Сайт The Aviation Herald, які зьбірае інфармацыю пра авіяцыйныя аварыі, паведаміў пра няўдалую пасадку самалёта Boeing 747-200 беларускай авіякампаніі «Трансавіяэкспарт». Згодна з сайтам, гэта адбылося 26 сьнежня 2015 году.
Падчас пасадкі рэйс AL-9703 зь Менску на авіябазу ў Хаміс-Мушайце (King Khaled Air Base Airport, Саудаўская Арабія), піша The Aviation Herald, ударыўся рухавіком аб узьлётную паласу. Абышлося без пацярпелых, але рухавік для рамонту непрыдатны. Потым, згодна з сайтам, Boeing вылецеў у Менск на трох цэлых рухавіках і пасьпяхова прызямліўся ў беларускай сталіцы 6 студзеня.
Самалёт, дадае выданьне, вёз 100 тон бомбаў, прызначаных для выкарыстаньня ў ваенным канфлікце ў Емэне. Пілёт самалёта, па зьвестках The Aviation Herald, ня меў лётнай практыкі 7 месяцаў.
Выданьне даслала запыты Нацыянальнай радзе па бясьпецы на транспарце ЗША (NTSB), кампаніі Boeing і беларускаму боку, але пацьверджаньняў не атрымала. NTSB паведаміла, што не атрымлівала зьвестак пра такія падзеі. У адкрытых крыніцах інфармацыі пра палёты AL-9703 у гэты час няма.
Зьвесткі пра аварыю непраўдзівыя па ніводным з пунктаў, запэўніў Свабоду намесьнік дырэктара «Трансавіяэкспарту» Арцём Сікорскі:
Гэта канкурэнтная такая нейкая барацьба, каб нас выштурхнуць з гэтага рынку, нічога болей.
«Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасьці. Самалёт цяпер знаходзіцца ў Турэччыне, у Анкары. Нічога такога зь ім не адбывалася. 26 сьнежня самалёт, пра які вядзецца гаворка, такі рэйс не выконваў, у гэты час знаходзіўся ў зусім іншым месцы на іншым рэйсе. Гэта пераблытаў нехта зь нейкім самалётам, спрабуе прыцягнуць кампанію „Трансавіяэкспарт“.
Гэта канкурэнтная такая нейкая барацьба, каб нас выштурхнуць з гэтага рынку, нічога болей. Любыя перавозкі — камэрцыйная таямніца, але гэтая інфармацыя [пра груз бомбаў. — РС] таксама не адпавядае рэчаіснасьці, гэта канкрэтная выдумка. І мы ведаем кампанію, якая гэтую „качку“ прадставіла».