Ужо ўвесну ў Менску мае аднавіцца «Сьпеўны сход» — сустрэчы, на якіх аматары сьпяваюць народныя песьні. Арганізатары кажуць пра вялікі попыт на калектыўныя сьпевы й гатовыя нават праводзіць штотыднёвыя курсы ды майстар-клясы ў іншых гарадах. Ад больш актыўнай дзейнасьці іх стрымліваюць толькі фінансавыя выдаткі.
Усё пачалося з этнаграфічнай экспэдыцыі й конкурсу стартапаў
«Сьпеўны сход» нарадзіўся пасьля таго, як журналіст і піяр-мэнэджэр Аляксей Чубат схадзіў у этнаграфічную экспэдыцыю ў Горацкім раёне разам з Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у 2013 годзе. Там ён упершыню пабачыў, як людзі сьпяваюць народныя песьні, якім 200-300 гадоў.
«Гэта зьмяніла мяне, — расказаў Аляксей Свабодзе. — Я ўбачыў, што існуе жывая традыцыйная культура — сьпевы, танцы, абрады, вераваньні. І што яна ня йдзе са сцэны ці экрана ноўтбука, а ўпісаная ў жыцьцё чалавека».
У тым жа годзе ён патрапіў на абрад «Жаніцьба коміна» ў вёсцы Міхалькі Гомельскага раёну. На сьвяце выступаў і гурт «Vuraj», лідэр якога — Сяргей Доўгушаў.
«Яны выступалі проста ў старой хаце, — узгадвае Чубат. — І я зразумеў, што вось яно — спалучэньне традыцыйнасьці й сучаснасьці».
Пасьля «Жаніцьбы коміна» Чубат і Доўгушаў бачыліся яшчэ некалькі разоў. Аказалася, што думка пра калектыўныя сьпевы была і ў музыкі. Заставалася толькі прадумаць праект. Як адмыслова, у пачатку 2014 году Аляксей Чубат патрапіў на праграму па сацыяльным прадпрымальніцтве SocStarter.
«Атмасфэра стартапаў і натхнёных удзельнікаў дала патрэбны імпульс, — кажа Аляксей. — Я зразумеў, што трэба рабіць „Сьпеўны сход“. Але не як праект у сфэры сацыяльнага прадпрымальніцтва, а як грамадзка-культурны праект».
У беларусаў ёсьць сьпеўны ген
З 2014 году Аляксей зь Сяргеем правялі 17 тэматычных сьпеўных сходаў: традыцыйныя беларускія песьні, калядныя, дзіцячы фальклёр, песьні часоў ВКЛ і з Полацкага сшытку. У сярэднім на кожныя заняткі прыходзіць каля 100 чалавек. Усім удзельнікам раздаюць раздрукоўкі са словамі, праводзяць практыкаваньні на дыханьні, рыхтуюць голас. Потым усе разам паўтараюць песьні за Сяргеем Доўгушавым.
Сяргей — прафэсійны сьпявак. Ён працуе ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі й праводзіць прыватныя заняткі па сьпевах. Запэўнівае, што сьпяваць умее кожны.
«Праз калектыўныя сьпевы можна пазбавіцца ад сваіх заціскаў, — кажа Доўгушаў. — У некага засталіся комплексы пасьля музычных школ, нехта баіцца, што іншыя пачуюць ягоны голас. У нас жа такая нацыя: калі ўсе, тады й я. І калі зьбіраецца 80-100 чалавек і ўсе сьпяваюць, людзі разьнявольваюцца. Ва ўнісон гэта гучыць вельмі моцна».
Доўгушаў кажа пра сьпеўны ген, які маюць беларусы. Яшчэ пяцьдзясят год таму ў любой вёсцы было поўна людзей, якія сьпявалі. Вялікія архівы занатаваных сьпеваў таксама сьведчаць пра сьпеўнасьць нацыі.
«Гэтаму трэба надаць новае жыцьцё! — кажа Доўгушаў. — Ёсьць выпадкі, калі наведвальнікі сьпеўных сходаў ужо ў кавярнях і рэстарацыях пачынаюць сьпяваць песьні з нашага сьпеўнага сходу. Гэта самая галоўная мэта. Песьня павінна пайсьці ў народ і жыць далей».
Калі назьбіраем грошай, будуць нават курсы па сьпевах
Па словах Доўгушава, «Сьпеўны сход» — гэта найперш сацыяльны праект. Шмат хто хацеў бы паспрабаваць сьпяваць, але ня мае дзе гэта зрабіць. Каб мець магчымасьць ладзіць сходы часьцей, Чубат і Доўгушаў стварылі кампанію па зборы сродкаў на «Талакошце».
За сабраныя 40 мільёнаў рублёў маюць быць праведзеныя пяць сьпеўных сходаў: тры ў Менску і па адным у Берасьці й Віцебску.
«Калі мы зьбярэм больш грошай, то правядзем больш „Сьпеўных сходаў“, — кажа Чубат. — Ідэяў у нас шмат. Напрыклад, хацелася б у будучыні правесьці рэгіянальны сход дзе-небудзь у Берасьці, а потым прывезьці ў Менск палескія песьні».
Плян максымум — наладзіць рэгулярныя курсы па сьпевах. Доўгушаў кажа, што для тых, хто хоча больш сьпяваць, трэба зьбірацца мінімум раз на тыдзень. І людзей, гатовых займацца сьпевамі рэгулярна, прынамсі ў Менску, ужо дастаткова.
«Я вяду прыватныя заняткі па старадаўніх сьпевах, па калыханках ладжу майстар-клясы. То бок, людзей ахвочых хапае. І можна было б праводзіць такія заняткі ў межах «Сьпеўнага сходу».
Выкладчыкам на будучых курсах можа выступіць найперш сам Доўгушаў, а таксама іншыя музыкі, што ўжо праводзілі майстар-клясы ў межах «Сьпеўнага сходу». Ці зьявяцца курсы, залежыць ад таго, колькі зьбяруць грошай за два бліжэйшыя месяцы, і ці знойдзецца сталае памяшканьне для заняткаў.
«На сьпеўныя сходы ўжо цяпер ходзяць сем’ямі, — кажа Аляксей Чубат. — І людзі ўвесь час кажуць, што хацелі б часьцей зьбірацца».
Напрыклад, перакладчыца Аліна Стэфановіч наведвала папярэднія сьпеўныя сходы і часам прыходзіла зь дзецьмі. На яе думку, гэта добрая магчымасьць навучыцца сьпяваць для тых, хто не хадзіў у музычную школу й ня ведае нотаў.
«З задавальненьнем буду далей хадзіць. — сказала Стэфановіч Свабодзе. — Для мяне раз на два тыдні было б найбольш зручна. А для дзяцей, магчыма, трэба асобныя, дзіцячыя сьпеўныя сходы арганізоўваць».
Па народных песьнях хочам зрабіць караоке
У кожным разе «Сьпеўны сход» у 2016 годзе мае намер правесьці рэгіянальныя сустрэчы ў Берасьці й Віцебску. Абраныя менавіта гэтыя гарады, таму што Віцебшчына (Полаччына) і Палесьсе — сьпеўныя рэгіёны. Там багата матэрыялу, зь якім можна працаваць. А ў Віцебску ўжо раз праводзіўся «Сьпеўны сход».
«Актыўнасьць у рэгіёнах бывае нават большая, чым у Менску, — кажа Доўгушаў. — Паўсюль людзі цікавяцца сьпевамі».
Таксама абраныя менавіта два супрацьлеглыя памежныя рэгіёны так бы мовіць з геапалітычнага гледзішча.
«Важна культываваць там сваю культуру, каб супрацьстаяць культурнай экспансіі суседніх краінаў», — кажа Чубат.
Але арганізатары «Сьпеўнага сходу» не абмяжоўваюцца на абласных цэнтрах. Яны хацелі б, каб людзі ў іншых гарадах падхапілі іхнюю ідэю ды самастойна праводзілі заняткі. Доўгушаў гатовы правесьці для іх майстар-клясу ды навучыць будучых выкладчыкаў.
«Было б добра, каб у кожным горадзе знайшоўся свой кіраўнік сьпеўных сходаў».
Развучыць самастойна многія песьні можна ўжо сёньня. На старонцы «Сьпеўнага сходу» выкладзеныя словы многіх песьняў са спасылкай на запіс з выкананьнем песьні. Але для прасьцейшага навучаньня Доўгушаў хацеў бы зрабіць караоке па беларускіх народных песьнях.
«Так сьпевы будуць яшчэ больш даступныя, — кажа ён. — Бо недзе ў глыбіні кожнага беларуса ёсьць свой сьпеўны код, які трэба раскрыць».