Сёлета прэмія мелася б уручацца ўжо пяты раз. Але заснавальнік прэміі, былы амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка зьехаў зь Беларусі. Дагэтуль не апублікаваны сьпіс твораў, пададзеных на прэмію — так званы лонг-ліст, ня вызначаны і склад журы. Беларуская інтэлігенцыя занепакоілася: ці застанецца наагул прэмія Гедройця?
Шарэпка зьехаў, прэмія засталася
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця была заснаваная цяпер ужо былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешакам Шарэпкам пры фінансавай падтрымцы «Ідэя-банку» і Калегіюму Ўсходняй Эўропы ва Ўроцлаве. Дарэчы, Лешак Шарэпка — бадай, адзіны дыплямат, які напісаў дзіцячую кніжку, якую апублікавалі па-беларуску — «Прыгоды коціка-Грукоціка». Але ў жніўні 2015 году кадэнцыя спадара Шарэпкі скончылася, і ён пакінуў Беларусь.
Першы дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі запэўніў Радыё Свабода, што справа Лешака Шарэпкі будзе працягвацца:
«Пакуль няма новага амбасадара, але мы чакаем, што цягам некалькіх тыдняў ён прыедзе. Мы працуем разам зь беларускім ПЭН-цэнтрам. Хто будзе ў журы, мы не вырашаем, гэта справа ПЭН-цэнтру. Мы толькі ствараем умовы, арганізоўваем і фінансуем тэхнічны бок, ладзім урачыстую цырымонію. А ўсім астатнім — зборам заявак, вызначэньнем ляўрэатаў, мастацкім бокам — займаецца ПЭН-клюб».
Не ПЭНам адзіным
Паўстае пытаньне: чаму ў зьвязку з прэміяй прыгадваюць толькі ПЭН-цэнтар? Ад розных аўтарытэтных асобаў, якія ў той ці іншай ступені мелі дачыненьне да прэміі Гедройця, цікавіліся ёй, я чула, што ПЭН-цэнтар, так бы мовіць, «прыватызаваў» прэмію Гедройця. Паводле ўмоваў, апублікаваных на афіцыйным сайце прэміі, «арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску.
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч запэўніў Свабоду, што тэрміны крыху пасунуліся, але прэмія абавязкова будзе. Аднак канкрэтнага адказу, хто сёлета будзе ў журы, так і ня даў:
«Я сёе-тое ведаю, як абывацель, як чалавек, блізкі да колаў кіраўніцтва ПЭНу, але ня ўпэўнены, што магу гэта ўсё камэнтаваць. Генэральная інфармацыя: усё добра і ўсё неўзабаве будзе. Уся інфармацыя зьявіцца на наступным тыдні. Складанасьці былі, але пасьпяхова вырашаюцца. Пэўныя працоўныя моманты, на жаль, на некалькі тыдняў затрымалі ўсю гэту прэміяльную гонку. Я ведаю прыблізна імёны сябраў журы, але не адчуваю сябе кампэтэнтным даваць інфармацыю.
Я літаральна ўчора выказваў свой неспакой, зь якім і вы зьвяртаецеся да мяне, мне было клятвенна заверана, што на наступным тыдні адбудзецца паседжаньне журы — а гэта значыць, ёсьць каму засядаць. А па-другое, адразу па гэтых выніках зьявіцца поўны сьпіс намінантаў. Сёлета крышачку пазьней, чым звычайна, але прэмія будзе ўручацца абавязкова», — запэўніў Андрэй Хадановіч і параіў зьвярнуцца да выканаўчага дырэктара Беларускага ПЭН-цэнтра Паўла Анціпава.
Прэмія будзе, але пазьней
Яшчэ адзін арганізатар і сябра камітэту прэміі, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч таксама запэўніў, што прэмія будзе ўручацца, але працэс зацягнецца па часе, і што склад журы абмяркоўваўся. Але хто канкрэтна туды ўвойдзе, таксама не сказаў.
Выканаўчы дырэктар Беларускага ПЭН-цэнтру, да якога скіраваў Свабоду Андрэй Хадановіч, Павал Анціпаў таксама запэўніў, што прэмія будзе, але, хутчэй за ўсё, уручэньне будзе перанесенае на верасень. Маўляў, ПЭН-цэнтар вельмі загружаны працай, у яго шмат прэміяў: прэмія імя Цёткі, прэмія «Дэбют», «Кніга году» — ня справіліся з аб’ёмамі. Што да прэміі Гедройця, спадар Анціпаў патлумачыў:
«Паводле працэдуры, кніжкі прынятыя праз інтэрнэт. Зараз яшчэ зьбярэцца журы, і яно таксама будзе дадаваць кніжкі ў гэты сьпіс. То бок сьпіс фармуецца на першым паседжаньні журы. Паколькі паседжаньня журы яшчэ не было, таму нельга казаць, што ёсьць гэты сьпіс. Яго пакуль што няма».
Хто ў журы, пакуль сакрэт
На канкрэтнае пытаньне, ці можа спадар Анціпаў назваць хоць некаторыя кандыдатуры, хто сёлета будзе ў журы, ён адказаў, што пра гэта будзе абвешчана праз два тыдні:
«Цяпер усё на стадыі перамоваў. Папярэднія згоды ёсьць, але я не магу называць гэтых людзей, таму што гэта толькі папярэднія згоды. Цягам двух тыдняў будзе ўсё вядома. Калі было б штосьці дакладнае, я б сказаў».
Далей у размове былі загадкі, рэбусы, мэтад выключэньня... Я называла аўтарытэтных беларускіх літаратараў, сябраў журы мінулых гадоў, пераможцаў прэміі Гедройця, а спадар Анціпаў адказваў. Такім чынам, у журы прэміі Гедройца дакладна ня будзе Уладзімера Арлова, Барыса Пятровіча, Андрэя Хадановіча — яны ня могуць увайсьці паводле статуту, бо зьяўляюцца сябрамі Камітэта прэміі, які займаецца фармаваньнем журы.
Паводле Паўла Анціпава, у журы таксама ня будзе філёзафа Валянціна Акудовіча, леташняга ляўрэата прэміі Гедройця Віктара Казько. Ня будзе і леташніх прадстаўнікоў польскага боку — Адама Паморскага і Малгажаты Бухалік.
Бухалік не запрасілі
Вядомая польская перакладчыца Малгажата Бухалік, дарэчы, была ў журы тры гады запар, а летась даволі рэзка выказалася пра сам працэс вызначэньня пераможцаў.
У «Нашай Ніве» былі зьмешчаны яе некалькі артыкулаў, у тым ліку і «Пра кнігу Казько, прэмію Гедройца і літаратурны працэс». Пасьля такіх крытычных заўваг спадарыню Бухалік ў журы сёлета не запрашаюць.
А вось хто будзе з польскага боку ў журы, Павал Анціпаў не прызнаўся. Разам з тым ён паведаміў, што кандыдатура Віктара Казько абмяркоўвалася, але яго ня будзе ў журы. А вось пазамінуламу ляўрэату прэміі Ігару Бабкову прапанова паступіла. Ён гэта пацьвердзіў і вельмі станоўча ацаніў ролю прэміі Гедройця ў літаратурным працэсе Беларусі:
«Самае галоўнае, што прыўносіць прэмія, — гэта фармаваньне і публічнае абмеркаваньне літаратурнага канону, актуальнай літаратуры. І як гэта ні сьмешна гучыць, літаратары пачалі больш і цікавей пісаць. „Дзьвіжуха“ пачалася».
____________________________________________________Літаратурная прэмія Гедройця прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Намінаваньне праходзіць у тры этапы. Спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазыцый), за ім — шорт-ліст (6 пазыцый). Пераможца атрымлівае 10 тысяч эўра. Сярод узнагародаў прызэраў — магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.
Пераможцамі прэміі былі Павал Касьцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», Уладзімер Някляеў за кнігу «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», Ігар Бабкоў за «Хвілінку» і Віктар Казько за «Час зьбіраць косьці».