Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскіх «пяціборцаў» ганаравалі «Імёнамі Свабоды»


Таварыства беларускай мовы адзначыла пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства». Сёлета яго пятнаццаты раз праводзіла Магілёўская абласная арганізацыя ТБМ пры спрыяньні дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова.

Спаборнікі, удзельнікі школьных прадметных алімпіяд, адказвалі на беларускай мове на пытаньні па матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Якасьць мовы ўлічвалася пры падвядзеньні вынікаў.

Першае месца заняў Ільля Касакоў з 21-й магілёўскай школы. Арганізатары адзначылі, што ў хлопца найлепшая з усіх спаборнікаў «Пяціборства» беларуская мова.

«Гэта праз маё імкненьне да эстэтыкі ды прыгажосьці. Я ў кожнай мове бачу прыгажосьць. На „Пяціборстве“ мне найцяжэй далася матэматыка. Гэта, відаць, хібы ў праграме навучаньня ды й мае асабістыя», — пракамэнтаваў сваю перамогу ў інтэлектуальным беларускамоўным спаборніцтве Ільля Касакоў.

пераможцы «Беларускага пяціборства»: (зьлева на права): Ангеліна Жыркевіч, Ільля Касакоў, Ангеліна Бялясава
пераможцы «Беларускага пяціборства»: (зьлева на права): Ангеліна Жыркевіч, Ільля Касакоў, Ангеліна Бялясава


Другое месца з добрымі матэматычнымі ведамі заняла навучэнка бабруйскай гімназіі № 3 Ангеліна Жыркевіч.

Трэцяе ў ейнай зямлячкі з бабруйскай гімназіі № 1 — Ангеліны Бялясавай. Гэтая дзяўчына была героем аднаго з свабодаўскіх сюжэтаў. Ангеліна, будучы абранай у Моладзевы парлямэнт, прапанавала на адным з пасяджэньняў, каб вучням, якія адказваюць на ўроках па-беларуску, падвышалі на бал адзнакі.

«Пяціборства», як адзначыла журналісту Ангеліна, было складаным для яе нязвыкласьцю.

«Мне не даводзіцца ў жыцьці гаварыць на беларускай мове, асабліва тады, калі спрабуеш патлумачыць нейкія факты, тэрміны. У школах жа звычайна гаворым па-расейску асабліва на ўроках фізыкі, матэматыкі. Ну, а наагул, у нас ёсьць жа ўрокі беларускай мовы і літаратуры».

Усе пяцёра ўганараваных спаборнікаў Пяціборства: (з права налева): Елізавета Багачова, Мацьвей Дашкевіч, Ільля Касакоў, Ангеліна Жыркевіч, Ангеліна Бялясава
Усе пяцёра ўганараваных спаборнікаў Пяціборства: (з права налева): Елізавета Багачова, Мацьвей Дашкевіч, Ільля Касакоў, Ангеліна Жыркевіч, Ангеліна Бялясава


Прыхільнік клясычнага беларускага правапісу з Мсьціслаўскай гімназіі Мацьвей Дашкевіч атрымаў спэцыяльны прыз за найлепшыя веды па гісторыі. Елізавета Багачова засьведчыла найлепшыя веды па прыродазнаўстве і займела за гэта таксама спэцыяльны прыз.

Сярод узнагародаў пераможцам сёлетняга «Беларускага пяціборства» была і кніга з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» «Імёны Свабоды».

Кніга «Імёны свабоды» сярод узнагародаў пераможцам Пяціборства
Кніга «Імёны свабоды» сярод узнагародаў пераможцам Пяціборства


Ініцыятар спаборніцтва Міхась Булавацкі, камэнтуючы вынікі «Пяціборства», не заўважыў прагрэсу ў веданьні ўдзельнікамі беларускай мовы. Адзначыў выдатныя веды мовы ў пераможцы Ільлі Касакова і яшчэ некалькіх школьнікаў, аднак сярэдні бал, паводле сябра ТБМ, застаецца невысокім:

«Сярэдні ўзровень — гэта адна памылка на дванаццаць-трынаццаць слоў. Як можна за дзьве гадзіны вывучыць мову, якой у жыцьці не карыстаесься, ні ў сям’і, нідзе. Беларускай матэматычнай мове ў школе ня вучаць зусім. Школьнікі ня ведаюць як па-беларуску завуцца расьліны, матэматычныя тэрміны. Удзельнікі „Пяціборства“ пачынаюць ствараць беларускую мову аамі. Адчуваюць, што расейскае слова ня тое, як беларускае, і прыдумляюць пераклад. Некаторыя папулярныя словы я зьбіраю нават. Для расейскага слова „касательная“ ёсьць 11 варыянтаў перакладу дзяцей на беларускую мову».

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

На думку Міхася Булавацкага, узровень валоданьня беларускай мовай цяпер горшы, чым, калі яе вывучалі за савецкім часам.

Руплівец беларускай мовы заўважае: на першых спаборніцтвах «Пяціборства», калі ўжо ў Магілёве зачыняліся беларускамоўныя клясы, то яшчэ адчувалася, што беларускай мовай вучні валодалі няблага, бо напачатку 1990 гадоў у такіх клясах вучыліся амаль сем працэнтаў школьнікаў. Цяпер набыткі таго часу зьнішчаныя, кажа Міхась Булавацкі.

«Можна нават пералічваць асобаў, якія яе зьнішчалі, і калі-небудзь гэта і будзе зроблена», — кажа ініцыятар правядзеньня «Беларускага пяціборства».

Дэкан пэдагагічнага факультэту ўнівэрсытэту Аляксей Лаўшук выказаў упэўненасьць, што дзякуючы у тым ліку ўдзельнікам «Пяціборства» беларуская мова будзе жыць.

Аляксей Лаўшук
Аляксей Лаўшук

«Пяціборства» сьведчыць, што на беларускай мове можна ня толькі казаць пра гісторыю Беларусі, але і пра матэматыку, фізыку, біялёгію, хаця некаторыя спрабуюць казаць, што па-беларуску немагчыма прыдумляць тэрмінаў. Але ваш удзел сьведчыць пра адваротнае», — зазначыў Аляксей Лаўшук перад цырымоніяй уручэньня ўзнагародаў пераможцам.

У сёлетнім «Пяціборстве» ўзялі ўдзел 39 вучняў. Уганараваньне пераможцаў адбылося ва ўнівэрсытэце імя Куляшова.
Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG