Гімназія № 4 у менскім мікрараёне Кунцаўшчына сустракае стэндам зь пералікам акцыяў у межах карпаратыўнага «Тыдня роднай беларускай мовы». У немалой ступені такі фармат рэалізаваўся дзякуючы высілкам мэтанакіраванага рупліўца роднай мовы, скульптара Гэніка Лойкі, які не адзін год трымае асабісты кантроль над установай, дзе вучыліся і вучацца ягоныя дзеці.
Сам Лойка лічыць беларускую гімназію недастаткова беларускай. Тры гады таму гэта вылілася ў акцыю пратэсту ля школьнага ганку з наступнай пяцісуткавай адседкай. Чарговая «кляўза» на імя дырэктара Юрыя Бандарэнкі пачынаецца зь віншаваньня, прымеркаванага да дня роднай мовы, але затым пераходзіць зь лірыкі на факты:
«Міжнародная супольнасьць вызначыла дату 21 лютага, бо менавіта ў гэты дзень былі забітыя студэнты, якія паўсталі на абарону роднай мовы ад засільля чужой. Людзі загінулі дзеля таго, каб уратаваць родную мову, якая памірала, зьнікала, зьнішчалася, выцясьнялася з ужытку чужой мовай-агрэсарам. Тое ж адбываецца сёньня ў Беларусі — ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця запанавала чужая расейская мова. Нават у самых раней беларускамоўных галінах: фальклёры, народных рамёствах. Ужо ўрокі беларускай мовы і літаратуры дзе-нідзе вядуцца па-расейску! Гімназія № 4 вылучылася пасярод іншых школ краіны тым, што некалькі гадоў запар падчас сьвята роднай мовы адзначаўся тыдзень чужой расейскай мовы, мовы-акупанта, мовы, якая, прыдбаўшы сабе статус дзяржаўнай, зьнішчае, выцясьняе, забівае сваю родную. З часам паспрабавалі прыкрыць гэтую дзейнасьць „фігавым лістком“ — пераназвалі дэкадай славянскай пісьменнасьці. Але сутнасьць засталася».
Гэнік Лойка спадзяваўся, што летась пераканаў адміністрацыю гімназіі: нельга выпустошваць сьвята роднай мовы хай сабе і блізкімі па духу славянскімі, але ўсё роўна чужымі мовамі. Якое ж было зьдзіўленьне, калі даведаўся, што сёлета ў школе зноў рыхтуецца дэкада славянскіх моваў.
Юры Бандарэнка адмовіўся ад гутаркі, спаслаўшыся на зьнясіленасьць падрыхтоўкай да 25-годзьдзя гімназіі. Толькі дадаў, што дае «інтэрвію» Лойку фактычна празь дзень. Але параіў паразмаўляць з маладой і энэргічнай намесьніцай па вучэбнай працы Вольгай Лук’янчук, якая «прыстаўленая» да моўнага хадака. Вольга Эдмундаўна прызнала, што візыты спадара Лойкі прынесьлі пэўны плён:
«У гадавым пляне, які прымаецца на пэдагагічнай радзе і зацьвярджаецца дырэктарам, сапраўды было заплянаванае правядзеньне дэкады славянскай пісьменнасьці. У нас настаўнікаў беларускай і расейскай моваў ня так шмат, і, зразумела, на іх узвальваецца вельмі вялікі аб’ём мерапрыемстваў. Таму яны аб’ядноўваліся. Лягічна, што сама дэкада выпадала на другі-трэці тыдзень месяца, бо 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Генадзь Станіслававіч сам зьвярнуўся да нас з ініцыятывай, каб усё ж „разьяднаць“ настаўнікаў расейскай і беларускай моваў. Наш дырэктар сказаў, што тут няма ніякіх пытаньняў, асабліва калі гэта ідзе ад бацькоўскай грамадзкасьці. І даў дазвол на тое, каб праводзіць тыдзень выключна беларускай мовы і літаратуры. Тыдні два таму ён прыходзіў, і мы дамовіліся, што больш мілагучна будзе, калі назваць „Тыдзень роднай беларускай мовы“. А ўжо тыдзень расейскай мовы і літаратуры наладзім пазьней у сакавіку і прысьвецім яго якому-небудзь расейскаму пісьменьніку».
Спадар Лойка ўсьцешаны «разьяднаньнем» славянскіх моваў на карысьць беларускай. Але выказвае спадзяваньне, што тыдзень роднай мовы на наступны год перацячэ ў месячнік, а далей — у круглы год. Пакуль жа школа асаблівага імпэту не выяўляе: у пачатковых клясах на родную мову сёлета выдзелены толькі адзін дзень.
Цікаўлюся ў Вольгі Лук’янчык: у чым мэтазгоднасьць тыдня расейскай мовы, якой вакол нас і так больш чым дастаткова?
«На працягу ўсяго навучальнага году ў нас праходзяць прадметныя тыдні ўсіх мэтадычных аб’яднаньняў. Скажам, мы маем мэтадычнае аб’яднаньне гістарычна-прыродазнаўчых дысцыплінаў, таму гісторыкі аб’ядноўваюцца з хімікамі, географамі, мерапрыемствы праходзяць сумесна. А расейскую мову няма зь якой аб’ядноўваць, таму і ладзіцца ў такім фармаце. Асобна адбываецца тыдзень замежных моваў, асобна — тыдзень матэматыкі, фізыкі, інфарматыкі. Але я дакладна ведаю, што на працягу прынамсі пяці апошніх гадоў сьвята дня роднай мовы суправаджалася імпрэзамі з удзелам беларускіх пісьменьнікаў. Звычайна напачатку праходзіць акцыя, калі кожнаму вучню ўручаецца значок ці эмблема сьвята з дэвізам „Размаўляй са мной па-беларуску“ — каб яшчэ раз нагадаць дзецям пра тое, што мы — адзін са сродкаў жыцьця беларускай мовы, што калі мы будзем размаўляць, то і наша мова будзе жыць. Магу запэўніць, што ніякага русізму ў гэты дзень ніколі ў нас тут не было».
Тым часам Гэнік Лойка зьвяртаецца да школьнага кіраўніцтва з просьбай выкрасьліць з «рэпэртуару» сьвята роднай мовы акцыю «Размаўляй са мной па-беларуску», якую лічыць «ганебнай». На яго перакананьне, у беларускамоўнай школе павінны 365 дзён на год размаўляць па-беларуску, а ня толькі падчас кароткатэрміновай акцыі.
«Вось калі пасьля 1 сакавіка распачнецца тыдзень расейскай мовы і літаратуры, тады трэба праводзіць акцыю „Размаўляй са мной па-расейску“. Адпаведна, і цягам тыдня ангельскай мовы. Трэба ж паважаць чужыя мовы», — кажа спадар Лойка.
Дык ці адпавядае гімназія № 4 статусу беларускамоўнага «інкубатара»? Ці дастаткова беларускасьці пад дахам навучальнай установы зь ліку тых, якія ў Беларусі самы час заносіць у «Чырвоную кнігу»? Вольга Лук’янчук прызнае, што працаваць ёсьць над чым, але місія гімназіі нязьменная:
«Ці хапае беларускасьці ў гімназіі? Нельга сказаць, што мы дасягнулі мэты і тут створана абсалютна беларускамоўнае асяродзьдзе. Але зразумейце сытуацыю, якая склалася ў нашай краіне. На жаль, ня так шмат засталося людзей, якія ад нараджэньня выхоўваюць сваіх дзетак толькі на беларускай мове. Гэта, напэўна, найперш тая карэнная інтэлігенцыя, звычкі і традыцыі ў асяродзьдзі якой перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Таму гэта ня столькі пытаньне гімназіі, колькі ўсяго грамадзтва. Але скажу пра сябе: я і адміністратар досыць малады, і маладая мама. Калі пасьля дэкрэтнага адпачынку трапіла сюды, чацьвёрты месяц запар прыходжу дадому — і як думаеце, зь якіх слоў пачынаю гаворку зь дзецьмі-блізьняткамі, якім па тры гады? Як справы, ці ўсё добра? Я да таго, што тая атмасфэра і беларуская мова, якая існуе ў гімназіі, „захліствае“, прымушае быць у беларускім кантэксьце».
Намесьніца дырэктара дадае, што моўную праблему нашмат лягчэй будзе вырашыць, калі да справы далучацца і іншыя зацікаўленыя асобы, а ня толькі Гэнік Лойка. Дзеля гэтага адміністрацыя ініцыюе круглыя сталы з удзелам бацькоў, выкладчыкаў і запрошаных адмыслоўцаў:
«Далёка ня ўсе бацькі, якія прыводзяць сюды дзетак, беларускамоўныя. Але гэта папраўна. Мы ладзілі сэмінар на тэму фармаваньня этнакультурнай кампэтэнтнасьці — у пэўным сэнсе падводзілі вынік 25-гадовай дзейнасьці гімназіі. Я запрашала бацькоў навучэнцаў, настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы, літаратуры, былі прадстаўнікі пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Спрабавалі намацаць агульныя кропкі, і збольшага гэта атрымалася. У нас, напрыклад, навучаюцца дочкі старэйшага выкладчыка лябараторыі БДУ Віталя Сідаровіча — Дамініка і Сабіна. У 8-й клясе вучыцца дачка супрацоўніцы Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Юліі Латушковай. Дык вось узнаўлю словы спадара Віталя: магчыма, ня кожны бацька, ня кожная маці, якія прыводзяць штораніцы сюды дзяцей, разумеюць, што тут дапамагаюць фармаваць беларускую эліту. Ён падкрэсьліў, што сёньня нельга выхаваць сапраўдных грамадзянаў Беларусі, калі выхоўваць не на беларускай мове, без далучэньня да роднай мовы, без далучэньня да традыцыяў, абрадаў, без вывучэньня гісторыі краіны на мове гэтай краіны. Гэта ўжо як гісторык кажу».
У сваю чаргу, Гэнік Лойка наракае, што так і не ўдалося рэалізаваць ідэю, якую ён прапанаваў да сьвята роднай мовы — наладзіць выставу адной скульптуры «Тры ганцы» па матывах паэмы Янкі Купалы «На Куцьцю». Дарэчы, некалькі гадоў таму спадар Лойка падарыў гімназіі бюст Уладзімера Караткевіча, які ўпрыгожвае школьны музэй.
Суразмоўца кажа, што напачатку тэма зацікавіла кіраўніцтва, але падрыхтоўка да юбілею гімназіі прымусіла адкласьці абмеркаваньне на апошні працоўны дзень перад пачаткам «Тыдня роднай беларускай мовы». Тым ня меней ён перадаў настаўніцам беларускай мовы Купалаву кніжку, каб тыя даручылі вучням падрыхтаваць урыўкі паэмы. За гэты час зьняў памеры залі, дзе меркавалася выстава, дамовіўся з фатографам, які меўся паказаць дзецям майстар-кляс, і пачаў шукаць машыну, каб давезьці скульптуру «Тры ганцы». Але выявілася, што прапанову не ўключылі ў плян тыдня — на той падставе, што супраць выступілі вучні.
Вольга Лук’янчук пацьвярджае факт няўдалага супрацоўніцтва і тлумачыць адмову тым вобразам, які за некалькі апошніх гадоў склаўся ў адносінах да спадара Лойкі. Па яе словах, частыя і навязьлівыя візыты рупліўца роднай мовы ў гімназію спрычыніліся да таго, што яго пазьбягаюць ня толькі настаўнікі, а ўжо і дзеці.
Выглядае, што да кансэнсусу ў моўным пытаньні ў асобна ўзятай навучальнай установе яшчэ далёка.