8 лютага суд Маладзечанскага раёна пачаў разглядаць законнасьць пастановы пра адабраньне дачкі Кацярыны ў жыхаркі Маладэчна Алесі Садоўскай без пазбаўленьня яе бацькоўскіх правоў.
«Гэта жорсткае пакараньне Алесі Садоўскай за тое, што пайшла супраць сыстэмы», — лічыць праваабаронца Натальля Гарачка-Басалыга.
30-гадовая адзінокая маці паспрабавала давесьці, што яе катавалі ў РУУС Маладэчна ў навагоднюю ноч 2013 году. Але дзяржаўныя органы паставілі ёй дыягназ «хранічнае афэктыўнае расстройства», і ўжо год ёй не аддаюць дачку.
«Каця цяпер у шпіталі з дыягназам „пнэўманія“. Яна прыгнечаная псыхалягічна, у чаканьні, каб яе нарэшце адпусьцілі дахаты. Складана стала зь ёю камунікаваць. Ніколі раней такога не было, але цяпер нават і спрачаемся. Ад гэтага вельмі балюча», — кажа Алеся.
Яна скардзіцца, што за апошні год васьмігадовай дачушцы давялося шмат чаго перажыць, яна стала горш вучыцца і шмат хварэць.
«Першы месяц яна ўвогуле не хадзіла ў школу, другі месяц некалькі тыдняў у школу не хадзіла, бо была расфармаваная яе прыёмная сям’я. Далей яна хварэла, а пасьля былі канікулы. Перад новым годам яна не хадзіла, бо былі рэпэтыцыі ў прытулку, а цяпер яна ізноў хварэе. За паўгода паўтара-два месяцы дзіця хадзіла ў школу, — кажа Алеся. — Натуральна непасьпяховасьць, кепскія адзнакі».
Гэтым разам Алеся Садоўская пры дапамозе юрыста Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы спрабуе давесьці, што адабралі ў яе дачку незаконна. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму, які ў судзе прадстаўляе Натальля Бярлова, настойвае на сваім пазове пра адабраньне дачкі ў Садоўскай. На папярэдніх слуханьнях Бярлова сьцьвярджала, што Алеся аднойчы пакінула дачку дома адну ў 2014 годзе, а падчас іх інспэкцыі ў доме не было прыгатаванай ежы. Да таго дыягназ Садоўскай пастановай Міністэрства аховы здароўя № 36 ад 30.03.2010 ўваходзіць у пералік захворваньняў, пры якіх бацькі ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.
Сама Бярлова ад камэнтароў для прэсы адмовілася. Сказала, што на гэта патрабуецца дазвол начальніка аддзелу адукацыі. У аддзеле адукацыі сёньня на тэлефанаваньні не адказвалі, таму атрымаць ад іх камэнтар не ўдалося.
«Мне цяжка патлумачыць пазыцыю аддзела адукацыі. Ці гэта, проста скажам, помста Садоўскай за яе прынцыповую пазыцыю, зьвязаную з незаконным адабраньнем дзіця, — распавядае Свабодзе Гары Паганяйла. — Але юрыдычная абгрунтаванасьць на нулі. І сёньня прадстаўніца аддзелу адукацыі таксама блытае „боб з гарохам“. То ў іх абгрунтаваньне зьвязана з тым, што дзіця пастаўленае ў сацыяльна-небясьпечнае становішча ў сувязі з паводзінамі маці... Зь іншага боку яны кажуць і пра тое, што яна псыхічна хворы чалавек, яе захворваньне знаходзіцца ў пераліку міністэрства ахову здароўя, пры якім бацькі ня могуць выконваць бацькоўскія функцыі».
Садоўскай і Паганяйлу ўжо ўдалося адмяніць папярэдняе рашэньне Маладэчанскага раённага суду пра адабраньне Кацярыны, і гэтым разам яны спадзяюцца пацьвердзіць яго незаконнасьць.
