Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі лепш, чым у Нямеччыне». Інтэрвію з сырыйцам, які ўцёк ад вайны ў Менск


Сырыец Ахмад пераехаў у Менск са сваёй жонкай і двума дзецьмі 2,5 гады таму. У той час ужо пачаліся бамбёжкі Дамаску, і дзеля дзяцей бацькі вырашылі пераехаць на радзіму жонкі — у Беларусь. Пра беларускую стабільнасьць і распусту Ахмад расказаў Свабодзе.

Людзі сталі злымі, добрых не засталося

Поўнае імя сырыйца — Ахмад Фэрас Аль Ясіні. Сырыйскі патрыёт, ён не суадносіць сябе ні з адным ваюючым бокам. Раён, дзе ён зь сям’ёй жыў у Дамаску, не абстрэльваўся. Адзінае, там увесь час ва ўсіх правяралі дакумэнты.

«Мы не былі супраць кагосьці. Мы не былі супраць рэжыму. Тых, хто ня лезе, іх не краналі», — кажа Ахмад.

Калі ваенныя дзеяньні наблізіліся да гораду, салдаты сталі займаць жылыя дамы. На даху катэджу ягоных бацькоў яны ўсталёўвалі зброю. «І людзі сталі злымі, добрых не засталося», — кажа Ахмад.

Паводле яго слоў, складана вызначыць, хто за каго ваюе цяпер у Сырыі. Ахмад лічыць, што большасьць — гэта звычайныя бандыты. Яны ведаюць, што не панясуць пакраньня, а таму рабуюць бяз страху.

«Вельмі страшна стала ў нас, — кажа Ахмад. — Ніхто ня хоча там больш жыць».

Праз вайну ўсё часьцей сталі зачыняцца школы. Бывала, дзеці месяцамі не хадзілі на заняткі. Таму бацькі вырашылі паехаць у Менск. Зь вялікага дому ў Дамаску яны перасялілся ў двухпакаёвую кватэру на праспэкце Дзяржынскага.

«Кватэра дарагая, але вельмі маленькая».

Працую спэцыялістам па халялі й сантэхнікам

З жонкай Ахмад пазнаёміўся, калі жыў у Дубаі. Ён працаваў з турыстамі, арганізоўваў палёты на паветраных шарах, гонкі па пустыні. Вольга прыехала туды на адпачынак з бацькамі. Шлюб рабілі ў Беларусі, нейкі час жылі ў Дубаі, а потым зьехалі ў Сырыю.

«Каб не вайна, мы б не прыяжджалі, — кажа Ахмад. — Жонцы там усё падабалася».

Два гады ў Менску Ахмад працаваў сам на сябе — працаваў плітачнікам, электрыкам, сантэхнікам і гандляром.

«У мяне залатыя рукі, — кажа ён. — Я ўсё ўмею рабіць. Нават кухарам магу працаваць». Апошнія паўгады ў Ахмада сталая праца: ён спэцыяліст па халялі на птушкафабрыцы ў Дзяржынску. Але ведаючы ягоныя здольнасьці ў мэханіцы і сьлясарнай справе, яго прыцягваюць рамантаваць сантэхніку і нават вытворчыя мэханізмы.

Ягоны заробак на фабрыцы сёньня — каля 350 даляраў. Каб ня дзеці, думае Ахмад, яны б з жонкай лепш паехалі ў Дубай ці ў Заходнюю Эўропу, дзе можна нашмат больш зарабіць. «Праца тут ня вельмі, і яе мала. Жывем тут дзеля дзяцей, пакуль яны ходзяць у школу».

Усе праблемы пачынаюцца з Амэрыкі і «freedom»

Халяльную ежу Ахмад рыхтуе ня толькі на працы. Ён тлумачыць, што халяль патрэбны ня толькі для мусульманаў. Калі няправільна забіць жывёлу, у ёй застанецца кроў, якая шкодная для чалавека.

Праз тое, што халяльную ежу ў Беларусі мала дзе гатуюць, іхнія дзеці ў школе не харчуюцца: маці робіць ім абед з сабой. Ахмад кажа, што напісаў заяву дырэктару, патлумачыў, што ў іх мусульманская сям’я, і ягоных дзяцей вызвалілі ад абавязковага школьнага харчаваньня.

Уся іх сям’я мусульманская. Калі ён пабраўся шлюбам зь беларускай, яна прыняла ісьлям. Праблемаў з рэлігіяй, кажа Ахмад, у Беларусі няма. Ні яму, ні дзецям ніхто не замінае ў сваім веравызнаньні. Тубруе яго толькі антырэлігійнае асяродзьдзе, якога ў іх не было ні ў Сырыі, ні ў Эміратах. Ахмад кажа пра моладзь, якая п’е на вуліцах, дзяўчат, якія ходзяць у адкрытай вопратцы.

«Мне расказвалі, што раней у вас было лепей. Вось у царкву жанчыны ў вас ходзяць у хустцы, як і ў нас. Гэта ўсё прыйшло з Эўропы, з Амэрыкі, цяпер у вас вучаць, як там — freedom. З гэтага пачынаюцца ўсе праблемы».

Але ў параўнаньні з Заходняй Эўропай і Амэрыкай, якія ён хваліць за высокія заробкі, у Беларусі ня так усё дрэнна з маральнымі каштоўнасьцямі, лічыць Ахмад.

«Тут лепш, чым у Нямеччыне, жыць. Выдатна! — кажа Ахмад. — Там могуць два мужчыны разам жыць — гэта ненармальна. Але, дзякуй Богу, у вас такога пакуль няма».

Каб не вайна, нас тут не было б

За 2,5 гады Ахмад ужо ня раз сутыкаўся зь беларускай бюракратыяй. Напрыклад, ён так і ня змог здаць «на правы», паколькі ня можа хутка чытаць па-расейску, каб здаць тэсты. Часам выручае, калі ён гаворыць з даішнікамі па-ангельску ці арабску. Але ўжо колькі разоў яму даводзілася плаціць штраф у 1,5 мільёны.

«Я выдатна кірую, маю правы з Сырыі і ААЭ, — кажа Ахмад. — Але ў Беларусі зь відам на жыхарства можна толькі адзін год езьдзіць па замежных правах».

Таксама ўжо каторы раз ягонай маці адмаўляюць у атрыманьні візы ў Беларусь. Ёй 61 год, і Ахмад хацеў бы перавезьці яе ў больш бясьпечнае месца.

Каб даслаць запрашэньне сырыйскаму грамадзяніну, яму трэба мець дзьве тысячы даляраў на банкаўскім рахунку ў якасьці страхоўкі. Нерухомасьць жа ва ўлік не бярэцца.

«Я зарабляю 350 даляраў, на жыцьцё не хапае, як я магу накапіць дзьве тысячы? І ўвогуле, маёй маці 61, яна ня будзе тут нелегальна працаваць, чаго яны баяцца?»

Гэтак і для іншых сырыйцаў прыехаць у Беларусь, калі ў іх няма кантактаў у Беларусі, вельмі складана. Таму тут іх ня так шмат, як у краінах Заходняй Эўропы сёньня. «Каб вайны не было, я б сюды не паехаў, — кажа Ахмад. — У нас там усё ёсьць. Я павінен жыць у сваёй краіне — у Сырыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG