З 17 кастрычніка Facebook пастанавіў папярэджваць карыстальнікаў аб актыўнасьці, што нагадвае атаку «спансаваных дзяржавай актывістаў». Калі адміністрацыя западозрыць, што на акаўнт нацэленая атака дзяржаўных службаў, ці што акаўнт ужо ўзламаны, карыстальнік атрымае паведамленьне, што на настольнай вэрсіі сайту будзе мець такі выгляд:
«Мы робім гэта таму, што такія віды нападаў, як правіла, больш прасунутыя і небясьпечныя за іншыя, — тлумачыць у блогу Алекс Статмас, галоўны афіцэр бясьпекі Facebook. — І мы настойліва раім пацярпелым прыняць неабходныя меры, каб забясьпечыць усіх сваіх анлайн-акаўнтаў».
Такое паведамленьне, як сьцьвярджае Статмас, не зьвязанае з праблемамі ў бясьпецы самога Facebook: яно можа сьведчыць пра шкоднае праграмнае забесьпячэньне на кампутары альбо смартфоне карыстальніка. Людзі, якія пабачаць такое паведамленьне, мусяць зрабіць наступнае:
— Зьмяніць пароль ад акаўнта. Пажадана рабіць пароль доўгім і складаным, зь лічбамі, вялікімі і малымі літарамі. Напрыклад, «mkV1S2Knuh», што лёгка запомніць як «мой кот ВАСЬКА нарадзіўся ў 12 годзе».
— Уключыць двухэтапную аўтэнтыфікацыю: пацьверджаньне ўваходу у сацсетку праз бясплатнае SMS, у якім карыстальніку прыходзіць дадатковы код. У такім разе зламысьніку прыйдзецца скрасьці ня толькі пароль ад сацсеткі, але і тэлефон карыстальніка.
— Праверыць кампутар на вірусы і шкодныя праграмы: спампаваць адзін зь бясплатных антывірусаў альбо набыць платны, спампаваць альбо набыць сродак ад шкодных (malware) праграмаў.
— Надалей выконваць базавыя правілы бясьпекі ў інтэрнэце, а важную інфармацыю перадаваць праз сродкі, што цяжка ўзламаць.
«Каб абараніць цэласнасьць нашых мэтадаў і працэсаў, мы часта не зможам тлумачыць, як мы зьвязваем пэўныя атакі і падазроных нападнікаў, — дадае Статмас у блогу. — Тым ня менш, мы плянуем выкарыстоўваць гэта папярэджаньне толькі ў сытуацыях, калі ёсьць моцныя доказы нашых высноваў».