Прадстаўнік фэдэральнага пракурора Бэльгіі Эрык Ван дэр Сіпт ноччу на прэс-канфэрэнцыі паведаміў пра 16 арыштаваных падчас рэйдаў паліцыі, зьвязаных з расьсьледаваньнем тэрактаў у Парыжы 13 лістапада. Паводле яго слоў, сярод затрыманых няма аднаго з галоўных падазраваных у датычнасьці да нападаў Салаха Абдэслама.
Бэльгійскія праваахоўнікі не паведамляюць аніякіх дэталяў пра затрыманых, як і не вылучаюць канкрэтных абвінавачваньняў у дачыненьні да падазраваных «у інтарэсах сьледзтва».
«Ні адна дадатковая інфармацыя пра выяўленыя аб’екты і арыштаваных асобаў ня можа быць прадстаўленая. Пакуль агнястрэльнай зброі або выбуховых рэчываў ня знойдзена», — сказаў прадстаўнік пракурора Бэльгіі.
Апэрацыі па забесьпячэньні бясьпекі грамадзян Бэльгіі працягваюцца, адзначылі ў пракуратуры.
Падчас рэйдаў, якія завяршыліся позна ўвечары ў нядзелю, паліцыя правяла 19 ператрусаў у рэгіёне Брусэль, а таксама тры ператрусы ў Шарлеруа, горадзе ў рэгіёне Валонія на поўдні Бэльгіі.
Паводле дадзеных прадстаўніка пракурора, падчас ператрусу бара аднаго з раёнаў Брусэля мужчына на аўтамабілі пратараніў аўто паліцыі і спрабаваў уцячы. Паліцыянты двойчы стрэлілі ў аўтамабіль уцекача, параніўшы яго. Мужчыну затрымалі, але пацьверджаньняў яго датычнасьці да расьсьледаваньня справы аб тэрарыстычных нападах няма.
Брусэль застаецца на найвышэйшым узроўні трывогі — чацьвёртым, які быў абвешчаны 21 лістапада.
Прэм’ер-міністар Шарль Мішэль заявіў, што «ёсьць дастаткова дакладная інфармацыя аб рызыцы нападу, падобнага таму, што адбыўся ў Парыжы» 13 лістапада. Ён выказаў здагадку, што магчымымі мішэнямі баевікоў могуць стаць гандлёвыя цэнтры, камэрцыйныя кварталы або грамадзкі транспарт. Як заявіў Мішэль, мэтро, усе школы і ўнівэрсытэты будуць зачыненыя ў Брусэлі 23 лістапада. Прэм’ер таксама анансаваў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі, каб разгледзець сытуацыю ў краіне. Узровень падвышанай трывогі пакуль застаецца, дадаў ён.
Па словах бэльгійскага прэм’ера, улада робіць усё магчымае, каб вярнуць горад да нармальнага жыцьця настолькі хутка, наколькі гэта магчыма.
Мэр Брусэля даў загад закрыць кавярні і рэстараны, разьмешчаныя побач з гандлёвымі цэнтрамі і грамадзкімі будынкамі.
Брусэль апынуўся ў цэнтры расьсьледаваньняў, калі высьветлілася, што падазраваныя ў датычнасьці да нападаў у Парыжы, у выніку якіх загінулі 130 чалавек і параненыя сотні людзей, жылі ў Бэльгіі.
Бэльгійская паліцыя позна ўвечары 22 лістапада завяршыла спэцыяльную апэрацыю ў Брусэлі. Грамадзкае тэлебачаньне Бэльгіі аб’явіла пра гэта амаль апоўначы па мясцовым часе і анансавала начную прэс-канфэрэнцыю дзяржаўнага пракурора з гэтай нагоды 23 лістапада. Раней у бэльгійскай сталіцы абвясьцілі рашэньне не аднаўляць у панядзелак працу мэтрапалітэна. Таксама ў гэты дзень ня будуць працаваць мясцовыя школы і ўнівэрсытэты.
21 лістапада быў абвешчаны чацьвёрты ўзровень трывогі. Станцыі мэтро бэльгійскай сталіцы былі зачыненыя на выходныя, і падзеі, такія як футбольныя матчы, былі адмененыя. Дадатковыя меры бясьпекі былі ўведзеныя ў цягніках, на вакзалах, аэрапортах.