25 лютага ў Грузіі адзначылі 95 гадоў з Дня савецкай акупацыі — на будынку парлямэнту і іншых дзяржаўных установаў і ведамстваў па ўсёй тэрыторыі краіны прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі. Прэзыдэнт, прэм’ер, сябры Кабінэту міністраў і іншыя палітыкі ўсклалі вянкі да мэмарыялу юнкерам, якія загінулі ў гэты дзень у 1921 годзе ў баях з Чырвонай Арміяй на подступах да Тбілісі.
«Сёньня Дзень савецкай акупацыі. Гэта дзень, калі нашы вайсковыя злучэньні, народная гвардыя і добраахвотнікі праявілі самаадданы гераізм у загадзя прадвызначанай сутычцы. Нягледзячы на тое, што бітва скончылася паразай, у канчатковым выніку вайна за захаваньне сувэрэнітэту Грузіі выйграная. Сёньня тое, што над гэтым будынкам разьвіваецца дзяржаўны сьцяг Грузіі, тое, што сёньня мы можам прымаць сувэрэнныя рашэньні, у тым ліку аб заходнім курсе Грузіі, — заслуга гэтых людзей і яшчэ многіх герояў, якія аддалі свае жыцьці за незалежнасьць нашай краіны», — заявіў прэм’ер-міністар Грузіі Георгі Квірыкашвілі на пасяджэньні ўраду 25 лютага.
Згодна з рашэньнем грузінскага парлямэнту ад 21 ліпеня 2010 году, 25 лютага абвешчаны ў Грузіі Днём савецкай акупацыі, у гонар памяці людзей, якія «былі забітыя акупацыйным камуністычным рэжымам па палітычных матывах».