Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебску бароняць парк ад будоўлі копіі полацкага Сафійскага сабора


Выгляд будучага сабора паводле праекту
Выгляд будучага сабора паводле праекту

На сайце change.org зьявілася пэтыцыя — зварот да мітрапаліта Паўла, каб той спыніў ініцыятыву ўзьвядзеньня храма-навабуда, дзеля якога аўтары праекту заплянавалі зьнішчыць частку парку на беразе Дзьвіны.

Афіцыйна гэтае месца называецца паркам Партызанскай славы. Тут і музэй Міная Шмырова — легендарнага партызанскага камандзіра па мянушцы «Бацька Мінай».

Менавіта да славы партызанскага мінулага Беларусі апэлюе складальнік пэтыцыі Яраслаў Вайновіч. Ён піша, што «пад пагрозу зьнішчэньня пастаўлены адзін з самых утульных куткоў старажытнага горада», бо «для падрыхтоўкі пляцоўкі пад будаўніцтва будуць зьнішчаны 206 дрэваў — больш за 25% парку, і гэта нанясе шкоду як асобнаму парку, так і азеляненьню Віцебску ў цэлым».

Складальнік пэтыцыі лічыць, што зьнішчэньне парку партызанскай славы — гэта блюзьнерства, таму што «беларускі народ панёс у час Вялікай Айчыннай вайны страшныя страты, загінуў кожны чацьвёрты жыхар краіны, а ў Віцебскай вобласьці — кожны трэці».

Сабор хочуць збудаваць тут
Сабор хочуць збудаваць тут

Зьвяртаючыся да мітрапаліта Паўла, спадар Вайновіч піша:

«Магчыма, Вы, Ваша Высокапраасьвяшчэнства, пакуль яшчэ не пасьпелі глыбока азнаёміцца з гісторыяй Беларусі і роляй партызанскага руху ў вызваленьні нашай краіны ад нацысцкіх захопнікаў».

Складальнік пэтыцыі заўважае, што ў партызанах былі прадстаўнікі духавенства і што «лес заўжды быў для беларуса ўкрыцьцём ад прыгнятальнікаў, а дрэвы былі яму сховам. Нездарма ў папулярнай песьні на верш Адама Русака пяецца: «Ой, бярозы ды сосны — партызанскія сёстры...».

Згадвае аўтар пэтыцыі і пра мэтады барацьбы з партызанамі ў часы мінулай вайны, калі высякаліся лясы ўздоўж дарог і чыгункі, каб партызанскія атрады не маглі рабіць дывэрсіі, калі «масавымі высечкамі вакол вёсак фашысты стваралі прасьцягі, не прыкрытыя лесам і кустоўем, што ўскладняла патаемны падыход партызанаў» да паселішчаў.

Дык няўжо ж у мірны час мы самі будзем рабіць гэтаксама, як варожыя карнікі ў час вайны, і зьнішчаць дрэвы, пасаджаныя нашымі дзядамі ў памяць гераічнага подзьвігу беларускага народа?

«Дык няўжо ж у мірны час мы самі будзем рабіць гэтаксама, як варожыя карнікі ў час вайны, і зьнішчаць дрэвы, пасаджаныя нашымі дзядамі ў памяць гераічнага подзьвігу беларускага народа? Ці варта дзеля стварэньня храма рукатворнага разбураць храм нерукатворны, створаны адно толькі воляй Божай?» — пытаецца Яраслаў Вайновіч.

Напрыканцы аўтар ад імя жыхароў Віцебску просіць мітрапаліта Паўла перанесьці будоўлю храма на больш адпаведнае месца.

Жыхары Віцебску сапраўды вельмі неадназначна ставяцца да пабудовы Сафійскага сабора, які плянуюць збудаваць на ўзор полацкай Сафіі ХІ стагодзьдзя.

Сьвятар Міхаіл Марціновіч дэманструе праект, архіўнае фота
Сьвятар Міхаіл Марціновіч дэманструе праект, архіўнае фота

«Сабор будзе ўзьведзены, у сваю чаргу, на ўзор Сафіі Канстантынопальскай, якая мае аналягі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Полацкая Сафія — яскравы сымбаль адзінства ўсходніх славянаў у Хрысьце, а таксама духоўнай пераемнасьці паміж Бізантыяй і Русьсю. Ва ўніяцкую эпоху Полацкі Сафійскі сабор быў радыкальна перабудаваны, і сёньняшні ягоны выгляд мае надзвычай мала агульнага зь першапачатковым. Уяўляецца магчымым узнавіць аблічча Полацкай Сафіі ХІ стагодзьдзя ў Віцебску», — напісана ў журнале пасяджэньня Сыноду БПЦ ад 5 ліпеня 2013 году.

Значная частка віцяблян ня згодная з гэтай ідэяй. Некаторыя лічаць, што будаўніцтва храма-навабуда — гэта марнаваньне грошай, тым часам як у Беларусі ёсьць багата гістарычных храмаў, сапраўдных помнікаў мінуўшчыны, якія разбураюцца. Частка гараджан ня супраць будоўлі, абы ў іншым месцы. Да прыкладу, у новых мікрараёнах, дзе праваслаўных цэркваў няма ўвогуле, а не ў гістарычным цэнтры, дзе храмы й так стаяць за некалькі соцень мэтраў адзін ад аднаго.

Дрэвы, якія маюць высечы, і гістарычная забудова вул.Урыцкага
Дрэвы, якія маюць высечы, і гістарычная забудова вул.Урыцкага

Вельмі шмат незадавальненьня выклікала і неабходнасьць высечы частку парку пад будоўлю. 18 студзеня ў Кастрычніцкай раённай адміністрацыі Віцебску прайшло грамадзкае абмеркаваньне справаздачы пра ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будоўлі Сафійскага сабора. Замоўнік праекту — абшчына «Прыход Сафійскага сабора г. Віцебску Віцебскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай царквы» і протаярэй Міхаіл Марціновіч, будучы настаяцель храма, так і не змаглі адказаць прысутным, ці будзе ўвасоблены ў жыцьцё гэты праект увогуле. Справа ў тым, што будаваць Сафійскі сабор маюць на грошы ахвярадаўцаў, сярод якіх галоўны фундатар — гэта расейскі «Газпрам» і яго кіраўнік Аляксей Мілер. Ён асабіста падабраў месца ў парку на беразе Дзьвіны і стаў ганаровым старшынём рады папячыцеляў храма.

Віцябляне занепакоеныя: ці ня станецца так, што частку парку зьнішчаць, а расейскі фундатар у цяперашніх няпростых эканамічных умовах адмовіцца ад ідэі будоўлі? Зьнішчэньне парку шмат хто з гараджан увогуле лічыць барбарствам, пра што і пішуць у камэнтарах да пэтыцыі. За першыя суткі пэтыцыю падпісалі больш за 60 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG