У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка. Гэта прафэсійнае сьвята для звыш 200 тысяч выкладчыкаў, якія навучаюць і выхоўваюць каля 2 мільёнаў школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. Беларускамоўнае віншаваньне накіраваў сваім калегам міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў:
— Гэта адна з самых гуманных, высакародных і патрэбных прафесій. Разьвіцьцё любой дзяржавы, яе месца ў сьвеце залежыць ад ступені адукаванасьці грамадзтва, таму праца пэдагога — праца духоўнага сейбіта: з пасеяных ім зярнятак асьветы, дабра і мудрасьці вырастае чалавек сёньняшняга і заўтрашняга дня. Кожная сям’я ў гэты дзень выказвае словы глыбокай удзячнасьці і павагі настаўнікам, выхавацелям — тым, хто кожны дзень аддае свае веды і душу нашым дзецям і ўнукам.
200 тысяч выкладчыкаў Беларусі працуюць больш чым у 8 тысячах адукацыйных установах, абсалютная большасьць якіх — расейскамоўныя.
Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў — гэта 0,1% ад агульнай колькасьці. У 2013/2014 іх было ўдвая больш — 600 чалавек.
У дашкольных установах адукацыі на расейскай мове выхоўваюцца больш за 90% дзяцей — 368 тысяч.
Лічбы па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове, за апошнія гады зьнізілася ад 19% да 14%. Калі ў 2001-2002 навучальным годзе вучняў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове, было больш за 400 тысяч, то ў 2014-2015 гадах засталося ўсяго 135 тысяч. Толькі ад 2010 года да 2015-ы колькасць беларускамоўных вучняў скарацілася на 43 тысячы. У асноўным беларускія школы засталіся ў сельскай мясцовасці, але з кожным годам яны скарачаюцца з прычыны нізкай укамплектаванасьці вучнямі.
У гарадах сытуацыя з выкладаннем на беларускай мове ў школах катастрафічная. У Менску толькі 5 гімназій і 1 школа паводле сваіх статутаў маюць беларускую мову навучання, а ў абласных цэнтрах і буйных гарадах няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы.
У Гародні ў сэзоне 2014/2015 у двух школах і гімназіі навучаліся па-беларуску 26 дзяцей. Пры тым, што да сярэдзіны 1990-х каля 80% гарадзенскіх школаў былі беларускімі. У Магілёве — адзіная кляса зь беларускай мовай навучання, у якім адна вучаніца. У Віцебску і Гомелі беларускамоўныя клясы адсутнічаюць наогул. У Берасьці ўпершыню ў гэтым навучальным годзе адчынілі клясу зь беларускай мовай навучаньня, у які ходзяць чатыры хлопчыкі.
Гэтаксама назіраецца тэндэнцыя скарачэньня колькасьці ахвотных здаваць моўны тэст па-беларуску: у 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў, 76% абіралі расейскую мову. Пры тым, што яшчэ ў 2007 годзе суадносіны былі значна больш парытэтнымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па расейскай.