Дырэктар амэрыканскай выведкі Джэймс Клэпэр атрымаў ад кангрэсу ЗША ўказаньне правесьці маштабнае расьследаваньне пра прыхаванае фінансаваньне Расеяй эўрапейскіх палітычных партый за апошнія дзесяць гадоў.
Пра гэта ў нядзелю, 17 студзеня, піша брытанская газэта The Telegraph са спасылкай на крыніцу ў брытанскім урадзе.
У Вашынгтоне занепакоеныя тым, што Масква хоча скарыстацца разьяднанасьцю ў Эўразьвязе дзеля таго, каб падарваць актыўнасьць NATO, заблякаваць праграмы супрацьракетнай абароны ЗША і адклікаць санкцыі, накладзеныя краінамі Эўропы, адзначае The Telegraph.
Выведка ЗША будзе высьвятляць, ці фінансуюць расейскія спэцслужбы эўрапейскія партыі і арганізацыі з намерам «падрыву палітычнай згуртаванасьці».
Газэта адзначае, што Расея спрабуе ўзмацніць свой уплыў у Францыі, Нідэрляндах, Вугоршчыне, Аўстрыі і Чэхіі.
The Telegraph удакладняе, што крыніца адмовілася назваць, якія менавіта партыі могуць фінансавацца Расеяй. Але газэта адзначае, што пад расейскі ўплыў маглі трапіць ультраправыя эўрапейскія партыі, такія як францускі «Нацыянальны фронт», які атрымаў у 2014 годзе крэдыт на 9 мільёнаў эўра ў расейскім банку.