Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Надзеі Саўчанкі: «Усё ўпіраецца ў аднаго адзінага чалавека — Пуціна»


Ва ўсім сьвеце гучаць заклікі да Масквы вызваліць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, якая 3 сакавіка абвясьціла сухую галадоўку пасьля таго, як судзьдзя пазбавіў яе права на апошняе слова. Жыцьцё Саўчанкі знаходзіцца пад рэальнай пагрозай.

Расейская служба «Голасу Амэрыкі» папрасіла растлумачыць сытуацыю з украінскай ваеннаслужачай яе адваката Марка Фейгіна.

— Марк, як вы ацэньваеце стан здароўя Надзеі?

Марк Фейгін
Марк Фейгін

— Я бачыўся зь ёй у пятніцу, 4 сакавіка. Улічваючы сухую галадоўку, трэба разумець, што стан чалавека рэзка зьмяняецца кожную гадзіну. Але яшчэ ўчора пасьля мяне і адваката Мікалая Полазава была Вера, сястра Надзеі. Стан яе быў больш-менш нармальны. Хоць ужо выяўлялася адсутнасьць вады. А вось як яна будзе адчуваць сябе заўтра-пасьлязаўтра, прадказаць немагчыма, паколькі ва ўмовах сухой галадоўкі ўсё вельмі хутка адбываецца. У любым выпадку, Надзея адмовілася спыніць галадоўку, нягледзячы на ўсе ўгаворы, і настойвае на сваім патрабаваньні — вяртаньні дадому, на радзіму.

— Ці ёсьць у вас засьцярогі, што Надзея ня зможа 9 сакавіка асабіста быць у судзе?

— Засьцярогі такія ёсьць і яны вельмі істотныя. Таму што з моманту пачатку галадоўкі пройдзе шэсьць дзён, а што самае сумнае — трапіць да яе да суду будзе немагчыма. Таму што турмы ў выходныя не працуюць, сыстэма не дапускае адвакатаў да падабаронных у сувязі з выходнымі днямі, а на панядзелак і аўторак прыпадае дзяржаўнае сьвята — 8 сакавіка. Мы зможам яе ўбачыць толькі аб 11-ай гадзіне раніцы ў Данецкім гарадзкім судзе ў сераду. Даставяць яе туды ці не? Думаю, што з улікам стану яе здароўя пасьля сухой галадоўкі наўрад ці яна зможа быць этапаваная зь СІЗА № 3 Навачаркаску ў Данецк. Гэта каля 150 кілямэтраў. Мэдыкі павінны будуць папярэдне агледзець Надзею, каб даць заключэньне, у якім стане яна знаходзіцца, ці можа ехаць у гэтым аўтазаку амаль дзьве гадзіны. Я ня ведаю, але, на мой погляд, не.

Цалкам відавочна — ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць за тое, што можа адбыцца.

З намі напярэдадні сустрэўся начальнік СІЗА і таксама прасіў нас угаварыць Саўчанку спыніць галадоўку. Ён, вядома, вельмі баіцца наступстваў. У Навачаркаскай турме ўмоваў для прымусовага кармленьня праз зонд няма. Для гэтага ім давядзецца адвозіць яе ў адну з растоўскіх бальніц. Цалкам відавочна — ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць за тое, што можа адбыцца. Я асабіста гутарыў з Надзеяй, прыводзіў аргумэнты, што галадоўка наўрад ці можа прывесьці да задавальненьня яе патрабаваньняў. Але яна стаяла на сваім, і яе ня вельмі цікавіць, у якім выглядзе яе даставяць дадому — «жывой ці мёртвай», як яна сама кажа. Натуральна, усю інфармацыю мы даведаемся толькі 9 сакавіка раніцай. Калі Саўчанку не прывязуць у суд, мы адразу паедзем да яе і будзем шукаць яе, калі яна будзе знаходзіцца ў нейкай цывільнай мэдыцынскай установе Растова або Навачаркаска.

— Ці існуе рэальная пагроза жыцьцю вашай падабароннай?

