Расейская паветраная кампанія ў Сырыі прывяла да рэзкага скарачэньня паставак гуманітарнай дапамогі ў гэтую краіну, што рэзка ўзмоцніць гуманітарны крызіс, паведаміла ў панядзелак газэта The Washington Post са спасылкай на адмысловую справаздачу ААН і паведамленьні няўрадавых арганізацыяў.
Пасьля таго, як турэцкія зьнішчальнікі зьбілі расейскі ваенны самалёт побач з турэцка-сырыйскай мяжой, Расея рэзка павялічыла інтэнсіўнасьць паветраных удараў па пазыцыях апазыцыйных сырыйскіх груп, якія дзейнічаюць на сырыйскай тэрыторыі, прылеглай да мяжы з Турэччынай. Аб’ектамі нападаў сталі прапускныя пункты на мяжы паміж дзьвюма краінамі і шашы, па якіх паступалі гуманітарныя грузы. Гэта прымусіла многія арганізацыі перапыніць пастаўкі, што закранула мільёны сырыйцаў, якія жывуць у гэтым рэгіёне, гаворыцца ў дакладзе ААН. Паводле зьвестак ААН, з пачатку паветранай кампаніі прынамсі 20 мэдыцынскіх устаноў сталі аб’ектамі расейскіх паветраных удараў.
The Washington Post цытуе прадстаўнікоў некалькіх гуманітарных арганізацыяў, якія паведамляюць, што расейская авіяцыя наносіць ўдары па грамадзянскай інфраструктуры, уключаючы збожжасховішча, хлебакамбінат, водаачышчальныя збудаваньні, цэнтар разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі. Супрацоўнік ААН паведаміў газэце, што каля 260 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў выніку расейскіх паветраных нападаў.