З дапамогай праграмы Tor Messenger можна зрабіць бясьпечнай перапіску, якую раней было лёгка чытаць зламысьнікам і спэцслужбам. У Расеі тым часам змагаюцца з аднаполымі парамі ў смайліках Telegram.
Праект Tor, вядомы стварэньнем ананімнага браўзэра, які дазваляў, сярод іншага, доступ у «таемны інтэрнэт», прадставіў праграму з адкрытым зыходным кодам Tor Messenger. Пакуль мэсэнджэр праходзіць бэта-тэставаньне (карыстальнікаў папярэджваюць пра магчымыя абрывы сувязі). Ён даступны толькі для настольных кампутараў пад Windows, Linux і OS X.
Ад іншых праграмаў для бясьпечнай перапіскі Tor Messenger адрозьніваецца тым, што ўмее шыфраваць паведамленьні ў звыклых мэсэнджэрах і сацсетках: Jabber (XMPP), IRC, Google Talk, Facebook, Twitter і Yahoo. Шыфраваньне празь сетку Tor уключаецца ў Tor Messenger адразу, як толькі праграма будзе ўсталяваная, а запіс актыўнасьці карыстальніка адключаны. Такім чынам, зламысьнікі ці спэцслужбы тэарэтычна ня змогуць ні прачытаць паведамленьні, ні даведацца, адкуль яны напісаныя.
Тым часам у Расеі моладзевы праект «Сетка», які выступае супраць аднаполых шлюбаў, выпусьціў «патрыятычны мэсэнджэр» RuGram на базе ўстойлівага да ўзломаў мэсэнджэра Паўла Дурава Telegram. Ад Telegram ён адрозьніваецца толькі наборам смайлікаў: замест аднаполых параў у смайліках зьявілася «георгіеўская стужка», Пуцін, Кадыраў, Жырыноўскі, бульбіна з вусамі, танк, Крым з расейскім сьцяжком і іншыя. Атрымаць апэратыўны камэнтар ад Telegram пра магчымасьць чытаньня перапіскі ў RuGram зламысьнікамі і спэцслужбамі не ўдалося.