Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў Галадамор мінулага стагодзьдзя ва Ўкраіне праявай гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Парашэнкі на ягонай старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.
«Сёньня мы традыцыйна запальваем сьвечкі ў памяць ахвяраў Галадамору. Молімся за шматмільённы нябесны легіён ўкраінскага народу. Сьветлыя душы нявінна забітых украінцаў тут, нябачна побач з намі. Галадамор гэта нішто іншае як праява шматвяковай гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны», — напісаў прэзыдэнт Парашэнка.
28 лістапада ва Ўкраіне адбыліся жалобныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах Галадамору. На ўсёй тэрыторыі Ўкраіны прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі і абмежаванае правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў.
Паводле ацэнак украінскай Акадэміі навук, ахвярамі масавага голаду ва Ўкраінскай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы ў 1930-я гады сталі 4,5 мільёны чалавек. Галадамору папярэднічалі гвалтоўная калектывізацыя сельскіх гаспадарак, раскулачваньне сялян, хлебанарыхтоўчая кампанія, масавы тэрор на сяле.
У 2006 годзе Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала Галадамор актам генацыду ўкраінскага народу.