12 лютага суд Маладэчанскага раёна прыняў рашэньне накіраваць Алесю Садоўскую на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары.
«Мы лічым, што гэта зроблена для таго, каб адмовіць мне ў пазове супраць адбіраньня ў мяне дзіцяці», — камэнтуе рашэньне суду Алеся Садоўская.
«У нас 11 492 пацыенты, а сытуацыя з Алесяй Садоўскай у нас адна», — тлумачыць сваю пазыцыю дырэктар псыха-нэўралягічнага дыспансэра Маладэчна Аляксандр Бажко.
Пастанова ад 12 лютага тычыцца крымінальнай справы супраць Алесі Садоўскай паводле артыкулу 364 КК — «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананьне службовай дзейнасьці».
Спрабавала дабіцца справядлівасьці — трапіла пад суд і ў «Навінкі»
Гісторыя Алесі Садоўскай пачалася ў ноч на 1 студзеня 2013 году. Садоўская сьцьвярджала, што зьвярнулася да міліцыянтаў, бо ў начным клюбе ў яе скралі тэлефон. А міліцыянты яе зьбілі, не давалі вады, трымалі ў халоднай камэры і на 40 хвілінаў зьвязалі ў «ластаўку». Адміністрацыйную справу тады завялі супраць самой Алесі, а 13 прызначаных паводле яе скаргаў праверак дзеяньняў міліцыі скончыліся нічым.
Відэазапіс з катаваньнямі Алесі пад назвай «Вяжут в дежурке» на youtube паглядзелі 38 000 чалавек. Спрабуючы дабіцца справядлівасьці, Садоўская, паводле яе слоў, прыйшла у Сьледчы камітэт.
«Там я сустрэла начальніка дэпартамэнту аховы Косіка Івана Іванавіча, — распавядае яна. — Косік быў непасрэдным начальнікам тых людзей, якія зь мяне зьдзекаваліся ў тую ноч. Ён пачаў у фае казаць, маўляў, навошта я сюды хаджу, што я нічога не даб’юся. Ён мяне вывеў да такой ступені, што я замахнулася на яго торбачкай. Я яго не змагла ўдарыць, бо ён схапіў маю руку, закруціў мяне. У мяне былі пабоі, а ў яго ніякіх пабояў не было, хоць ён паехаў іх здымаць. Па справе праходзіла, што я яго біла торбачкай па розных частках цела».
У тэксьце пастановы суду прыводзяцца паказаньні Івана Косіка на судовых паседжаньнях. Ён заяўляў, што Садоўская пагражала помстай і фізычнай расправай міліцыянтам, якія дастаўлялі яе ў РАУС у навагоднюю ноч.
«Калі ён накіраваўся да выхаду з будынку, ззаду адчуў удар торбай па сьпіне. Разьвярнуўшыся, пабачыў Садоўскую А.П., якая працягвала наносіць яму па тулаве ўдары торбай, рукамі і нагамі. Усяго нанесла каля 10 удараў. У выніку ў яго на кіцелі быў адарваны гузік».
Кровападцёкі на руках Алесі суд палічыў лёгкімі цялеснымі пашкоджаньнямі, хоць і адзначыў, што яны маглі зьявіцца ў выніку «ціску пальцамі». Рашэньнем ад 23 ліпеня 2014 году суд Маладэчанскага раёну пастанавіў, што Садоўская зьдзейсьніла ўчынак у стане неадэкватнасьці, і прысудзіў ёй паўгода прымусовага псыхіятрычнага лячэньня. Па выніках псыхіятрычнай экспэртызы, праведзенай у рамках сьледзтва, за Садоўскай замацавалі дыягназ «арганічны афэктыўны разлад».
Паводле ініцыятывы Садоўскай, у грамадзкай арганізацыі «Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі» камісія на чале з кандыдатам мэдычных навук Юрыем Савенкам высновы беларускіх лекараў абвергла. Але для беларускіх судоў гэты дакумэнт рэальнай моцы не набыў.
У Навінкі Алеся прымусова трапіла толькі ў лютым 2015-га — праз восем месяцаў пасьля прысуду. А 25 лютага дачку Кацю забралі ў прытулак.
З таго часу Алеся Садоўская змагаецца адначасова і каб адмяніць дыягназ, зь якім яна ня згодная, і за тое, каб ёй вярнулі дачку. Дыягназ Садоўскай уваходзіць у пералік захворваньняў, пры якіх бацькі ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі (паводле Пастановы Міністэрства аховы здароўя № 36 ад 30.03.2010). Карыстаючыся гэтым, аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму ініцыяваў адабраньне дачкі ў маці без пазбаўленьня Садоўскай бацькоўскіх правоў.
Суд сказаў лячыцца — трэба лячыцца
8 лютага суд Маладзечанскага раёна пачаў разглядаць законнасьць пастановы пра адабраньне дачкі Кацярыны ў Алесі Садоўскай без пазбаўленьня яе бацькоўскіх правоў. На 17 лютага прызначанае чарговае паседжаньне, а 12 лютага суд паводле крымінальнай справы самой Садоўскай у чарговы раз прызначанае ёй прымусовае стацыянарнае лячэньне. Рашэньне прымалася судом на падставе дакумэнтаў, прадстаўленых псыха-нэўралягічным дыспансэрам Маладэчна, у якім Садоўская праходзіла амбуляторнае лячэньне.
Галоўны ўрач дыспансэра Аляксандр Бажко распавёў Свабодзе, што лічыць высновы сваёй установы абсалютна абгрунтаванымі.
Нашыя довады былі дакладныя і зразумелыя, і дзеяньне, якое мае быць у дачыненьні да яе, адзіна правільнае.
«Мы як дактары выконваем лячэбную функцыю, для пацыентаў, у якіх ідзе абвастрэньне. Нашыя довады былі дакладныя і зразумелыя, і дзеяньне, якое мае быць у дачыненьні да яе, адзіна правільнае», — кажа доктар Бажко.
Паводле яго, стан Садоўскай з моманту яе выпіскі на амбуляторнае лячэньне абвастрыўся. У пастанове суду таксама ёсьць спасылка на заключэньне лячэбна-кансультацыйнай камісіі. Там, сярод іншага, гаворыцца пра «няўстойлівы псыхічны стан, адсутнасьць крытычнага стаўленьня да свайго стану і зьдзейсьненага правапарушэньня, невыкананьне рэкамэндацыяў лекара-спэцыяліста... ухіленьне ад прыняцьця лекавых сродкаў».
Хаця суд вынес рашэньне без магчымасьці абскарджваньня, Алеся Садоўская накіравала каргу на пастанову і спадзяецца, што яе адменяць.
«У заключэньні ВКК, на якое спасылаюцца ў пастанове суду, напісана: „сьвядомасьць ясная, спакойная, мысьленьне пасьлядоўнае, стан ня востры“, — тлумачыць Садоўская. — Як яны сьцьвярджаюць цяпер, што ў мяне абвастрыўся стан?»
Садоўская таксама пераконвае, што рэгулярна наведвала дыспансэр, прымала лекі і выконвала ўсе рэкамэндацыі лекараў. Аналіз крыві, які пацьвярджае тое, што яна прымала прызначаныя нэўралептычныя прэпараты, у яе, паводле Садоўскай, ніхто ня браў.
Да таго ж у пастанове сьцьвярджаецца, што за пэрыяд назіраньня Садоўская зьдзяйсьняла агрэсіўныя дзеяньні, «нягледзячы на папярэджаньні пацыента пра недапушчальнасьць супрацьпраўных паводзінаў». Але, пярэчыць Садоўская, у дакумэнтах прыведзены толькі факт таго, што я ня ў тым месцы перайшла дарогу, ніякіх іншых супрацьпраўных дзеяньняў за ёй не зафіксавана.
Садоўская настойвае, што накіраваўшы яе на прымусовае лячэньне ізноў, ёй хочуць перашкодзіць вярнуць дачку.
Аляксандр Бажко пра сытуацыю з дачкой Алесі ведае, але кажа, што дыягназ у такой справе не асноўнае.
Размова ідзе пра тое, што Алесі Садоўскай трэба падумаць у першую чаргу, як найлепш арганізаваць, каб яе дачка не пакутавала.
«Уплывае не дыягназ, а тое, як чалавек дзейнічае і што робіць. У нас 11 492 пацыенты, а сытуацыя з Алесяй Садоўскай у нас адна. Размова ідзе пра тое, што Алесі Садоўскай трэба падумаць у першую чаргу, як найлепш арганізаваць, каб яе дачка не пакутавала, — лічыць ён. — Я разумею, што дзіця мусіць расьці з бацькамі. Калі чалавек знаходзіцца ў бальніцы па стане здароўя, як ён можа клапаціцца пра сваё дзіця?»
На высновах сваёй установы Аляксандр Бажко настойвае і перакананы, што Алесі Садоўскай паказанае прымусовае стацыянарнае лячэньне.
«У сваёй працы мне даводзіцца сутыкацца з аддзелам адукацыі і назіраць, як яны працуюць. Я часам думаю, што яны перагібаюць палку ў пляне клопату пра гэтых дзяцей. Бацькі менш хвалююцца. Я ані разу ня бачыў, каб нешта было арганізавана кепска ці камусьці на шкоду. Яны сапраўды выконваюць сваю працу і клапоцяцца пра дзяцей», — лічыць Бажко.
«Калі тэрапія будзе ўдала падабраная, Алеся Пятроўна будзе супрацоўнічаць з дактарамі, то канечне, можна разьлічваць на зьмены ў стане, выпіску, зьмену меры пакараньня і далей казаць пра тое, што яна вернецца і жыць, і працаваць, і выхоўваць дачку. Мы на гэта таксама спадзяемся», — кажа Аляксандр Бажко.
Алеся Садоўская заяўляе, што па-ранейшаму ня згодная з пастаўленым ёй дыягназам, абскарджвае рашэньне пра накіраваньне яе на прымусовае стацыянарнае лячэньне і працягвае змагацца ў судзе за тое, каб дачка Кацярына жыла зь ёю.