Пасьля двухдзённага страйку прадпрымальнікі сабраліся на полацкім кірмашы, каб падпісаць зварот, складзены РГА «Пэрспэктыва». Яны вырашылі, што зноў выйдуць працаваць, але будуць бараніць калег у выпадку канфіскацый тавару.
Адміністрацыя полацкага кірмаша выклікала прадпрымальніцу-актывістку Вольгу Шарстабітаву для тлумачэньняў, што за паперу падпісваюць прадпрымальнікі. Гразіліся нават «выклікаць міліцыю і КДБ», каб выкрыць «падбухторшчыкаў да несанкцыянаваных дзеяньняў». Праз паўгадзіны Вольгу Шарстабітаву адпусьцілі.
«Спачатку запалохвалі ўсіх. Потым сказалі, што ўсё адбываецца з межах закона, што праверкі будуць працягвацца. А я сказала, што прадпрымальнікі рыхтуюць зварот у райвыканкам, а копію — у адміністрацыю прэзыдэнта. Каб паўсюль ведалі, што ў нас тут адбываецца», — апавяла прадпрымальніца.
Прадпрымальнік Генадзь Берданеў лічыць, што не апошнюю ролю ў такім сыходзе справы адыграла салідарнасьць прадпрымальнікаў:
«Усе бачылі, што мы чакаем, ці адпусьцяць Шарстабітаву. У мінулую пятніцу, калі пачаліся канфіскацыі, мы ўсе разам адбаранілі тавар некаторых нашых прадпрымальнікаў ад канфіскацыі. Магчыма, дзейнічалі і нетактоўна — проста выправажвалі з ралетаў падатковую і прадстаўнікоў адзьдзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Учора некалькі соцень прадпрымальнікаў сабраліся каля райвыканкаму, на перамовы з падатковай АБЭЗ задзілі шасьцёра чалавек. Вярнуліся ні з чым: нам сказалі, што мы вінаватыя, і што канфіскацыі праводзяць на законных падставах».
Канфіскацыі тавараў, якія пачаліся на полацкіх кірмашах з мінулага аўторка, і сталі прычынай страйку 16-17 кастрычніка. Падатковая інспэкцыя ды іншыя службы маюць прэтэнзыі да дакумэнтаў на тавары. Згодна з указам № 222, ад беларускіх гандляроў патрабуюць афіцыйных папераў, якія пацьвярджалі б набыцьцё і якасьць закупленых рэчаў. Бальшыня тавараў набываецца гуртам у Расеі, тамтэйшыя рэалізатары не даюць дакумэнтаў, якія задаволілі б беларускія структуры. Паперы, якія прадпрымальнікі прывозяць з суседняй краіны і якія яшчэ нядаўна лічыліся сапраўднымі, цяпер не праходзяць праверак.
Прадпрымальнікам абвясьцілі, што будуць пасьлядоўна правяраць дакумэнты ад усіх расейскіх фірмаў, указаных у накладных. Дакумэнты ад расейскіх пастаўшчыкоў «ІП «Троіцкая Н.П.», ІП «Троіцкі Ю.Н.» прызнаныя несапраўднымі. На чарзе — праверкі накладных расейскіх фірм «Камфорт» і «Прэстыж».