«Пэрспэктыва» па выніках форуму прадпрымальнікаў падала заяву на мітынг у Парку дружбы народаў 15 лютага. Як ацэньваюць гэтую ініцыятыву апазыцыйныя палітыкі?
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што прадпрымальнікі «у цэлым ідуць правільным кірункам».
«Пакрыху яны вызваляюцца ад страху, паступова ад іх сыходзіць вера ў добрага цара. І калі напачатку яны вельмі эмацыйна рэагавалі на слова „плошча“, то цяпер яно адно з самых выкарыстаных у дыскусіях. Можа, хацелася б, каб гэта было больш хутка. Можа, хацелася б большай каардынацыі паміж прадпрымальнікамі і іншымі сацыяльнымі групамі. Але, я думаю, гэта яшчэ наперадзе. Патрэбны, вядома, перамовы, дыялёг, але, калі яны не падмацаваныя вулічнай актыўнасьцю ці страйкам, то гэта слабая перамоўная пазыцыя. Тое, што яны страйкуюць, недзе 80-90%, гэта плюс, хочацца, каб яны вытрымалі і не разьядналіся. І тое, што яны вырашылі ісьці на вуліцу. Нехта, можа, чакаў, каб яны ішлі да рэзыдэнцыі Лукашэнкі ці ва ўрад, а яны пойдуць на Бангалор. Але ўсё роўна гэта шлях да дзяржаўных устаноў, яны ўсё роўна да гэтага прыйдуць. Трэба ўжо задумацца і ладзіць агульную вулічную акцыю, бо ў грамадзтве назапасілася многа праблем».
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць правільным крокам тое, што дробныя гандляры вырашылі адстойваць свае інтарэсы шляхам вулічных акцый.
«Гэта крок наперад найперш для іх ва ўсьведамленьні мэтадаў, якімі яны эфэктыўна могуць абараняць свае правы і інтарэсы. Ці гэта пацягне за сабой таксама палітызацыю вось гэтай групы беларускага грамадзтва пакуль прагназаваць складана. Я думаю, хутчэй не. Яны будуць імкнуцца пазьбягаць палітызацыі, абмяжоўваючы свае патрабаваньні эканамічнымі тэмамі. Пераход да такой формы адстойваньня правоў як вулічныя акцыі я лічу правільным і пазытыўным. У тым ліку для ўсяго беларускага грамадзтва.
Бангалор — гэта тое месца, дзе сёньня можна правесьці неканфліктную вулічную акцыю. Гэта правільны выбар, бо ісьці на канфлікт на сёньняшні момант няма такога патэнцыялу, сілы ў гэтай групы грамадзтва.
Я думаю, рана ці позна яны будуць вымушаныя дарасьці да таго, каб альбо самім агучваць палітычныя патрабаваньні, альбо быць адкрытымі для супрацоўніцтва з палітычнай апазыцыяй, якая патрабуе сыстэмных палітычных перамен у краіне».
У менскім гатэлі «Пэкін» сёньня прайшоў форум прадпрымальнікаў, зладжаны грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва» і зьвязаны з, як сьцьвярджаюць арганізатары, немагчымасьцю выкананьня ўказу № 222. Ад пачатку году ў сувязі з пратэстам прадпрымальнікаў практычна цалкам пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры па ўсёй краіне.
«Пэрспэктыва» па выніках форуму прадпрымальнікаў падала заяву на мітынг у Парку дружбы народаў 15 лютага. Наступны форум прызначаны на 29 лютага.