Для кіраўніцтва партыі гэтае пытаньне было асабліва актуальнае, бо кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч, якая фармальна прадстаўляла на выбарах грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», адначасова ёсьць чальцом БСДП (Грамада). У палітычных кулюарах нават зьявіліся чуткі, што менскай гарадзкой арганізацыі даручылі разгледзець пытаньне аб выключэньні экс-кандыдаткі з шэрагаў партыі.
Старшыня сталічнай гарадзкой партыйнай арганізацыі гісторык Анатоль Сідарэвіч быў дакладчыкам на паседжаньні ЦК. У размове са Свабодай ён патлумачыў:
— Караткевіч не была прадметам абмеркаваньня. У парадку дня было пытаньне — «Вынікі палітычнай кампаніі „Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь“». Мы прынялі кампрамісную рэзалюцыю, якую прапанаваў Алег Трусаў. У гэтай пастанове прозьвішча Караткевіч наагул ня згадваецца.
— Але, мабыць, падчас дыскусіі ўзьнікала пытаньне пра яе?
— Так, я і ў дакладзе яе згадваў. І ўдзельнікі дыскусіі — таксама. Але ніякай указкі наконт яе лёсу не было.
— Аднак паколькі дыскусія была, то, мабыць, нехта яе асуджаў, нехта падтрымліваў?
— Я так скажу: заступнікаў Тацяны Караткевіч практычна не было. Але мы — сацыял-дэмакраты. І мы ня сячэм з-за пляча. А як яно будзе разгортвацца далей, пабачым.
Тацяны Караткевіч на паседжаньні ЦК не было. Яна дагэтуль у замежных паездках. Вярнуцца ў Беларусь мае бліжэй да канца гэтага тыдня.