Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні працы, ні грошай, ні тавараў. Крызіс»


Уваход на рынак. Пакуль ёсьць наведнікі
Уваход на рынак. Пакуль ёсьць наведнікі

У Шклове, як і ва ўсёй Беларусі, другі месяц большасьць дробных прадпрымальнікаў, якія гандлявалі прывезенымі з Расеі таварамі лёгкай прамысловасьці, не выходзяць на працоўныя месцы. 222-ы прэзыдэнцкі указ паралізаваў іхную працу. Як мясцовыя жыхары абыходзяцца бяз звыклага гандлю?

Невялікі рынак райцэнтру ў нядзелю не пуставаў. Наведнікаў, як падалося прыежджаму, было нямала. Бальшыня павільёнаў, аднак, былі на замку. На пляцоўцы, дзе раней выстаўляліся палаткі з адзежаю і абуткам, склікала пакупнікоў толькі гандлярка гаспадарчымі таварамі ды ейныя калегі, якія прапаноўвалі набываць вопратку ды абутак вайсковай расфарбоўкі.

«Вы ж самі бачыце, што палатак няма. Усё пуста. Выходныя дні — і людзей няма. Гэта, зразумела, кепска, — камэнтуюць сытуацыю ў адным з адчыненых павільёнаў. — Шклоў жа маленькі, куды людзі ідуць? На базар. Ля палатак пахадзілі, згадалі, што майго не купілі, зайшлі да мяне. А цяпер хто наведваецца, дык найчасьцей у павільён з харчамі. Хуценька прабягуць — і дамоў».

Суразмоўніца згаджаецца, што гандляваць трэба з дакумэнтамі на тавар. Аднак заўважае: тое, што прапануюць дробным бізнэсоўцам беларускія пастаўшчыкі, занадта дарагое. Выходзіць, кажа гандлярка, у два разы даражэй, чым прывазное з Расеі. Вялікіх гуртавых складоў зь вялікім выбарам тавару, як, напрыклад, у Маскве, паводле бізнэсоўкі, у Беларусі няма.

Шклоўскі рынак: большасьць павільёнаў на замку
Шклоўскі рынак: большасьць павільёнаў на замку

Тым ня менш, кажа яна, ніхто ўказ № 222 адмяняць ня будзе, і яго варта ўспрымаць як факт.

«З дакумэнтамі я працую ўжо два гады, але для мяне галоўнае цяпер — вялікія штрафы», — кажа суразмоўніца.

«Для індывідуальных прадпрымальнікаў яны ад 100 да 200 базавых. Уявіце сабе: прыйдуць да мяне з праверкай і абавязкова нешта знойдуць. Гэта ўжо практыка такая. І 21 мільён мне штрафу з магчымай канфіскацыяй тавару. Во каб зьменшылі іх. І яшчэ праблема: у людзей грошай няма. Гэта дужа адчуваецца. Цяпер калі купляюць, дык толькі тое, што трэба».

Выплаціць штраф у 3,6 мільярда — гэта не для дробных прадпрымальнікаў

«Тут да Новага году палаткі стаялі ў тры рады, — кажа яшчэ адзін гандляр з адчыненага павільёну. — А павільёнаў бачыце колькі зачынена — гэта ўсё праз 222 указ. Дый я сам зьбіраюся зачыняцца. Што прывёз да Новага году з дакумэнтамі, паспрабую распрадаць. У людзей проста няма грошай. Глуха. Раней езьдзіў па тавар раз на тыдзень, а цяпер — раз на паўгода. Тут усе прадпрыемствы стратныя», — заяўляе гандляр.

Пляцоўка, дзе дробныя бізнэсоўцы выстаўлялі свае палаткі. На дальнім пляне прапануюць камуфляж
Пляцоўка, дзе дробныя бізнэсоўцы выстаўлялі свае палаткі. На дальнім пляне прапануюць камуфляж

Суразмоўца, аднак, заўважае, што ня ўсім у Шклове кепска. І прыгадвае нашумелую навіну пра былую намесьніцу дырэктара па маркетынгу акцыянэрнага таварыства «Александрыйскае». Яе вінавацілі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і халатнасьці. Пабыўшы пад арыштам, яна пакрыла прадпрыемству страты ў памеры 3,6 мільярда рублёў.

«За тыдзень пагасіла тры мільярды шэсьцьсот тысяч рублёў недастачы. Во гэта заробкі, ня тое што ў нас прыбыткі», — з усьмешкай дзівіцца дробны бізнэсовец.

Дзе купіць куртку даярка, у якой заробак не дацягвае да двух мільёнаў?

Наступная суразмоўніца — адна з рэдкіх на рынку, хто прадае шырокі асартымэнт адзежы. Суправаджальныя дакумэнты на тавар, кажа, ёсьць.

Замест адзежы з палатак — гаспадарчыя тавары
Замест адзежы з палатак — гаспадарчыя тавары

«Наагул дужа малая пакупніцкая здольнасьць у людзей. Мы ж працуем ад заробкаў. Як выплачваюць іх, людзі нешта набываюць. А цяпер у людзей няма грошай. А калі б былі, дык і гандаль у нас быў бы жывейшы», — тлумачыць сытуацыю прадпрымальніца.

«Шмат пакупнікоў просяць, курткі каб прывезла. Але без дакумэнтаў іх прывезьці не магу, а ў Беларусі такой адзежы няма. На маленькіх гуртавых складах тое, што нам патрэбнае і ёсьць, дык кажуць: „Гэта ня вам, адклалі іншым“. Прапануюць тавар дзесяцігадовай даўніны, — працягвае суразмоўніца. — Мы ж тут арыентуемся на пакупнікоў зь вёсак. Яны просяць, каб таньней, а з дакумэнтамі даражэй выходзіць. Пакупнікі дужа агрэсіўна настроеныя. Клянуць усіх. Усё гэта дужа сумна, а каб яшчэ крызісу не было. У даярак заробак мільён васямсот, а яны ж сядзяць на працы ад ранку да вечара».

У пакупнікоў няма грошай на абновы, хоць залатое вязі

У яшчэ адным павільёне з абуткам заявілі: «Палатак няма, дык усё правільна. Дакумэнты адсутнічаюць — значыцца, ня могуць гандляваць. Раз указ выдалі, дык куды ўжо падзецца. Трэба яго выконваць. Пакупнікоў стала меней, вядома ж. У іх проста няма грошай. Заробкі невялікія. Што паробіш, крызіс паўсюль».

Няшмат прадаўцоў і на тых радах, дзе раней стаялі сяляне
Няшмат прадаўцоў і на тых радах, дзе раней стаялі сяляне

«Нават калі б цяпер усе паадчыняліся і выйшлі з палаткамі, то сытуацыя выглядала б такой жа, — настойваюць на сваёй пазыцыі суразмоўцы. — Вы ж паглядзіце, у нас ніводнага пакупніка. А ўявіце, каб побач нехта прадаваў яшчэ такія ж чаравікі. Пэрыфэрыя памірае. Людзі едуць у вялікія гарады. Нас задушылі гіпэрмаркеты».

Гандляры — жанчыны і малады хлопец — прызнаюць: указ 222 — удар па вяскоўцах. Аднак, заўважаюць суразмоўцы, такія пакупнікі хутка прыстасуюцца да сытуацыі і знойдуць выйсьце.

«Зьявяцца фірмы, якія будуць працаваць з малой нацэнкай, і ў іх будуць купляць. Аднак і гэта нічога ня зьменіць, бо народ і так нічога не купляе, хоць залатое вязі сюды. Проста цяпер мы ў з... усе. Каб указу не было, дык лепей, можа б, было, але ён ёсьць. І пра яго папярэджвалі год таму, але многія паехалі ў Маскву дакупляць пад свае рэшткі тавар. Той, хто хоча працаваць, год таму пачаў шукаць дакумэнты, а ня лыпаў вачыма. Дык будзе гэты ўказ ці не, нічога ўжо ня зьменіцца», — выказваецца прадпрымальнік.

Пакупнікі: Ні працы, ні грошай, ні адзежы

Тым часам жыхары Шклова, наведнікі рэчавай часткі мясцовага рынку, не ў захапленьні ад зачыненых павільёнаў і зьніклых палатак. Адсутнасьць таннага прывазнога тавару для іх пакуль — неадольная праблема і незразумелы крок улады. Яны разгубленыя.

«Гэта дужа кепска. Шклоў — малы горад, і рынак — адзінае месца, дзе можна было нешта з вопраткі нагледзець, — выказвае сваё стаўленьне да сытуацыі маладая жанчына, кіруючыся на рынак. — Цяпер дзе адзявацца — гэта праблема. Многія задаюць гэтае пытаньне і не знаходзяць адказу. Мо неяк усё зьменіцца, спадзяёмся. У крамах усё дорага. Свайму дзіцяці я купляла палову прывазнога, палову беларускага, але беларускае дарагое».

«Цяпер будзем адзявацца ў краме, — зь відавочным раздражненьнем рэагуюць на цікаўнасьць журналіста наступныя суразмоўцы, маладыя хлопец і дзяўчына. — Так, там даражэй, але вы адкажыце: дзе тады адзявацца, калі ўсё пазачынянае? Куды са Шклова ехаць? Гэта яшчэ які ўдар для людзей. Тут жа можна было купіць таньней. Ды за што купляць? Ні працы, ні грошай, ні адзежы. Крызіс».

«Вясёлы гурок» праводзіць і сустракае наведнікаў рынку. Некалі Шклоў быў гурочнай сталіцай беларускага Падняпроўя. Канкурэнцыя зрабіла вырошчваньне гэтай гародніны нявыгадным заняткам
«Вясёлы гурок» праводзіць і сустракае наведнікаў рынку. Некалі Шклоў быў гурочнай сталіцай беларускага Падняпроўя. Канкурэнцыя зрабіла вырошчваньне гэтай гародніны нявыгадным заняткам

Хоць парадак навядуць

Былі і іншыя меркаваньні — у падтрымку 222 указу. Аргумэнтавалі тым, што трэба навесьці парадак.

«Я не апранаўся на рынку. Толькі з крамаў купляў. Там хоць даражэй, але якасьней, — выказваецца наступны суразмоўца. — Наш рынак даўно трэба было выводзіць са стану каменнага веку. У нас прадаецца тут невядома што і невядома дзе набытае».

Малады хлопец, аднак, ня здолеў адказаць на пытаньне, дзе набываць адзежу людзям, у якіх няма за што купляць крамнае.

Гэта праблема для маладых, а нам ужо шмат ня трэба — старое даносім, кажуць сталага веку жанчына і мужчына.

«А я хачу вам сказаць, што тавар з палатак быў, відаць, закуплены дзесяць гадоў таму, а цэны цяперашнія ставілі. А наагул мы з рынку не адзяваліся. Старое даношваем, — кажа жанчына.

«А парадак трэба наводзіць у гэтым гандлі, — дадае мужчына — Там жа беспарадку колькі было».

Ня скончыўшы размовы, суразмоўнікі разьвіталіся.

Разгублены актор Алейнікаў праводзіць вяскоўцаў на амаль пусты шклоўскі базар
Разгублены актор Алейнікаў праводзіць вяскоўцаў на амаль пусты шклоўскі базар

Нядаўна насупраць шклоўскага Дому культуры паставілі помнік савецкаму актору, выхадцу са Шклоўскагау раёну Пятру Алейнікаву. Ён увекавечаны ў рванай цяльняшцы (фрагмэнт з савецкай кінастужкі «Трактарысты»). На твары — вясёлая разгубленасьць. Самі шклоўцы таксама выглядаюць разгубленымі, толькі весялосьці не назіраецца.

Згодна з 222 указам, прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG