Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы, як тыя ваўкі ў сьцяжках» — вершы Ўладзімера Высоцкага выйшлі па-беларуску


Магілёвец Міхась Булавацкі пераклаў 45 вершаў знанага савецкага паэта, барда, актора. Радыё Свабода пагаварыла зь перакладчыкам пра беларускія актуаліі творчасьці прызнанага і непрызнанага артыста, які, паводле перакладчыка, не прымаў расейскай турэмшчыны.

Зь Міхасём Булавацкім гутарым у ягоным невялікім пакоі ўнівэрсытэцкага інтэрнату. На стале стос кніг «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе». У ёй 45 перакладзеных вершаў Уладзімера Высоцкага паралельна з арыгінальным тэкстам.

«Мяне вабіла творчасьць Высоцкага. Ня дзіва, што яго нікуды не пускалі празь яе — ні на тэлебачаньне, ні на радыё. Нічога нідзе не круцілі, нягледзячы на ягоны вялікі акторскі талент. А талент быў, і ён мяне прыцягваў» — кажа Міхась Булавацкі:

«А чаму перакладаць узяўся? Канец 1980-х гадоў. Нам, выкладчыкам ВНУ, дазволілі, уявіце сабе, чытаць лекцыі на беларускай мове. А мы ад яе адвыклі. І яна вярталася натужна. Трэба было паскорыць гэты працэс. Я тады пачаў перакладаць тэксты на беларускую мову. І аднойчы неяк слухаў „Паляваньне на ваўкоў“ Высоцкага і адчуў: два радкі добра кладуцца на нашу мову. Захацелася ўвесь твор перакласьці. Калі ж атрымаўся гэты пераклад, чаму не перакласьці іншыя? Гэтак і пайшло».

Міхась Булавацкі ў 1999 годзе выдаў першы невялікі зборнік перакладзеных твораў Высокага. Іх было 27. Суразмоўца прызнаецца: пераклады былі недасканалымі, і ён гэта разумеў. Чакаў крытыку, заўвагі, парады. На працягу наступных пятнаццаці гадоў даводзілася многае перарабляць.

«Вось і выйшаў зборнік. Выдаўся даволі прыгожым, — не бяз гонару, гартаючы старонкі, адзначае Булавацкі. — Да яго нараджэньня спрычыніліся вельмі знаныя людзі. І Бураўкін яго глядзеў, і Барадулін, і Баршчэўскі на яго паклаў нямала часу, і наш магілёўскі знаўца мовы карпеў над рэдактураю. Цяпер можна пець мае пераклады. Ужо чуў, як Аляксей Нежавец зь Менску сьпяваў. Але больш ніхто пакуль».

«Ці лёгка кладуцца вершы Высоцкага на беларускую мову?», — пытаюся ў перакладчыка.

«Гэта залежыць ад твора, — адказвае ён. — Некаторыя творы, якія я дужа хацеў перакласьці, так і ня змог. Кінуў. Адзін з такіх „Он не вернулся из боя“. Мой пераклад раскрытыкаваў Лявон Баршчэўскі. Дарэчы, адзін гэты радок „Он не вернулся из боя“ ня лёг на беларускую мову. „Ён не вярнуўся з бою“, гучыць ужо ня так. Я яго круціў і гэтак, і гэтак. Урэшце кінуў. Баршчэўскі мне адпісаў, што ёсьць перакладзены твор, лепшы за мой. Таму, як выглядае, ня толькі я перакладаю на беларускую мову Высоцкага».

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

Карані Высоцкага зь Беларусі, з-пад Берасьця, заўважае Булавацкі. Беларускі рэжысэр Віктар Тураў здымаў фільмы зь яго удзелам. У Наваградку паставілі бюст сьпевака.

«Праўда паставілі ціха, ціха, каб ніводзін журналіст не паведаміў. Нават нікога не запрашалі з Расейскай амбасады. Дагэтуль постаць Высоцкага выклікае нейкія пытаньнечкі», — адзначае Міхась Булавацкі.

«Але цяпер у Расеі асоба Высоцкага нібыта абагаўляецца», — пярэчу суразмоўцу.

«Так, нібыта абагаўляецца, нават у школьнай праграме ён ёсьць, але... Калі б Высоцкі жыў, то ён бы ад цяперашняй расейскай улады каменя на камяні не пакінуў. Высоцкі б не прызнаваў, што робіцца цяпер у Расеі. Ён ставіўся б да яе, як цяпер Андрэй Макарэвіч, але выказваўся б больш жорстка і энэргічна. Там гэта адчуваюць, і, нягледзячы на тое, што ён нібыта прызнаны, стаўленьне да яго асьцярожнае», — мяркуе Міхась Булавацкі.

«Цяпер ужо не такая цікавасьць да Высоцкага, як тады ў Савецкім Саюзе была, — працягвае суразмоўца. — Тады было забаронена. І нам хацелася забароненае чуць. Мы ж адчувалі якасьць таго забароненага. А цяпер не забаронена — і цікавасьць не такая».

«На чым трымалася народная любоў да Высоцкага?, — пытаю ў Булавацкага. — Няўжо людзі гэтак былі апазыцыйна настроеныя, і Высоцкі быў аддушынай?»

«У яго быў маленькі досьвед эўрапейскага жыцьця. Ягоны бацька ж быў вайскоўцам і служыў у Нямеччыне. Там вольнасьць была. І ён прызвычаіўся да яе. Малое дзіця больш разумее, чым мы думаем. І, калі вярнуліся ў Савецкі Саюз, ён ня мог прыняць расейскай турэмшчыны. Людзі нібыта прынялі гэты лад жыцьця ў СССР, але адчувалі яго ненармальнасьць».

«Ці актуальная творчасьць, грамадзянская пазыцыя Высоцкага для цяперашняй Беларусі?»

«Паслухай словы. Якія ў іх вобразы. Гэта ж усё кладзецца на цяперашнюю Беларусь лепей, чым на Расею. Беларусь, да жалю, застаецца больш савецкай. Яе наш начальнік трымае ў такім антуражы. Таму, як неаднойчы казаў Высоцкі, што хацеў бы, каб ягоныя песьні састарэлі, дык яны ў нас не старэюць. Хоць бы тая ж „Паляваньне на ваўкоў“. Тыя ваўкі імкнуцца за сьцяжкі. А ў нас увесь народ імкнецца за сьцяжкі, якімі агароджваюць нашу прастору».

«Няхай людзі ведаюць: Савецкі Саюз разбурылі не Краўчук, Шушкевіч ды Ельцын, а такія, як Высоцкі, як Сахараў, як Быкаў, як той жа Кукабака. Такіх было шмат. Мы проста замала ведаем пра іх дагэтуль. Як ні вынішчай апазыцыйнасьць да ўлады, яна да канца не вынішчаецца. Заўжды знойдуцца пратэстоўцы, якія будуць, ахвяруючы здароўем, дабрабытам і нават жыцьцём, казаць сваю праўду. І Высоцкі быў з такіх людзей».

«Адзін з найбольш удалых маіх перакладаў — гэта верш „Выбар“. Яго я прысьвяціў Міхаілу Жызьнеўскаму:

Мы не памром пакутным існаваньнем!
Мы лепш надзейнай сьмерцю ажывём!
»

3 лістапада на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя зборніка перакладзеных Міхасём Булавацкім вершаў Уладзімера Высоцкага. Кніга выйшла ў афармленьні Яраслава Мальдзіса, сына вядомага беларускага навукоўца Адама Мальдзіса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG