Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Івацэвічаў зьбілі міліцыянты: «Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на...»


Сяргей Дылюк
Сяргей Дылюк

Сяргей Дылюк трапіў у івацэвіцкую лякарню з страсеньнем мозгу, сінякамі і кровападцёкамі. Спадар распавёў журналістам, што яго зьбілі міліцыянты.

57-гадовы жыхар Івацэвічаў Сяргей Дылюк кажа, што 23 студзеня да яго прыехалі міліцыянты ды завезьлі ў РАУС, дзе некалькі супрацоўнікаў яго зьбівалі, змушаючы прызнацца ў крадзяжы:

Як міліцыянты выбівалі паказаньні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

«Каля 7 ранку ў дзьверы пагрукалі міліцыянты. Кажуць, паехалі, маўляў, размова ёсьць. Забіраюць з хаты, завозяць у аддзел... То нейкі ровар на мяне „вешалі“, потым нейкую прыстаўку. Я так разумею, тэлевізійную прыстаўку, якая яшчэ можа быць прыстаўка?.. Ну вось, папабілі-папабілі... Страсеньне мозгу, ногі пабілі. Выбівалі на сваю карысьць. То я і кажу, усё, давайце, я буду падпісваць, што браў я, і адчапіцеся ад мяне. У выніку апынуўся ў лякарні... Нагамі, кулакамі білі. Я памятаю раз ды праз раз. Быў упаў на лаўку, участковы выходзіў, ды яшчэ кулаком зьверху стукнуў, і паплыло ўсё ізноў. Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на... Я галавой у сьценку. Гестапа!»

Вялікі кровападцёк на твары Сяргея Дылюка
Вялікі кровападцёк на твары Сяргея Дылюка
Зьбітыя ногі
Зьбітыя ногі

Пасьля РАУС Сяргей прыйшоў дахаты. Кажа, што было дрэнна, нават выклікаў хуткую. А ўжо ў панядзелак пайшоў у лякарню, дзе яго паклалі ў траўматалёгію.

Спадар Сяргей ня ведае імёнаў тых, хто яго зьбіваў, але кажа, што памятае іх у твар. Мужчына кажа, што некаторыя зь міліцыянтаў, якія яго білі, прыходзілі да яго ў лякарню:

«Яны былі тут у мяне. Як і што, куды, маўляў, заяву буду пісаць. Я кажу, што ня ведаю, але трэба бараніцца».

Сяргей Дылюк кажа, што міліцыянты намякалі яму, каб нікуды ня скардзіўся. Тым ня меней у прысутнасьці журналістаў ён напісаў заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб распачалі крымінальную справу па факце зьбіцьця і пакаралі вінаватых.

Спадар Дылюк піша заяву ў пракуратуру
Спадар Дылюк піша заяву ў пракуратуру

Мужчына кажа, што яму тут цяпер і дапамагчы няма каму. З сваякоў засталася толькі жонка нябожчыка брата:

«Я застаўся адзін, браты памерлі. Жыву па „ціхай вадзе“. Дзе прыйдзецца — падпрацую. Ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці. 57 гадоў пражыў на сьвеце і ні разу не прыцягваўся», — кажа Сяргей Дылюк.

Атрымаць камэнтар прадстаўнікоў праваахоўных органаў пакуль не ўдалося. Тэлефоны адказных за прадстаўленьне інфармацыі СМІ не адказваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG