У межах ДУК «Правы сэктар» «Тур» уваходзіць у Тактычную групу «Беларусь».
Звычайна беларусы, якія ваююць на ўсходзе Ўкраіны, хаваюць свой твар. Але тыдзень таму ў суполцы ў Фэйсбуку «Згуртаваньне патрыётаў» зьявілася фота беларуса з пазыўным «Тур» з акопаў Данбасу.
У размове са Свабодай «Тур» пагадзіўся і назваць сваё сапраўднае імя — Аляксей Скобля. Яму 25 гадоў, родам зь Менску.
— Спачатку я хаваў свой твар, але мне гэта, папраўдзе кажучы, ужо надакучыла. Акрамя таго, я не зьбіраюся бліжэйшым часам вяртацца. Не зьбіраюся вяртацца, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.
— Чаму вы вырашылі паехаць ваяваць?
І для Ўкраіны, і для Беларусі Расея — гэта агульны вораг. І трэба дапамагчы ўкраінцам справіцца з агульным ворагам.
— Таму што і для Ўкраіны, і для Беларусі Расея — гэта агульны вораг. І трэба дапамагчы ўкраінцам справіцца з агульным ворагам.
— А вы да гэтага служылі ў беларускіх Узброеных сілах?
— Не, не служыў. Ніякая вайсковай падрыхтоўкі ў мяне не было.
— Да вайны вы неяк удзельнічалі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі?
— Амаль што не. Пару разоў быў на мітынгах. Але ні ў якія палітычныя ці грамадзкія арганізацыі я не ўваходзіў.
«У Тактычнай групе „Беларусь“ больш за 30 чалавек»
— Ці цяжка трапіць на Данбас, у добраахвотніцкія батальёны?
— Насамрэч гэта ня цяжка. Ты прыходзіш у мабілізацыйны цэнтар, праходзіш навучаньне, і цябе разьмяркоўваюць у батальён.
— А якія патрабаваньні да добраахвотнікаў?
— Добраахвотніцкі ўкраінскі корпус ніякіх асаблівых патрабаваньняў ня ставіць. Павінна быць 18 год чалавеку, і ён павінен быць здаровы. А так у нас былі і старыя людзі — у нас быў дзед 70 гадоў.
— Колькі беларусаў ваюе ў ДУК «Правы сэктар»?
— Я не магу сказаць дакладную лічбу, таму што гэта дапаможа нашым спэцслужбам. Але скажу, што ў нашай Тактычнай групе «Беларусь» больш за 30 чалавек на дадзены момант.
І нацыяналісты, і камуністы
— Якія палітычныя погляды пераважаюць сярод беларусаў у Тактычнай групе «Беларусь»?
— Большая частка — гэта нацыяналісты. Але ў нас ёсьць нават левыя, некалькі хлопцаў камуністаў было. То бок палітычныя погляды ні на што не ўплываюць — галоўнае, каб чалавек хацеў ваяваць супраць Расеі.
— Байцы ў ТГ «Беларусь» у асноўным беларускамоўныя?
— У асноўным так.
«Адзін з самых цяжкіх баёў — той, дзе загінуў Алесь Чаркашын»
— За той час, што вы на Данбасе, які быў найбольш сур’ёзны бой з вашым удзелам?
— Гэта бой пад Белакаменкай, калі загінулі два нашы байцы — Алесь Чаркашын і Віталь Ціліжэнка. Гэта быў адзін з самых цяжкіх баёў.
— Ці сутыкаліся вы непасрэдна з кадравымі расейскімі часьцямі?
— Так. Гэта было, калі мы былі на шахце «Бутаўка». Мы ведалі ад выведкі, што там з аднаго флянгу стаяць расейскія часьці, мы чулі з радыёперахопу, што гэта яны. Дый самі бачылі, што гэта яны працуюць — яны больш прафэсійныя і г.д.
— Ці праўда, што байцоў «Правага сэктару» сэпаратысты не бяруць у палон?
— Ну, ведаеце... Бяруць у палон, таму што ім трэба сваіх людзей з нашага палону даставаць. Бывае, што некаторых расстрэльваюць, але іншых абменьваюць.
— А як ставіцца да байцоў «Правага сэктару» мясцовае насельніцтва?
— Па-рознаму. Некаторыя баяцца, некаторыя з павагай ставяцца. Ніякіх інцыдэнтаў зь мясцовым насельніцтвам у нас не было на маёй памяці.
«Ёсьць адчуваньне, што замірэньне заканчваецца»
— Ці даводзілася вам забіваць у баі?
— Разумееце, асаблівасьць сучаснай вайны, вайны на Данбасе, у тым, што гэта далёка не заўсёды бліжні бой. Звычайна гэта баі на вялікіх адлегласьцях, таму там не заўсёды зразумела, загінуў чалавек ці жывы застаўся. Напрыклад, бой на адлегласьці 500 мэтраў: ты ня бачыш, што там з чалавекам. Ты бачыш, што ён там упаў. А ён упаў таму, што па ім стралялі і ён проста лёг на зямлю, ці таму, што яго забілі — незразумела. Таму адказаць на гэтае пытаньне цяжка...
— На што вы жывяце?
— Ніякай матэрыяльнай падтрымкі ні ад дзяржавы, ні ад «Правага сэктару» мы не атрымліваем. Дапамагаюць валянтэры.
— Што цяпер адбываецца на фронце? Ці ёсьць замірэньне?
— Ёсьць адчуваньне, што замірэньне заканчваецца. Цяпер пачынаюць выкарыстоўваць усё больш цяжкае ўзбраеньне, часам нават «Грады» пачынаюць выкарыстоўваць.
— Сэпаратысты могуць пайсьці ў наступ?
— Такая імавернасьць ёсьць.
«Людзі зь Беларусі прыяжджаюць да нас на трэніроўкі»
— Што павінна здарыцца, каб вайна на Данбасе скончылася?
— Поўная перамога. Калі ня будзе перамогі, то гэта заўсёды будзе такі палаючы кацёл, які некалі выбухне ўсё ж такі. А галоўнае, каб адбылася гэтая перамога, трэба, каб Расея ці распалася, ці ўрэшце хаця б супакоілася ў сваіх імпэрскіх амбіцыях.
— А ці бачыце пагрозу расейскай агрэсіі ў Беларусі?
— Так, канечне, бачу. Таму мы рыхтуемся да гэтага. Некаторыя людзі зь Беларусі прыяжджаюць да нас на трэніроўкі. То бок рыхтуем людзей, самі рыхтуемся, вучымся, пераймаем досьвед.
— А як вы ацэньваеце палітыку Аляксандра Лукашэнкі адносна вайны на Данбасе?
— Лукашэнка даволі хітры чалавек, таму ён стараецца займаць нэўтральную пазыцыю. Насамрэч, беларускія заводы рамантуюць тэхніку для Ўкраіны, пастаўляюць абсталяваньне ўкраінскаму войску. Ён цяпер проста робіць бізнэс на гэтым.
— Як вы лічыце, Беларусі цяпер патрэбны Майдан?
— Менавіта цяпер Майдан, магчыма, і не патрэбны. Трэба ўсё ж, каб спачатку трохі аслабла Расея. Бо калі цяпер зьнікне Лукашэнка, то Расея, выкарыстоўваючы анархію, якая здарыцца пасьля гэтага, можа захапіць уладу ў Беларусі канчаткова.
— А ці ёсьць наагул сёньня сярод беларусаў сапраўдныя нацыянальныя лідэры, якія здольныя павесьці за сабой людзей?
— Цяжкае пытаньне. Пакуль што такіх людзей, пра каго я б сказаў, што вось ён лідэр і за ім я гатовы ісьці, я ня бачу. Ня бачу ні ў Беларусі, ні за мяжой... Ну хіба што толькі Мікола Статкевіч — магчыма, ён як кадравы вайсковец на гэтым этапе магчымай ваеннай агрэсіі з боку Расеі можа быць карысны.