Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп як сымбаль пратэстнага галасаваньня


Дональд Трамп і Гілары Клінтан
Дональд Трамп і Гілары Клінтан

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.

Што кажа пра грамадзкія настроі ў ЗША фактычная перамога Дональда Трампа і Гілары Клінтан у барацьбе за права прадстаўляць свае партыі на прэзыдэнцкіх выбарах?

Цыганкоў: У ЗША прайшоў «супэраўторак» — у 11 штатах вырашаўся лёс амаль чвэрці дэлегатаў, якія будуць прымаць рашэньні на партыйных зьездах. Супэрсэнсацыяў не адбылося. Дэмакрат Гілары Клінтан і рэспубліканец Дональд Трамп умацавалі свае лідэрскія пазыцыі ў прэзыдэнцкай перадвыбарнай гонцы па выніках галасаваньня, атрымаўшы перамогу ў шэрагу ключавых штатаў і пакінуўшы сваіх супернікаў далёка ззаду.

Дональд Трамп уступіў у кампанію са жніўня, зьдзіўляў, а цяпер кагосьці і палохае, і цяпер ягоны фэномэн ня здзьмуўся (як некаторыя чакалі), а наадварот — на сёньня ён самы рэальны кандыдат ад рэспубліканцаў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

У адным тэлесюжэце пра Трампа можна было назіраць некаторых ягоных прыхільнікаў са значкамі з надпісам: Finally someone with balls («нарэшце нехта зь яйцамі»). Сярод «зашпіленых на ўсе гузікі» патэнцыйных кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі ён адразу вылучыўся як нешта незвычайнае, арыгінальнае, непаліткарэктнае. Нагадаю, адпачатку найбольш верагодным кандыдатам быў памяркоўны і кампрамісны Джэф Буш. Менавіта так яго ўспрымалі сябры партыі і нават букмэкеры. Гэта было летам, але ўсё радыкальна памянялася за некалькі месяцаў. Ніхто, напэўна, не чакаў, што з такой формай вядзеньня сваёй кампаніі, якую вядзе Трамп, можна выбіцца ў лідэры.

Гэта кажа пра тое, што ў прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША рэй вядуць «нестандартныя», нетыповыя для амэрыканскага палітычнага жыцьця кандыдаты. Трамп ніколі ня быў прафэсійным палітыкам, не выбіраўся ў кангрэс — «мінус», які сам Трамп ператварае ў свой галоўны «плюс». Выглядае, што ягоны галоўны мэсыдж — гэта пратэст супраць істэблішмэнту, які сядзіць у Вашынгтоне, і эліты ягонай жа Рэспубліканскай партыі...

Ягоны посьпех кажа пра тое, што ў Амэрыцы ёсьць запыт на так званае пратэстнае галасаваньне. Амэрыканцы ў асобе Трампа выказваюць пратэст супраць істэблішмэнту, супраць эканамічнага крызісу, наступствы якога ідуць ад 2008 году. Дагэтуль сярэдняя кляса ня мае тых даходаў, якія мела ў 2007 годзе. Недзе на 5–7 тысяч даход іх ніжэйшы, чым тады. А лёзунг Трампа «Make America great again» паказвае, што ёсьць незадавальненьне і зьнешняй палітыкай, міжнародным станам. Многія лічаць, што за час кіраваньня Абамы Амэрыка страціла свае пазыцыі ў сьвеце.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Сочачы за праймэрыз, я ўвесь час думаў, што зьявіцца нехта, хто заменіць Маккейна, было спадзяваньне на моцную руку, на дэмакратычнага чалавека, які зможа спыніць агрэсіўную палітыку той жа Расеі, тое, што больш нас тычыцца. З расчараваньнем я бачу, што, на жаль, Дональд Трамп становіцца галоўным прэтэндэнтам сярод рэспубліканцаў. Спадзяваньне, што зьявіцца памяркоўны рэспубліканец, які здолее перамагчы Гілары Клінтан, усё меншыя.

Больш за ўсё засмучае тое, што Трамп — вялікі папуліст. Хутчэй за ўсё, ягоны папулізм абмяжуецца пераменамі ва ўнутраных адносінах, а ў міжнародных застанецца тое, што і было. На жаль, палітыка, якую ЗША праводзілі цягам васьмі гадоў, мяне расчаравала. Падзеі ў Сырыі мне падаюцца вынікам недальнабачнай палітыкі цяперашняга прэзыдэнта ЗША. На дэмакратах ляжыць пэўная адказнасьць за сытуацыю ва Ўкраіне, за тое, што Эўропа стала зусім бездапаможнай у змаганьні за свае маральныя каштоўнасьці.

Зьяўленьне і Трампа, і Клінтан на гэтай пасадзе нічога ня зьменіць. Яна будзе праводзіць тое самае, што і Абама — яна была 4 гады дзяржсакратаром.

Цыганкоў: Нічога пакуль невядома пра замежнапалітычныя погляды Трампа, у гэтым сэнсе ён tabula rasa. Мы ня ведаем, як ён будзе сябе паводзіць: раптам ён стане самым зацятым змагаром з Расеяй — або нават больш мяккім, чым былі дэмакраты?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Пераможцы заўсёды выклікаюць замілаваньне, але ў дадзеным выпадку шмат у каго выклікае замілаваньне тое, што новыя сацыяльныя групы падымаюцца. Простыя людзі кажуць: наш Дональд прыйдзе ў Вашынгтон і ўсім пакажа. Што такое дэмакратыя, як ня гэта? Але за такім трыюмфальным шэсьцем сапраўды ёсьць небясьпекі, якія мы, беларусы, выдатна памятаем па 94-м годзе, і адзін з элемэнтаў гэтага тое, што кандыдат — кот у мяху.

У дэмакратычнай партыі існуе больш-менш ідэалягічны падзел — Сандэрс левы, Гілары больш правая. А што тут? Пазыцыя такая: «я ня зь левымі, я ня з правымі, я з народам!» — як у Лукашэнкі. Як вы запусьціце заводы? — я ведаю як! Я ведаю, як зрабіць Амэрыку вялікай, але гэта мой сакрэт. У іншых кандыдатаў сяк-так ёсьць стаўленьне паводле пазыцыяў па Украіне, што там трэба рабіць. У Трампа няма — ён спакойна бяз гэтага едзе, кажа, украінцы — клясныя хлопцы, а Ўлад Пуцін таксама някепскі мужык! І народ гэта падтрымлівае, галасуе.

У гэтым патоку сьвядомасьці даволі небясьпечная была рэмарка, калі Трамп казаў: вось тут New York Times піша нейкую лухту, Washington Post — нічога, я прыйду да ўлады, я прыму такі закон аб паклёпе, што яны ўсе яшчэ кракнуць. Свабода слова — гэта базавая каштоўнасьць, і калі яна так лёгка праскоквае праз коску, і людзі гэта нармальна ўспрымаюць, можна толькі скарыстацца беларускім досьведам і сказаць, што кожная нацыя мае права на памылку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG