Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Рассадзін — адзіны праціўнік іўрыту на пячатцы з Лаўрышаўскага манастыра?


Матрыца-пячатка Лаўрышаўскага манастыра
Матрыца-пячатка Лаўрышаўскага манастыра

Працягваецца дыскусія вакол надпісу на старажытнай пячатцы, знойдзенай пад Наваградкам.

Спэцыялістка ў галіне эпіграфікі Іна Калечыц кажа пра «грэцка-славянскую вэрсію» як папярэднюю, прафэсар Канстантын Цукерман альтэрнатывы іўрыту на пячатцы ня бачыць.

Прафэсар Сяргей Рассадзін адстойвае вэрсію прачытаньня надпісу на матрыцы-пячатцы, знойдзенай у Лаўрышаўскім манастыры пад Наваградкам, як «Сьвятая пýстынь», дзе першае слова напісанае грэцкай абрэвіятурай, а другое — кірыліцай. Апытаныя Свабодай спэцыялісты па габрэйскім пісьменстве ўпэўнена кажуць, што надпіс чытаецца як [יצחק אייזי[ק — імя Іцхак-Айзі[к], напісанае габрэйскім квадратным шрыфтам.

У сваіх развагах Рассадзін спасылаецца на спэцыялістку ў галіне эпіграфікі Іну Калечыц як аўтара прачытаньня «Сьвятая пýстынь». Свабода зьвязалася з спадарыняй Калечыц і атрымала наступны адказ:

«Калі Вы ўважліва глядзелі тэлепраграму ад 12 верасьня (маецца на ўвазе сюжэт у тэлепраграме „Панарама“. — РС), то маглі пачуць там такія словы: „пакуль такая вэрсія“, „поводле папярэдняй вэрсіі“, „дакладна можна сказаць пасьля ўсіх дасьледаваньняў“. Я не займалася і не займаюся спэцыяльным вывучэньнем надпісу на пячатцы».

На просьбу пракамэнтаваць «габрэйскую вэрсію» Калечыц спаслалася на вышэйзгаданыя словы: не займалася вывучэньнем надпісу.

У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Рассадзін таксама заяўляў, што на «габрэйскую вэрсію» прачытаньня «рэакцыі габрэйскіх спэцыялістаў не было, што характэрна, і наўрад ці будзе, бо там людзі сур’ёзныя». У якасьці такога вартага даверу спэцыяліста ён згадаў прафэсара Канстантына Цукермана, француска-габрэйскага адмыслоўца ў гісторыі Бізантыі і сярэднявечнай Усходняй Эўропы, і паведаміў, што адсылаў яму інфармацыю пра знаходку і відэасюжэт — маўляў, «ён у курсе».

Прафэсар Цукерман распавёў, што даведаўся пра тое, што яго імя «нейкім чынам замяшалася ў гісторыю зь пячаткай», толькі ад карэспандэнта Свабоды:

«Ніякага меркаваньня наконт чытаньня надпісу на пячатцы я раней не выказваў (пасылаў мне яе Сяргей Рассадзін ці не пасылаў, цяпер ужо й не праверыш), а паглядзеўшы яе па вашай просьбе, ніякай альтэрнатывы габрэйскай яе інтэрпрэтацыі я ня бачу. Ніякіх ідэяў наконт магчымага датаваньня пячаткі і яе паходжаньня ў мяне няма».

Археолягі, якія знайшлі пячатку, датавалі яе XIII стагодзьдзем. Але першыя згадкі пра габрэяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі датуюцца 1388 годам, калі князь Вітаўт выдаў у Луцку прывілей габрэям Берасьця. На думку некаторых навукоўцаў, габрэі маглі зьявіцца на землях сучаснай Беларусі яшчэ ў ІХ—ХІ стагодзьдзях, але дакумэнтальных ці археалягічных сьведчаньняў гэтага няма.

Пячатка будзе прадстаўленая шырокай публіцы 1 лістапада, яе прэзэнтацыя пройдзе недалёка ад месца знаходкі — у двары Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Арганізатары абяцаюць, што дадуць гасьцям патрымаць унікальную знаходку ў руках і дэталёва яе разгледзець. Са словаў спадара Рассадзіна, ён выступіць разам зь Інай Калечыц з дакладам пра пячатку 6 лістапада ў Акадэміі навук на канфэрэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG