Традыцыйнае сьвята Казюкі ў Вільні сабрала музыкаў і рамесьнікаў, хлебапёкаў і рыбакоў, старых і маладых. Але гандляры наракаюць: натоўпы вялікія, а прыбытку мала. Кажуць, гэтай вясной ў Вільні і мясцовыя, і турысты лічаць кожны эўрацэнт.
Пад кірмаш аддадзены ўвесь цэнтар Старога горада і праспэкт Гэдыміна — ажно да будынку Сэйма. Вырабы і прысмакі — з усіх рэгіёнаў Літвы, а таксама з Латвіі, Польшчы, Беларусі, Украіны.
Украінскія майстрыхі правезьлі вышыванкі, адзеньне з бавоўны, ільну ды воўны. Спадарыня Валянціна з-пад Ужгарада скардзіцца, што летась ня спраўдзіліся яе намаганьні раскласьці тавар у «Горадзе майстроў» у Віцебску на Славянскім базары. Кажа: украінцы за мяжу выпусьцілі, а беларускія мытнікі вялікую мыту запатрабавалі за вязанкі-вышыванкі. Так у Віцебск і не патрапіла. У Вільні вышыванкі разглядваюць і раз-пораз купляюць.
Вырабы зь беларускай сымболікай прапануе «KRYVIJA» —Таварыства беларусаў Літвы. Мясцовае тэлебачаньне распавядала пра беларускіх пекараў і смачныя булкі, але мы не знайшлі — відаць, дужа смачныя былі, і да нядзелі ўсё з’елі. Прынамсі, сёлета беларускіх павільёнаў на Казюкасе зусім небагата. А вось беларускіх турыстаў — процьма.
Казюкі — традыцыйны вясновы кірмаш, які праходзіць у Вільні з пачатку ХVII стагодзьдзя. Кірмаш ладзіцца ў памяць сьвятога Казіміра, літоўскага княжыча і польскага каралевіча, унука Ягайлы. Памёр ён 4 сакавіка 1602 года ў Горадні ва ўзросце 25 гадоў ад сухотаў. Сьвяты Казімір лічыцца заступнікам Літвы.