— Я ня мэдык і магу разважаць на гэтую тэму толькі як абывацель. Без вады, як вядома, чалавечы арганізм існаваць, у прынцыпе, ня можа. Дзень-два максымум, потым надыходзіць абязводжваньне, і рост таксынаў у арганізьме прыводзіць да незваротных наступстваў. Тым больш, Саўчанка і да гэтага галадала, ужываючы толькі вадкае дзіцячае харчаваньне. Цьвёрдую ежу яна ня есьць ужо вельмі даўно. Прычым, яе здымаюць на камэру 24 гадзіны ў суткі, і калі б нешта было ня так, то, вядома, даўно б ужо пайшоў прапагандысцкі шум і гам. Калі б Саўчанка піла ваду, як сьцьвярджаюць некаторыя «добразычліўцы», то ўсім даўно ўжо стала б пра гэта вядома. Паказалі б на ўвесь сьвет кадры, як гэта бывала ўжо ня раз з палітычнымі зьняволенымі, калі трэба было іх дыскрэдытаваць. За Саўчанкай пастаянна сочаць і заўсёды ведаюць, чым яна займаецца. Нават калі мы ў сьледчым кабінэце, за шклом кабінэту стаіць канваір з уключанай камэрай-рэгістратарам на шыі. Усё фіксуецца. Так што гаворка, на жаль, пра тое, што гэтая галадоўка не сумяшчальная з жыцьцём. Таму што да сёмага дня ў чалавека, напрыклад, можа «адваліцца» нырка ці здарыцца яшчэ нешта непрыемнае. З майго пункту гледжаньня, чыста абыватальскага, больш чатырох-пяці дзён чалавек ня можа вытрымаць.

— Чым, на ваш погляд, выкліканы нечаканы перанос суду?

Ня суд вырашае, калі і які вырак вынесуць. Вырашаюць гэта ў Крамлі. Магчыма, нешта наверсе пстрыкнула, і там далі па тармазах, вырашылі вычакаць яшчэ тыдзень.

— Тут ёсьць некалькі кансьпіралягічных тэорыяў. І парадокс заключаецца ў тым, што яны цалкам рэальныя. Мяркуйце самі, сканчалася пасяджэньне, да заканчэньня працоўнага дня суда заставалася яшчэ дзьве зь лішнім гадзіны. Мы як адвакаты выступілі ў спрэчках. На апошняе слова Саўчанкі патрабавалася ўсяго некалькі хвілінаў. Тым больш, яе прамова была напісаная на паперы, на двух старонках фармату А4. Справа ў тым, што адразу пасьля апошняга слова суд абавязаны выйсьці ў дарадчы пакой для вынясеньня прысуду або вызначэньня даты, калі прысуд будзе абвешчаны. Адна з вэрсіяў палягае ў тым, што ў тэксьце нашай падабароннай утрымліваліся досыць рэзкія словы на адрас Пуціна, і, магчыма, суд атрымаў указаньне не даваць публічна, пры вялікай колькасьці прэсы, агучыць крытыку. Другая вэрсія, якая мне падаецца больш рэальнай, палягае ў тым, што суд усё ж такі ня быў гатовы назваць гэтую дату менавіта ў той дзень, таму што пытаньне выявілася ня вырашаным прынцыпова. Ня суд вырашае, калі і які вырак вынесуць. Вырашаюць гэта ў Крамлі. Магчыма, нешта наверсе пстрыкнула, і там далі па тармазах, вырашылі вычакаць яшчэ тыдзень. Чаму? Магчыма, гэта зьвязана зь перамовамі ў нармандзкім фармаце. У канчатковым выніку ўсё ўпіраецца ў аднаго адзінага чалавека — прэзыдэнта Пуціна, які, верагодна, сам яшчэ не прыняў рашэньня. Усе ведаюць, што ён прымае шматлікія важныя рашэньні ў апошнюю хвіліну.

Таму судзьдзі, не атрымаўшы ўказаньні па тэрмінах і сутнасьці прысуду, вырашылі ўзяць паўзу яшчэ на тыдзень.

— Чаму вы, калі верыць СМІ, вырашылі не абскарджваць рашэньне суду пры любым варыянце?

Я прыхільнік абскарджаньня прысуду, тым больш, што бяз гэтага нельга зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.

— О, што вы, гэта ня я вырашыў. Я якраз гарачы прыхільнік абскарджаньня прысуду ў апэляцыйных інстанцыях. Гэта рашэньне Надзеі Саўчанкі. Як мне ўяўляецца, Надзея Віктараўна трохі памыляецца тут, але гэта яе памылка. Яна лічыць, што чым хутчэй пройдуць усе працэдуры, тым хутчэй яна апынецца на радзіме. Я так не лічу. Я прыхільнік абскарджаньня прысуду, тым больш, што бяз гэтага нельга зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. Пасьля абвяшчэньня прысуду праходзіць дзесяць дзён, і ён уступае ў законную сілу. Роўна з гэтага моманту ўкраінская юстыцыя мае права падаць запыт на выдачу Саўчанкі для адбыцьця пакараньня дома, на радзіме. І Надзея Віктараўна шчыра мяркуе, што ўсё адбудзецца значна хутчэй, калі не падаваць скаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG