Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятланa Алексіевіч, голас Чырвонага чалавека


Міленка Ергавіч
Міленка Ергавіч

Харвацка-басьнійскі пісьменьнік Міленка Ергавіч пра прысуджэньне нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлане Алексіевіч: «Швэдзкая акадэмія ужо даўно не прымала такіх сьмелых і такіх чыстых зь літаратурнага гледзішча рашэньняў».

Чацьвер, трынаццаць дваццаць. Я толькі што прыйшоў з кавярні «Ван Гог», дзе я ў жывой трансьляцыі на сайце nobelprize.org сачыў за абвяшчэньнем ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Паслаў віншаваньне майму беларускаму сябру і перакладчыку. Я ўсё яшчэ ўзрушаны і спрабую як найдаўжэй расьцягнуць сваю ўзрушанасьць. Гэтак бывае рэдка: здараецца нешта вялікае і важнае, што выклікае захапленьне, якое перамагае ўсе пакуты, беды і нягоды будзёншчыны, усю банальнасьць жыцьця ў краіне, дзе таблоіды і фэйсбук замянілі сабою патрэбу ў літаратуры, пісьменьніках, кнігах, у размове пра тое, што прачыталася. Вядома ж, вялікасьць падзеі ня ў тым, што абвешчаны нобэлеўскі ляўрэат, і што нават гэтая непісьменная частка сьвету, Харвацкае радыё і тэлевізія і іншыя недаробленыя мас-мэдыі пра нейкага пісьменьніка, дакладней пісьменьніцу, ад гэтага моманту будуць гаварыць зь іншым тонам і акцэнтам, а ў тым і вялікасьць, і важнасьць, што Нобэлеўскай прэміяй у літаратуры ўшанаваная менавіта Сьвятлана Алексіевіч.

Гэта вельмі эўрапейскі, а разам з тым і вельмі асаблівы выбар. Як тады, калі быў узнагароджаны вялікі баўгарын, габрэй, аўстрыец, нямецкамоўны пісьменьнік Эліяс Канэці, або калі трыма гадамі раней, у 1978 годзе, прэмію атрымаў Іцхак Башэвіс Зынгер, які пісаў на адной эўрапейскай мове, што зьнікла з дымам нацыстоўскіх крэматорыяў, або калі ў 1961 годзе быў ушанаваны вялікі югаслаўскі (нашчадкамі якога лічаць сябе сэрбы і сёй-той басьнійскі харват...) апавядальнік і раманіст Іва Андрыч, які стварыў літаратурную гісторыю пра малую і закінутую эўрапейскую краіну Босьнію і які ў эўрапейскую літаратурную сьвядомасьць вярнуў атаманскую Турцыю як яе складовую частку; ды ўрэшце такім самым, вельмі асаблівым нобэлеўскім выбарам быў і сам Архан Памук, які вярнуў эўрапейскай літаратуры вялікую гісторыю пра горад і гарадзкі характар нашай цывілізацыі.

Так, і да Сьвятланы Алексіевіч былі набэлісты з Усходняй Эўропы, але не з такой закінутай, прыніжанай і маргіналізаванай краіны, як Беларусь, і ня ў тым часе, калі Ўсходняя Эўропа раптам перастала быць тэмай эўрапейскіх дэмакратычных і літаратурных абмеркаваньняў, пасьля таго, як ёй падманам замест абяцанай свабоды падсунулі банальныя макдональдсаўскія забягалаўкі. Былі і раней усходнеславянскія набэлісты, але пасьля Аляксандра Салжаніцына ў 1970 годзе не было таго або той, хто б сваім словам сьведчыў пра жахлівы стан свайго сьвету. Тым часам як Салжаніцын сьведчыў пра краіну Гулагу, лягераў і бясконцага прыніжэньня, якое зазнае першая асоба адзіночнага ліку, Сьвятлана Алексіевіч сьведчыць пра нешта яшчэ горшае і страшнейшае: сьведчыць пра паразу свабоды і пра страту апошніх ілюзіяў наконт самой магчымасьці свабоды. Можа, яна магчымая для нейкага будучага пакаленьня, таго, якое яшчэ не пачало нараджацца, але для нас, жывых, яе ўжо ніколі ня будзе — мы, жывыя сьведкі камунізму і вязьні посткамуністычнага сьвету, свабоды ўжо не пабачым. Ці ня ёсьць перабольшаньнем і гэтая першая асоба множнага ліку, і зьмяшчэньне нас, тутэйшых, у алексіевіцкую постсавецкую і постбрэжнеўскую парадыгму? На жаль, не. І хоць наша колішняя будзёншчына непараўнальная з будзёншчынай працоўных людзей і грамадзянаў у краінах рэальнага сацыялізму, нашы посткамуністычныя нягоды ніколькі ня розьняцца. Паміж Харватыяй і Беларусьсю або Харватыяй і Расеяй розьніца толькі ў нюансах, ну і вядома, у памерах.

Сьвятлана Алексіевіч — сама па сабе літаратурная велічыня, бо яе сукупная жыцьцёвая творчасьць сьведчыць пра нашу эпоху так, як можа сьведчыць толькі літаратура.

Выбар Сьвятланы Алексіевіч у нечым належыць да выключэньняў: яна ня піша вершаў, раманаў і апавяданьняў. Не займаецца мастацкім выдумваньнем, гэта пярэчыць ня толькі яе пісьменьніцкім стратэгіям, але і яе маралі. Яна забараніла сама сабе нешта прыдумляць. Сьвятлана Алексіевіч насамрэч журналістка, але няма нічога скандальнага або нязвыклага — хоць сярод харватаў знайшліся б і зьдзіўленыя, і раззлаваныя — у тым, што ёй прысуджана Нобэлеўская прэмія. Гаворка тут не пра агульнавядомы факт, які прынагодна схільныя пахваліць і тутэйшыя людзі, што журналістыка часам набывае літаратурную каштоўнасьць і што ня мусіць быць розьніцы паміж добрым стылем у журналістыцы і добрым бэлетрыстычным стылем; Сьвятлана Алексіевіч — сама па сабе літаратурная велічыня, бо яе сукупная жыцьцёвая творчасьць сьведчыць пра нашу эпоху так, як можа сьведчыць толькі літаратура.

Дзякуючы выдавецтву Edicije Božičević і ў нас, амаль нечакана, два гады таму выйшла яе кніга «Час сэканд-хэнд» з падзагалоўкам «Канец чырвонага чалавека» (пераклаў Фікрэт Цацан), зь дзясяткамі сьведчаньняў пра распад Савецкага Саюзу. Што здараецца, калі найбольшая імпэрыя сьвету, дзе ніколі не заходзіць сонца і чые гаспадары амаль паўстагодзьдзя валодаюць большай часткай плянэты, абрынецца на галовы сваіх падданых? Алексіевіцкія гісторыі, без адзінага выключэньня, інтымныя і прыватныя. Яна бярэ інтэрвію ў звычайных, зможаных людзей, дае ім выгаварыцца, падштурхоўвае іх да таго, каб яны казалі і тое, у чым яны да Суднага дня не прызналіся б ні сабе, ні іншым, і перадае іх споведзі як драматычныя маналёгі, зь якіх нейкім дзіўным чынам прабіваецца шматвяковы літаратурны досьвед, ад Антыгоны да Шэксьпіра і да Дастаеўскага, так што чытач на імгненьне і ня ведае, што ён насамрэч чытае і якая тут роля самой Сьвятланы Алексіевіч. Яна ня робіць высноваў, не гаворыць, маўчыць, яе голасу ў гэтай кнізе няма.

«Час сэканд-хэнд» — гэта частка адной вельмі жывой і важнай усходнеэўрапейскай літаратурнай традыцыі, якая асабліва прысутная ў Польшчы, дзе кнігі нон-фікшн, літаратурныя рэпартажы і падарожныя нататкі выдаюцца з асаблівай увагай і шанаваньнем, а ў асяродзьдзі добра выхаванай літаратурнай публікі часам чытаныя больш за бэлетрыстыку і раманы. Такая традыцыя паклікаецца на волатаў накшталт Гамбровіча і Хэрлінг-Грудзінскага, а таксама на вялікага клясыка польскай рэпартажнай журналістыкі Рышарда Капусьцінскага, чые кнігі часта перакладаюцца і на нашы мовы. Калі ў 2011 годзе Сьвятлана Алексіевіч атрымала ва Ўроцлаве «Ангелуса», прэмію, якая прысуджаецца найлепшай сярэднеэўрапейскай кнізе, за кнігу пра жанчын, беларусак, украінак і расеек з франтоў Другой сусьветнай вайны, абышоўшы геніяльнага апавядальніка і раманіста Ісмаіла Кадарэ, ніхто не зьдзівіўся, не знайшлося на старонках сур’ёзных польскіх газэт і літаратурных часопісаў тых, хто б мудра разважаў пра адрозьненьні паміж журналістыкай і высокай літаратурай.

Пісьменьнікі накшталт Сьвятланы Алексіевіч магчымыя толькі ў краінах і культурах з традыцыяй прозы нон-фікшн, дзе ёсьць разуменьне таго, што гісторыя існуе толькі тады, калі яна расказаная і што сьведчаньняў пра эпоху не бывае па-за словамі і мовай.

Пісьменьнікі накшталт Сьвятланы Алексіевіч магчымыя толькі ў краінах і культурах з традыцыяй прозы нон-фікшн, дзе ёсьць разуменьне таго, што гісторыя існуе толькі тады, калі яна расказаная і што сьведчаньняў пра эпоху не бывае па-за словамі і мовай. Дарэмныя фільм і фатаграфія, дарэмная тэлевізія: чалавек — апавядальная істота, няма гісторыі па-за тэкстам. У нашых убогіх паўднёваславянскіх правінцыях ня будзе лёгка тым, хто зараз паспрабуе чытаць Сьвятлану Алексіевіч, каб зразумець, што было ў галаве ў Швэдзкай акадэміі, калі яна сёньня а першай гадзіне папаўдні абвясьціла гораду і сьвету сваё рашэньне. А што б усчалася, калі б знайшоўся нехта, хто б ім сказаў, што Акадэмія ўжо даўно не прымала такіх сьмелых і зь літаратурнага гледзішча чыстых рашэньняў. Сустрэнем воплескамі Сьвятлану Алексіевіч і яе велічыню, сустрэнем воплескамі швэдзкіх акадэмікаў, бо яны сёньня далі нам нагоду пагаварыць пра гэтую жанчыну, якая і ўчора была нічым ня меншая. Яе ўшанавалі Нобэлем, але і Нобэль у нечым быў ушанаваны Сьвятланай Алексіевіч.

Яна нарадзілася 31 траўня 1948 году ў Станіслававе, які сёньня завецца Івана-Франкоўск, горадзе ў Заходняй Украіне, ад бацькі беларуса і маці ўкраінкі. Журналістыцы вучылася ў Менску і ў савецкія часы працавала ў розных мясцовых газэтах і літаратурных часопісах. Вядомасьць прынесьлі ёй кнігі-сьведчаньні пра Другую сусьветную вайну, Чарнобыльскую катастрофу, савецка-аўганскую вайну. Выгнаная рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, у 2000 годзе выяжджае з краіны і гадамі жыве ў Парыжы, Гётэборгу, Бэрліне, пакуль у 2011 годзе не вяртаецца ў Менск. Рэжым у міжчасе не зьмяніўся, але, думаю, рэжымныя псы ў міжчасе зразумелі, хто такая Сьвятлана Алексіевіч. На працягу дзевяностых і дзьвюхтысячных яна атрымлівае найважнейшыя літаратурныя прэміі па ўсёй Эўропе — у тым ліку і заснаваную ў 2011 годзе прэмію Рышарда Капусьцінскага, якая хоць далёка і ня самая важная, затое вельмі значная, знакавая — але мала перакладаецца на ангельскую мову. Гэта варта нагадаць, бо паасобныя амэрыканскія літаратурныя крытыкі і журналісты, ня бачачы праблему ва ўласнай культуры, могуць пагардліва сьцьвердзіць, што Нобэлеўскую прэмію зноў атрымаў нехта, пра каго яны ніколі ня чулі.

Сьвятлана Алексіевіч, як мы ўжо сказалі, мяшанага нацыянальнага паходжаньня — прынамсі з тутэйшай пэрспэктывы — а што яшчэ страшней, піша не на беларускай, а на расейскай мове. Беларускія пісьменьнікі часам бываюць схільныя яе гэтым папракаць, што і ня дзіўна, калі ведаеш, што іх мова, як і ўкраінская, аж да здабыцьця незалежнасьці была адсунутая на ўзбочыну жыцьця, а тыя, хто на ёй гаварыў, лічыліся нацыяналістамі і правінцыяламі. Але напэўна нікому ўжо й заўтра ня прыйдзе ў галаву сказаць, што Сьвятлана Алексіевіч не беларуская, а расейская пісьменьніца. Беларусь, як і Ўкраіна, дзьвюхмоўная ў такой ступені, што мова функцыянуе інклюзіўна, а не эксклюзіўна, выключаючы.

Кажуць, што яна мае непрыемны характар і ў паводзінах іншых часам адчувае агрэсіўнасьць, нават калі для гэтага няма ніякіх падставаў. Ня ведаю чаму, але калі я пра гэта пачуў, мне падалося, што яна мае рацыю. Ва ўсякім разе, заўтра Сьвятлану Алексіевіч будуць любіць і цаніць больш, чым учора. І хоць, праўда, не ў яе краіне, знойдуцца і такія, бо ідыётаў, параноікаў, літаратурных аналітыкаў і геастратэгаў ніколі не бракуе, хто ў прэміі для Алексіевіч будзе шукаць нейкія пазалітаратурныя прычыны і матывы. Я ўжо й цяпер іх чую, тут ня трэба вялікай фантазіі, як яны крычаць пра тое, што сёлетні Нобэль прысуджаны пад рэха вайны ва Ўкраіне. Але чаму тады ўшанаваная не Аксана Забужка, чаму ня Юры Андруховіч, бо ж яны ўкраінскія пісьменьнікі, або чаму ня нейкі апазыцыйны расейскі літаратар — і такія б лёгка знайшліся? Сьвятлану Алексіевіч з вайною ва Ўкраіне зьвяжа толькі той, хто ні пра тую вайну нічога ня ведае, ні саму Алексіевіч не чытаў.

Сьвятлана Алексіевіч у сваёй літаратурнай творчасьці сьведчыць пра паразу і страту. Пра што б яна ні пісала, з кім бы ні гаварыла, гэта яе дзьве неадступныя тэмы. Калі ў наступным годзе будзе адзначацца круглая, трыццатая гадавіна Чарнобыльскай катастрофы, магчыма, знойдзецца нехта, хто перакладзе і гэтую яе кнігу. Некалі ў Харватыі былі выдавецтвы, якія спаборнічалі за тое, каб першымі выкупіць правы і выдаць кнігу новага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі. Але тады былі іншыя выдаўцы і іншыя рэдактары. І так, было б несправядліва менавіта цяпер, у тры сорак, у той дзень, калі Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, забыцца павіншаваць Наташу Мадвэд, якая бездакорна адрэдагавала для выдавецтва Edicije Božičević гэтую кнігу, не замінаючы калегу-перакладчыку ў нюансах. Калі б не яна, Сьвятлана Алексіевіч так і засталася б для нашага чытача абсалютна ананімнай. Важна, што так ня здарылася і што мы яшчэ на маленькі крок наблізіліся да Эўропы.

Пераклаў Сяргей Шупа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG