Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямельны бунт у Горадні: улады хочуць забраць, падзяліць і прадаць участкі былых вяскоўцаў


Былая вёска Вішнявец, цяпер вуліца Вішнявец
Былая вёска Вішнявец, цяпер вуліца Вішнявец

У былой вёсцы Вішнявец, якая стала вуліцай Горадні, улады плянуюць ушчыльніць забудову і замест 49 надзелаў, якія існуюць цяпер, зрабіць 140 і прадаць іх з аўкцыёна. Жыхары супраць.

Гарадзенскія ўлады правялі сход з жыхарамі былой вёскі Вішнявец і патлумачылі, што на вуліцы будзе праводзіцца ўшчыльненьне забудовы. Паводле заканадаўства, зямельныя надзелы ў межах горада павінны налічваць ня болей за 10 сотак, а цяпер у многіх яны складаюць па 15-25 сотак.

Людзям давялі, што так званых «лішніх сотак» яны будуць пазбаўленыя. Абяцалі, што страты кампэнсуюць, праўда, толькі тым, у каго ёсьць цалкам аформленыя дакумэнты на зямлю.

Такую прапанову жыхары Вішняўца ўспрынялі ў штыкі. Кожны з былых вяскоўцаў напісаў заяву, што ня згодны з рашэньнем улады, а таксама падпісалі калектыўны ліст з патрабаваньнем не ўшчыльняць былую вёску.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з жыхарамі вуліцы Вішнявец у Горадні. Людзі адзін аднаго перабіваюць, ім многае не зразумелае з таго, што ўлады прапануюць. Ну вось, спадар Іван кажа, што тут хочуць пашырыць вуліцу паводле новага пляну, але ён ня можа ўцяміць, як гэта хочуць зрабіць:

— Вось, да прыкладу, дарога — яны зьбіраюцца пашырыць яе да 15 мэтраў. Ну але каб гэта зрабіць, давядзецца зносіць дамы, паколькі цяпер шырыня дарогі дзевяць з паловай мэтраў. Але навошта тут такі праспэкт? Я, канешне, супраць гэтага. Ды тут усе супраць.

Былая вёска Вішнявец, цяпер вуліца Вішнявец
Былая вёска Вішнявец, цяпер вуліца Вішнявец

Старэйшая жанчына дадае:

— Мы ўсе тут падпісаліся супраць гэтага, бо хочам, каб зямля засталася нам — гэта ж зямля нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

Яшчэ адна спадарыня кажа, што за гэтую зямлю плацілі ці ня кожныя пакаленьні іх продкаў. У вайну, паводле яе слоў, немцы тут папалілі хаты, і людзі адбудоўвалі іх нанова. Жанчына распавядае, што на гэтай зямлі ўсе па-ранейшаму вырошчваюць гародніну і садавіну і многія жывуць з гэтага. Яна ня можа зразумець, чаму павінна аддаць зямлю чужым людзям.

Яны дзесяць сотак нам пакідаюць, а 15 адразаюць і прадаюць з аўкцыёну. Калі я кажу, каб далі зямлю майму сыну, то гэта аказваецца супрацьзаконна, паколькі ён мае толькі адно дзіця і стаіць яшчэ далёка ў чарзе.

— Яны дзесяць сотак нам пакідаюць, а 15 адразаюць і прадаюць з аўкцыёну. Калі я кажу, каб далі зямлю майму сыну, то гэта аказваецца супрацьзаконна, паколькі ён мае толькі адно дзіця і стаіць яшчэ далёка ў чарзе, а спачатку дадуць тым, хто стаіць першымі ў чарзе.

Старэйшая спадарыня была на сходзе ў гарадзкой адміністрацыі і яе там многае зьдзівіла. Прадстаўнікі адміністрацыі абяцалі, што ўпарадкуюць вёску, пракладуць дарогу і каналізацыю, але людзі адказвалі, што нічога гэтага ня хочуць, абы толькі пакінулі іх у спакоі. Яе вельмі зьдзівіла тое, як улады зьбіраюцца кампэнсаваць іх страты:

— Нам, да прыкладу, патлумачылі так, што калі ў мяне адбяруць склеп, то тыя жыльцы, якія набудуць надзел, павінны будуць сплаціць мне за гэта. Ну, хіба такое можа быць? Я наагул з гэтым усім нязгодная. У маладосьці, калі мой муж пайшоў станавіцца ў чаргу на атрыманьне кватэры, то нам адказалі, што вы, маўляў, з сельскай мясцовасьці, і мы ў горад вас не бярэм, не прапісваем і кватэры не даём. А цяпер раптам нас з нагамі і рукамі забіраюць.

Крыж-абярэг перад былой вёскай Вішнявец. Такія крыжы традыцыйна ўсталёўваліся перад вёскамі ў даваенны час у Заходняй Беларусі
Крыж-абярэг перад былой вёскай Вішнявец. Такія крыжы традыцыйна ўсталёўваліся перад вёскамі ў даваенны час у Заходняй Беларусі

Жанчыны з крыўдай кажуць пра тое, што доўгі час іх жыцьцём наагул ніхто не цікавіўся, паказваюць, што нават дарог ніхто не прыяжджае чысьціць, а вось калі дайшло да таго, каб падзяліць і прадаць надзелы зямлі, то адразу знайшлося шмат кіраўнікоў, кажа спадарыня Ганна:

— Паглядзіце, яны лічаць, што мы ў складзе Горадні, а дарогі нам ня чысьцяць. Няма каму. У нас тут свой чалавек мае ўласны трактар і выяжджае сам і чысьціць. А сёньня яго няма і дарога не пачышчаная. Вось такія ў нас улады. Трэба ісьці толькі да Лукашэнкі, бо інакш нічога ня будзе.

Жыхары былой вёскі кажуць, што на наступным тыдні гарвыканкам павінен зацьвердзіць рашэньне, але калі ня будуць улічаныя і іх прапановы, то тады зьбіраюцца зьвяртацца непасрэдна да Лукашэнкі.

Намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкама Казімір Гецэвіч на пытаньне Свабоды, ці будуць улічаныя патрабаваньні жыхароў вуліцы Вішнявец пры складаньні дэтальнага праекту ўчасткаў, адказаў:

— Гэтае пытаньне будзе разглядаць адмысловая камісія і прадстаўнікі жыхароў вуліцы Вішнявец будуць таксама ўключаныя ў яе склад. Усё будзе разгледжана згодна з дзейным заканадаўствам. Мы працуем зь людзьмі вельмі акуратна, і інфармацыя па рашэньнях камісіі будзе агучаная публічна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG