Пад прэвэнтыўным наглядам Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся 22 месяцы. Сёньня Ваўкавыскі раённы суд прыняў канчатковае рашэньне аб ягонай свабодзе, і 8 лютага а 24-й гадзіне прэвэнтыўны нагляд сканчаецца. Віншую Аўтуховіча і цікаўлюся — як адбываўся сёньняшні суд?
Аўтуховіч: «У мяне не было ніводнага парушэньня, якое б магло стаць падставай для працягненьня тэрміну прэвэнтыўнага нагляду. Тым ня менш і ўпэўненасьці не было ніякай, што суд прыме рашэньне на маю карысьць. Судзьдзя вельмі падрабязна цікавіўся і ў прадстаўніка міліцыі, і ў пракурора — ці ня меў я хоць якіх парушэньняў за гэты тэрмін, спраўджваў усе дакумэнты. Урэшце пракурор сказаў, што парушэньняў няма і варта не працягваць прэвэнтыўны нагляд».
Карэспандэнт: «Мікола, летась улетку гэты ж Ваўкавыскі суд прымаў рашэньне аб спыненьні прэвэнтыўнага нагляду за вамі, але потым хутка вымушаны быў перагледзець сваё рашэньне, і тэрмін нагляду быў працягнуты на паўгода. А цяпер няма адчуваньня, што празь некалькі дзён рашэньне Ваўкавыскага суду могуць перагледзець?»
Упэўнены, што яны баяцца адпускаць мяне на свабоду, бо ведаюць, што я працягну зьбіраць доказы сваёй невінаватасьці.
Аўтуховіч: «Цяпер у мяне такога адчуваньня няма, але мінулым разам, калі я выходзіў з суду, то нешта такое адчувалася. Памятаю, мне тады патэлефанавала знаёмая зь Менску і запыталася, як мае справы. Я адказаў, што ўсё добра, але папрасіў, каб яна пакуль нікому пра гэта не казала. Але інфармацыя ўсё ж адразу трапіла ў СМІ. А я тады як прадчуваў, што трэба колькі дзён памаўчаць, бо абудзяцца, апамятаюцца, і будзе позна — так і атрымалася. А гэтым разам у мяне нават такога адчуваньня няма, бо наагул няма ніякіх падставаў, каб працягваць нагляд. Хаця, зь іншага боку, адчуваецца нейкая насьцярога, што яны мяне ня проста так адпускаюць, а магчыма, у іх ёсьць нейкі іншы плян. Упэўнены, што яны баяцца адпускаць мяне на свабоду, бо ведаюць, што я працягну зьбіраць доказы сваёй невінаватасьці».
Карэспандэнт: «Як даліся вам гэтыя 22 месяцы прэвэнтыўнага нагляду? Ці можаце цяпер сказаць, што сёньня ўжо ўздыхнулі з палёгкай?»
Аўтуховіч: «Прэвэнтыўны нагляд у нашай краіне — гэта нешта такое, што парушае правы чалавека. Я ведаю, што ў Эўропе, калі ты пад прэвэнтыўным наглядам, то за табой ніхто так сачыць ня будзе. Калі табе забаронена хадзіць па барах ці кавярнях і трэба быць дома а 22-й гадзіне, то там бы ніхто па начах да цябе не прыходзіў і ня спраўджваў, ці ты дома. Калі ты ўжо сам папаўся і парушыў гэтыя правілы, то тады цябе пакараюць. Калі там трэба сачыць за чалавекам, то надзяюць нейкія бранзалеты ці гадзіньнік на руку, а ў нас прыходзяць два разы ўначы і будзяць цябе ў хаце. Але навошта гэта?»
Карэспандэнт: «Мікалай, якія зьмены цяпер адбудуцца ў вашым жыцьці?»
Я добра разумею, дзе жыву, і думаю, што ўсё роўна сачыць будуць, ёсьць шмат ахвотных гэта рабіць.
Аўтуховіч: «Цяпер урэшце я магу сесьці ў машыну і паехаць куды захачу па Беларусі, і ні ў кога нічога ня буду пытацца. Трэба пайсьці ў госьці ўвечары — зьбяруся і пайду. Хоць я добра разумею, дзе жыву, і думаю, што ўсё роўна сачыць будуць, ёсьць шмат ахвотных гэта рабіць. Я не разумею, як такой стала наша краіна... Гэта калі выяжджаеш недзе ў Нямеччыну, то там можаш адчуць, што дыхаеш іншым паветрам».
Карэспандэнт: «Нягледзячы на тое, што вы 22 месяцы былі пад прэвэнтыўным наглядам, усё ж жылі на волі. Ці ўдалося за гэты час наладзіць жыцьцё пасьля вязьніцы?»
Аўтуховіч: «Не, ніяк. Па-першае, за гэты час не ўдалося паправіць здароўе, шмат якія праблемы са здароўем за гэты час яшчэ больш абвастрыліся. Тое самае і на працы — я ня ўсё мог, бо нават любая камандзіроўка за межы гораду азначала тое, што мусіў ісьці ў міліцыю і пісаць заяву, тлумачыць навошта, потым чакаць некалькі дзён, пакуль яны адкажуць. І часьцей яны адказвалі мне адмовамі».
Карэспандэнт: «На ўсіх судовых працэсах вы заяўлялі, што не прызнаяце сябе вінаватым, і не пагаджаліся з рашэньнямі судоў. Ці працягнеце цяпер дамагацца сваёй рэабілітацыі?»
Я буду нешта рабіць, каб гэта не засталося забытым, хоць пры гэтай уладзе, разумею, нічога немагчыма дабіцца.
Аўтуховіч: «Я буду нешта рабіць, каб гэта не засталося забытым, хоць пры гэтай уладзе, разумею, нічога немагчыма дабіцца. Яшчэ ў 2008 годзе я выступіў з ініцыятывай, каб апазыцыя стварыла адмысловую камісію і разглядала ўсе гэтыя прысуды рэжыму над тымі, хто зь імі не пагаджаецца. Я ў гэтай частцы ўжо нечым займаюся, бо да мяне прыходзяць людзі і прыносяць падобныя рашэньні судоў. А я, у сваю чаргу, прашу адмыслоўцаў аналізаваць гэтыя рашэньні і ствараць пэўную базу дадзеных. Вельмі важна, каб усё гэта працавала дзеля таго, каб тыя, хто выносіць незаконныя прысуды, ведалі, што ўсё гэта застаецца і нікуды не зьнікае. Гісторыя сьведчыць, што ўсе рэжымы рана ці позна зьмяняюцца і за свае ўчынкі давядзецца адказваць кожнаму».
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны паводле часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўленьня волі. Пасьля вызваленьня ў красавіку 2014 году над ім быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд. 17 ліпеня 2015 году рашэньнем Ваўкавыскага раённага суду прэвэнтыўны нагляд быў адменены. Аднак ужо 5 жніўня Гарадзенская абласная калегія судзьдзяў перагледзела рашэньне Ваўкавыскага суду, і 6 жніўня ў Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім прэвэнтыўны нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. 27 жніўня абласная калегія разгледзела скаргу Аўтуховіча, але пакінула рашэньне Ваўкавыскага суду бязь зьменаў.