Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары «Шэсьця нацыянальнага сьцяга» і ўдзельнікі мітынгу 11 кастрычніка атрымалі позвы ў міліцыю і ў суды


Шэсьце нацыянальнага сьцяга ў Менску, 10 кастрычніка 2015 году
Шэсьце нацыянальнага сьцяга ў Менску, 10 кастрычніка 2015 году

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька і экс-кандыдат на прэзыдэнта падчас кампаніі 2010 году Ўладзімер Някляеў атрымалі па дзьве позвы адразу зь міліцыі Савецкага і Цэнтральнага раёнаў.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Напісана, што гэта тычыцца падзеяў 10 кастрычніка — „Шэсьця нацыянальнага сьцяга“. У Савецкі РУУС выклікалі яшчэ на 15 кастрычніка, а на сёньня — у Цэнтральны. Тое, што адразу дзьве раённыя ўправы міліцыі спаборнічаюць за тое, каб мяне пакаралі за гэтую акцыю, фармальна зьвязана зь перасоўваньнем шэсьця з тэрыторыі Цэнтральнага раёну ў Савецкі. Але тут відавочна парушэньне закону, які не дазваляе судзіць за адну і тую ж правіннасьць двойчы. Яшчэ мне паведамілі, што ёсьць позва ў Цэнтральны раённы суд, але на які час, пакуль невядома, не магу сустрэцца з паштальёнам», — паведаміў Анатоль Лябедзька.

Таксама дзьве позвы — у Савецкі і ў Цэнтральны РУУС — атрымаў Уладзімер Някляеў. У міліцыю ісьці ён не зьбіраецца, затое яўкі ў суд не выключае.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«І хачу зараз папярэдзіць тых сьведак-міліцыянтаў, якія будуць сьведчыць, што я там быў, парушаў, нібыта лаяўся і гэтак далей. Калі яны прыйдуць на гэты суд і будуць сьведчыць, што я там быў, лаяўся і парушаў, я іх абвінавачу ў тым, што яны парушылі загад, так бы мовіць, свайго галоўнакамандуючага. Лукашэнка ж заявіў на выбарах, што ён аддаў загад нікому зь сілавых структур не прысутнічаць на "Шэсьці нацыянальнага сьцяга"10 кастрычніка. Дык як яны там апынуліся? За гэта іх мусяць паперці з тых службаў. Таму хай яны там падумаюць, перш чым распавядаць пра мяне казкі».

16 кастрычніка мусіць зьявіцца ў міліцыю Маскоўскага раёну літаратар Адам Глобус, які напярэдадні атрымаў адпаведную позву.

Адам Глобус
Адам Глобус

«Гэта за акцыю 11 кастрычніка, калі я проста праходзіў побач, пацікавіўся, што адбываецца, і даў інтэрвію мэдыям. У міліцыю пайду, даведаюся, чаго ад мяне хочуць», — сказаў Адам Глобус карэспандэнту Свабоды.

Сёньня аб 14.30 у судзе Маскоўскага раёну мае пачацца адміністрацыйны працэс над удзельнікам стыхійнага мітынгу на плошчы Незалежнасьці 11 кастрычніка Артурам Жуком. Пра гэта ён паведаміў праз сацыяльныя сеткі. Маладога чалавека абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG