Рашэньне здымае блякаваньне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня, судзьдзяў і пракурораў, а таксама для кампаній набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў.
Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа, што зьняцьце санкцыяў замарозіць парушэньне правоў чалавека — але толькі на нейкі час.
«Па-сутнасьці, бліжэйшым часам сытуацыя ня будзе адрозьнівацца ад таго, што мы маем цяпер. Гэта значыць, што рэпрэсіўныя мэханізмы застануцца ў руках уладаў, але само ўжываньне гэтых мэханізмаў будзе строга дазаванае.
Я думаю, што такая „замарожаная“ сытуацыя не працягнецца доўга. Таму што сутнасьць аўтарытарнага рэжыму не зьмяняецца, і ніхто яе мяняць не зьбіраецца. Па-сутнасьці, рэжым і пабудаваны на рэпрэсіях і прымусах, у гэтым і заключаецца структура ўлады, якую пабудаваў Аляксандар Лукашэнка. Таму ў любы момант узровень рэпрэсіяў у Беларусі можа павялічыцца. Я мяркую, што так і будзе ў залежнасьці ад актыўнасьці беларускага грамадзтва. А ўлічваючы, што эканамічныя і сацыяльныя праблемы ў нас нарастаюць, можна казаць, што доўга пэрыяд „замарозкі“ не працягнецца.
Эўрапейскі зьвяз занадта аптымістычна ацэньвае жаданьне афіцыйнага Менску паляпшаць сытуацыю ў Беларусі. Па вялікім рахунку, нічога не зьмянілася, але відавочна, што геапалітычныя інтарэсы цяпер выходзяць на першы плян».