Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Жызьнеўскі — сын Беларусі, герой Украіны


Міхась Жызьнеўскі
Міхась Жызьнеўскі

22 студзеня — другая гадавіна з дня трагічнай гібелі беларуса Міхася Жызьнеўскага, актыўнага ўдзельніка ўкраінскай рэвалюцыі Годнасьці і Свабоды.

Міхась быў другой па ліку ахвярай расстрэлаў Эўрамайдану зь «Нябеснай Сотні» — змагароў, якія палеглі на барыкадах за свабоду і незалежнасьць Украіны. Цела Міхася Жызьнеўскага пасьля адпяваньня і ўрачыстых провадаў прывезьлі з Кіева і пахавалі на родавых могілках па лініі маці ў вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем.

Украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Міхася Жызьнеўскага Ордэнам Герояў Нябеснай Сотні. На прыёме ў сваёй рэзыдэнцыі ўкраінскі прэзыдэнт асабіста ўручыў ордэн бацькам Міхася — Ніне Васільеўне і Міхаілу Пятровічу, паабяцаўшы, пасьля зьмены Вярхоўнай Радай заканадаўства, прысвоіць іх сыну і званьне Героя Ўкраіны.

З бацькамі героя Нябеснай Сотні напярэдадні жалобнай даты пагутарыў карэспандэнт «Свабоды».

Міхаіл і Ніна Жызьнеўскія
Міхаіл і Ніна Жызьнеўскія

— Якімі думкамі і клопатамі для Вас асабіста быў напоўнены гэты другі год бязь Мішы? Што хвалявала, а што, магчыма, хоць неяк парадавала ці супакоіла?

Ніна Васільеўна: «Мінае час, і, здавалася б, гэты боль, што сына няма, павінен быў бы сьцішыцца. Але гэты боль неяк усе разрастаецца, як сьнегавы камяк. І на кватэру гэтую глядзець нам зь Пятровічам цяжка, бо ведаем, што коштам жыцьця Мішы гэтая кватэра набытая.

Жылі, канечне, і надзеяй, што ўкраінская Вярхоўная Рада зьдзейсьніць свой праект па зьмене заканадаўства. Разумею, вайна там, вялікія праблемы, вялікая бяда. Але ж, думаю, што Радзе й двух хвілінаў хапіла б на зьмены й прысваеньне Мішы званьня Героя Ўкраіны. У Радзе, відаць, да канца не разумеюць, што Міша пахаваны ў Беларусі. І гэта ўсё адбіваецца на Мішынай магіле, адбіваецца на нас. Дзьве розныя краіны, і мы тут моцна прыгнечаныя. Нават зьведвае ціск наша дачка Наташа». Жызьнеўскія згадваюць, што летась яны перабраліся з найманай кватэры ва ўласную двухпакаёўку, набытую дзякуючы дапамозе ўраду Ўкраіны і тамтэйшых дабрачынных фондаў, якую яны надавалі сем’ям загінулых герояў Нябеснай Сотні.

Дом, дзе набылі кватэру Жызьнеўскія
Дом, дзе набылі кватэру Жызьнеўскія

У 2015 годзе грамадзкімі актывістамі Гомеля, Менску, шэрагу іншых гарадоў былі сабраныя сродкі на помнік Жызьнеўскаму. Яго ўсталявалі на могілках 3 ліпеня, у афіцыйны Дзень Незалежнасьці, а ўжо на пачатку восені невядомы вандал пад барэльефам на левым баку манумэнта вострым прадметам надрапаў па-расейску: «Предатель».

— Вы пісалі заяву ў міліцыю наконт вандалізму, а таксама патрабавалі ад Белдзяржстраху кампэнсацыі, паколькі помнік застрахаваны. Ці знайшлі зламысьніка і ці пакрыла дзяржаўная страхавая кампанія выдаткі на рэстаўрацыю пашкоджанай часткі помніка?

Міхаіл Пятровіч: «Страхавая кампанія бязь лішніх пытаньняў сплаціла страхоўку. Міліцыя ж ніякага пісьмовага адказу на нашую заяву не дала. А надпіс быў зроблены цьвёрдай рукою, літары напісаныя вострарэжучым прадметам, магчыма, з алмазным канцавіком. Так выразна падлетак не напіша. Ёсьць людзі, якія самі ня ведаюць, што робяць. Магчыма, і па камандзе гэта было зроблена. Нашы ўлады не павінны такога дапускаць, бо й законамі забаронена апаганьваць помнікі загінулым і памерлым».

Помнік Міхасю Жызьнеўскаму на радзіме, у вёсцы Сьцяг Працы, архіўнае фота 2014 году
Помнік Міхасю Жызьнеўскаму на радзіме, у вёсцы Сьцяг Працы, архіўнае фота 2014 году

Ніна Васільеўна: «Робяць усё гэта нашы мясцовыя, і міліцыя, пэўна, гэта ведае. І я здагадваюся, але не скажу, бо ў мяне Наташа пакутуе. Цяпер у Наташы сэсія — яна аднавілася ва ўнівэрсытэце. І мы молімся, каб яна ўсё здала ў гэтую зімовую сэсію. 22 студзеня — два гады па Мішу. Яна раілася: «Мама, я здам пазьней гэтую экалёгію». Я сказала: «Не, здавай, калі прызначана. Да Мішы мы зьезьдзім з табою ў любы іншы дзень».

— Два гады — працяглы адрэзак часу для сьледзтва. Ці паведамлялі Вам, хто аддаваў загад і хто ўчыніў забойства вашага сына?

Ніна Васільеўна: «Я ўжо некалькі разоў тэлефанавала Жэні Закрэўскай, нашай адвакатцы ва Ўкраіне, каб даведацца, як прасоўваецца сьледзтва. У адказ — цішыня і маўчаньне. Вось ужо два гады, які Міша загінуў. Але за два гады з генэральнай пракуратуры Ўкраіны ніякага паведамленьня. Нічога ня ведаем.

Мы калі езьдзім у Кіеў, то дамагаемся, каб Мішу было прысвоена званьне Героя Ўкраіны. І каб пасьмяротна прызналі ганаровым грамадзянінам хаця б той жа Белай Цэрквы, дзе ён жыў да Майдана, і назвалі вуліцу яго імем. Сярожа Залаты (гэта псэўданім камандзіра сотні, у якой змагаўся Міша) нам казаў: калі б быў Міша, трагедыі на вуліцы Інстытуцкай не было б. Мішу спэцыяльна забілі».

Пятро Парашэнка і яго жонка ўсклалі кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму на месцы яго гібелі ў Кіеве. 20 студзеня 2016 году
Пятро Парашэнка і яго жонка ўсклалі кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму на месцы яго гібелі ў Кіеве. 20 студзеня 2016 году

Міхаіл Пятровіч: «Калі была сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны з роднымі Герояў Нябеснай Сотні, то галава гэтай бацькоўскай арганізацыі пра Беларусь не сказаў ані слова — усё згадваў пра сваіх украінцаў. Адзін толькі Парашэнка адклікаўся пра Мішу надзвычай цёпла і абнадзейваў нас, што ўсё будзе зроблена. Будзе прысвоена і званьне героя. Мы ўжо зь Нінай ня сталі выступаць, бо ўсе там, нават са сваімі дробнымі клопатамі, зьвярталіся да прэзыдэнта. А гэтага, лічу, быць не павінна. Мы да гэтага часу спадзяемся, але пакуль у нас ніякіх паведамленьняў няма ні пра прысваеньне званьня героя, ні пра стыпэндыю, якую абяцалі сям’і. Ва Ўкраіне ёсьць закон: калі ў сям’і загінулага двое пэнсіянэраў, то бацькам аказваюць адмысловую дапамогу. У інтэрнэце была інфармацыя, што стыпэндыя Міхаіла Жызьнеўкага зацьверджана й нам, бацькам. Датэлефанавацца мы ня можам, бо часьцяком, калі мы набіраем Украіну, губляецца сувязь. Выглядае, што ўмешваюцца нейкія іншыя сілы ў Беларусі».

— Чым дапаможа вашаму Мішу наданьне званьня героя? Вам чым дапаможа?

Ніна Васільеўна: «Калі Парашэнка падпіша ўказ на прысваеньне Мішы званьня Героя Ўкраіны, ніхто помнік не зачэпіць. Тады будуць стаяць і баяцца і Ўсявышняга прасіць: „Госпадзі, зрабі так, каб помнік не апаганілі. Міша загінуў за мір і свабоду, каб людзі паважалі адзін аднаго“. Чалавек, прыехаўшы на могілкі, баяўся б пашкодзіць помнік, а пакланіўся б са словамі: „Дзякуй табе, Міша, за ўсіх нас“».

Міхаіл Пятровіч: «Будзе больш прыхільнікаў Беларусі ва Ўкраіне. Падрастае наша моладзь. І беларус будзе нейкім сымбалем і для Беларусі, і для Ўкраіны. Народ зразумее, што чалавек павінен быць свабодным, як быў такім Міша. Многія зробяць выснову: нельга быць да канца жыцьця рабом».

— А чым наагул захапляўся Міхась у Гомелі? Кім меўся стаць?

Міхаіл Пятровіч: «Дзесьці зь пятай клясы ён хадзіў у царкву. У велікодныя дні дапамагаў сьвятару. Ім былі вельмі задаволеныя, бо Міша ўсё разумеў з паўслова».

Ніна Васільеўна: «Цётка Шура, Аляксандра Карпенка, увесь час чакала Мішу з царквы. Сядзела на ганку і чакала Мішу: „Унучак, я цябе чакаю. Ты нешта мне нясеш?“ Ён: „Нясу, бабуля Шура“. Ён нёс ёй і хлябец пасьвенчаны, і батон. І на Спаса яблыкі, і пірог велікодны». Бабуля Шура: «Я ўжо чакаю», а ён: «Іду, іду».

— Скажыце, а сёньня як зьбіраецеся ўшанаваць памяць сына. Адкуль будуць госьці?

Міхаіл Пятровіч: «А трынаццатай гадзіне паедзем на могілкі. Будуць гамельчукі. Зь Менску маюцца прыехаць. З Украіны абяцалі. Зьбіраемся ўшанаваць памяць непасрэдна могілках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG