такога — я ня ведаю, я не знайшоў».
Юры Зісер: Я думаю, што гэта мера заклікана павялічыць прыбыткі «Белтэлекаму»
Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер сказаў карэспандэнту Свабоды, што тэкст паведамленьня на pravo.by вельмі агульны.
«Мне здаецца, што хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра тое, што будзе ўсталёўвацца абсталяваньне, праграмна-тэхнічныя комплексы, якія будуць выяўляць „левыя“ нумары, якія выкарыстоўваюцца для званкоў SkypeOut і Viber Out. Гаворка не ідзе пра нейкія забароны, а проста, калі нехта па скайпе ці па вайбэры тэлефануе на гарадзкія ці сотавыя нумары, то пры гэтым высьвечваецца „левы“ нумар абанэнта, як правіла, гэта лайф. Вось будуць змагацца з гэтым, выяўляць неіснуючыя нумары. Будуць, відаць, нейкія санкцыі да тых, хто рэгіструе такія нумары. Будзе абцяжарана магчымасьць такой рэгістрацыі. Я думаю, што гэта мера закліканая павялічыць прыбыткі „Белтэлекаму“. І абцяжарыць пірацкую ІР-тэлефанію».
Антон Марчанка: Мы ў чаканьні і ня можам зразумець
Антон Марчанка, заснавальнік ME100.by сказаў карэспандэнту Свабоды, што паведамленьне на pravo.by напісана так, што зразумець сутнасьць вельмі цяжка.
«Я прачытаў, але нічога не зразумеў, бо напісана такой цяжкай канцылярскай мовай, калі нашы прафэсійныя тэрміны перакладаюць на канцылярскую расейскую. Мы самі ў чаканьні і ня можам зразумець, да чаго могуць прывесьці гэтыя новаўвядзеньні. Без дадатковых тлумачэньняў, як гэта будзе выкарыстоўвацца, пакуль пра наступствы сказаць складана».