У панядзелак 28 сьнежня лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разам з са сваімі паплечнікамі наведаецца на менскі рынак «Экспабел», дзе маецца сустрэцца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Спадар Лябедзька плянуе пераўвасобіцца ў касьцюм Дзеда Мароза, так што, як анансуюць у офісе АГП, візыт будзе «відовішчным і сьвяточным».
Ад 1 студзеня многія прадпрымальнікі могуць спыніць існаваньне празь немагчымасьць выкананьня ўказу № 222. Гандляры масава нясуць заявы ў адміністрацыі гандлёвых цэнтраў і рынкаў аб прыпыненьні ці спыненьні дзейнасьці. Пра гэта паведаміла Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».
Прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць «забойчы» указ ці прыпыніць яго дзеяньне на 6 месяцаў да выпрацоўкі аптымальнага рашэньня. Згодна з дакумэнтам, ад 1 студзеня 2016 году індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Гэта, сьцьвярджаюць яны, выканаць практычна немагчыма, паколькі расейскія пастаўшчыкі не выдаюць адпаведную дакумэнтацыю. У лісьце Аляксандру Лукашэнку, апублікаваным 15 сьнежня на сайце «Пэрспэктывы», прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць пастанову ўраду № 666 пра абавязковую санітарна-гігіенічную экспэртызу замежных тавараў, зьнізіць для індывідуальных прадпрымальнікаў стаўку адзінага падатку на 50-70% да таго моманту, пакуль сярэдняя зарплата па краіне не «дарасьце» да 1000 даляраў, накласьці на 5 гадоў мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах тэхрэглямэнту Мытнага саюзу, на палову зьменшыць штрафы для бізнэсу і спыніць практыку напаўненьня бюджэту праз канфіскацыйныя мэтады, перастаць канфіскоўваць тавары, калі не даказанае іх крымінальнае паходжаньне, адмяніць абавязковае ўсталяваньне плацёжных тэрміналаў.