Алеся патлумачыла ў судзе, што пакінула Кацярыну адну з бабуляй-суседкай, калі яе саму прымусова забралі ў «Навінкі»; што ў яе дома былі прадукты, а ў мульціварцы — гатовая ежа для дзяўчынкі, якую супрацоўнікі аддзела адукацыі чамусьці не заўважылі; што да яе ніколі не было прэтэнзій з боку выхавацелек у дзіцячым садку, а ў школе дачка добра вучылася. Але дзяржаўныя органы палічылі па-іншаму, і ўжо праз некалькі тыдняў у прытулку для Каці вызначылі прыёмную сям’ю.
«Вось па нашай справе праходзіць сям’я А., — апісвае яе Гары Паганяйла. — У самой жанчыны тры сваіх дзіцяці. Яна іх выхоўвае без бацькі. Ёй яшчэ (прыёмных дзяцей — РС.) даюць у нагрузку. Ці ў яе ня будзе праблем пакінуць дзіця без нагляду? Ёй жа таксама трэба схадзіць у краму, прыйсьці ў школу да аднаго з дзяцей. Ці ў бальніцу схадзіць ці яшчэ нейкія праблемы вырашыць. Магчымасьць нармальна ўтрымліваць і выхоўваць дзяцей ( у такіх умовах — РС.) таксама пытаньне».
Але галоўная задача, якую ставіць перад сабою праваабаронца Гары Паганяйла ў гэтым працэсе — давесьці, што дыягназ Алесі Садоўскай — не падстава, каб забіраць у яе дзіця. У прыклад ён прыводзіць вядомы выпадак сям’і інвалідаў Бахур з Івацэвічаў.
«Бацькі Бахур зачалі і нарадзілі сваё дзіця. Хочуць яго выхоўваць, — кажа Гары Паганяйла. — І нягледзячы на тое, што спачатку дзіця з радзільнага дому ім не аддалі, выканкам прыняў рашэньне пра апеку над гэтым дзіцём і прыняў адпаведныя меры, узяўшы на сацыяльныя забесьпячэньне гэтае дзіця. Улады прыйшлі да высновы, што сама наяўнасьць захворваньня і інваліднасьці ня можа быць вырашальнай для адабраньня дзіця згодна з артыкулам 85 Кодэксу пра шлюб і сям’ю РБ».
«Сама пастаноўка пытаньня пра адабраньне дзіця ў сувязі з наяўнасьцю псыхічнага захворваньня зьяўляецца некарэктнай. Яна сьведчыць пра дыскрымінацыйны падыход. Кожны з нас можа захварэць. Але гэта не азначае, што ў такім выпадку ў нас забяруць дзіця, — заключае Гары Паганяйла і выказвае спадзяваньне на аб’ектыўнае рашэньне суду ў справе Садоўскай. — Усе гэтыя рашэньні мусяць прымацца выключна ў інтарэсах дзіця. І мусіць улічвацца права дзіця жыць разам з бацькамі».
Юрыст кажа, што БХК фіксуе выпадкі, калі прэзыдэнцкі дэкрэт № 18 прымяняецца ў палітычных мэтах. Ён згадвае пра вядомы выпадак віцебскай актывісткі Крысьціны Шацікавай (яна памерла ў 2012 годзе — РС), у якой спрабавалі адабраць дваіх непаўнагадовых сыноў.
Праваабаронца Натальля Гарачка-Басалыга наўпрост называе тое, што адбываецца з Садоўскай «жорсткім пакараньнем».
«Я лічу, што ў Алесі незаконна забралі дзіця як форму пакараньня. Яна пайшла супраць сыстэмы. Яна зьбіралася падаць на міліцыянтаў у пракуратуру за іх супрацьзаконныя дзеяньні, перавышэньне паўнамоцтваў, — сьцьвярджае Натальля, якая прыехала ў Маладэчна, каб падтрымаць Садоўскую ў судзе. — Такім чынам яе вельмі жорстка пакаралі, адабраўшы дзіця, каб паставіць яе на месца і паказаць іншым людзям, што з вамі будзе вось так, калі вы пойдзеце супраць сыстэмы».
Умовамі ў дзіцячым прытулку Алеся Садоўская вельмі задаволеная. Распавядае, што выхавацелі ставяцца да яе вельмі пазытыўна. У прытулку зроблены добры касмэтычны рамонт, уважліва ставяцца да дзяцей, прапануюць ім шмат разьвіваючых гульняў.
«З неўладкаваных сямей дзяцей мала. Большасьць з нармальных сем’яў, — распавядае жанчына. — Да іх штодня прыходзяць бацькі, забясьпечваюць іх усім неабходным. Дзеці паўнавартасна разьвіваюцца».
На пытаньне, якім жа чынам трапляюць у прытулак дзеці з добрых сем’яў, Алеся адказвае «Па розных»:
«Хтосьці з міліцыяй пасварыўся, хтосьці з аддзелам адукацыі, хтосьці з дактарамі. Хтосьці ў інтэрнаце жыве на 10 квадратах, а інтэрнат у аварыйным стане, таму дзіця забіраюць, — кажа Алеся Садоўская. — Дзяржава не дае дастаткова дапамогі, таму адбываюцца такія выпадкі парушэньня правоў дзіцяці».
Наступнае паседжаньне ў справе Садоўскай прызначана на 17 лютага. Да гэтага ў Алесі яшчэ адзін суд, які мусіць вырашыць, ці працягнуць ёй амбуляторны нагляд або накіруюць у псыхіятрычны стацыянар.
«Гэта форма запалохваньня, і гэта выпадак не адзінкавы, — лічыць праваабаронца Натальля Гарачка-Басалыга. — Гэта ўжо ўвайшло ў сыстэму сілавых структур Беларусі і даказвае сумесную дзейнасьць іх разам з аддзелам адукацыі, органамі апекі і псыханэўралягічнымі дыспансэрамі. Яны працуюць па запалохваньні і пакараньні няўгодных грамадзянаў, якія ідуць супраць сыстэмы. Склалася такая жорсткая зьвязка, якая была характэрная для сталінскіх часоў. Але, як апынулася, мы ўжо на гэтай стадыі».
Даведка Свабоды
25 сьнежня 2015 году суд Маладэчанскага раёна адмяніў судовае рашэньне ад 1 верасьня аб адабраньні дачкі ў жыхаркі Маладэчна Алесі Садоўскай, не пазбаўляючы яе бацькоўскіх правоў і накіраваў справу на дадатковы разгляд.
Справу Алесі Садоўскай Радыё Свабода падрабязна апісала, калі працэс яшчэ працягваўся. Раней Садоўская была абвінавачаная паводле арт. 364 КК — «Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах помсты за выкананьне службовай дзейнасьці» і асуджаная да прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня на шэсьць месяцаў. Падставай для крымінальнай справы стаў выпадак, калі Садоўская нанесла «ня менш за 10 удараў» жаночай торбачкай і рукамі супрацоўніку МУС. Пасьля 4 месяцаў стацыянарнага лячэньня ў РНПЦ псыхічнага здароўя яе выпісалі для амбуляторнага назіраньня з дыягназам «хранічнае афэктыўнае расстройства».
Дачка Кацярына, пакуль маці была ў «Навінках», атрымала статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і была накіраваная ў прыёмную сям’ю. А 28 ліпеня Аддзел адукацыі зьвярнуўся ў суд з пазовам аб адабраньні дзіцяці ў маці на падставе яе дыягназу. Паводле пастановы Міністэрства аховы здароўя № 36 ад 30.03.2010 афэктыўнае расстройства ўваходзіць у пералік захворваньняў, пры якіх бацькі ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.