Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігурант справы «графіцістаў»: невядомыя асобы двойчы праніклі ў кватэру бацькоў


Паводле аднаго з абвінавачаных па «справе графіцістаў» Максіма Пякарскага, Сьледчы камітэт працягвае расьсьледаваньне, справу не зачынілі. На мінулым тыдні ён зноў быў на допыце. Максім Пякарскі заявіў, што графіцісты не прызнаюць сваёй віны ў хуліганстве.

«Двое з нас на падпісцы аб нявыезьдзе — я і Вадзім Жаромскі, мы адседзелі 20 дзён. Вячаслаў Касінераў ляжаў у бальніцы, яму зламалі сківіцу. Спачатку ён быў пад вартай, а потым гэтую варту зьнялі. Цяпер ён на волі і мае статус падазраванага. Ульяненку адпусьцілі ў той жа вечар, і ён таксама цяпер у якасьці падазраванага. Нас выклікаюць літаральна штодня на допыты, нам пагражае да шасьці гадоў. Увесь час у іх узьнікаюць пытаньні, адкуль прыйшлі такія ідэі, робяць вочныя стаўкі паміж намі. На гэты момант справа не закрываецца, і невядома, куды яна ідзе», — сказаў карэспандэнту Свабоды Максім Пякарскі.

«На сайце Сьледчага камітэту зьявілася хлусьлівая інфармацыя, што мы нібыта прызналі сваю віну ў хуліганстве і раскайваемся. Гэта ня так. Мы прызналі, што мы гэта зрабілі, намалявалі і кіраваліся не хуліганскімі намерамі, а творчымі пачуцьцямі, мы выказалі сваё ідэалягічнае меркаваньне ў такім выглядзе, намаляваўшы графіці. І сваёй віны па 339 артыкуле, другой частцы — „Хуліганства“ — мы не прызнаём. Мы прызнаём, што папсавалі маёмасьць малюнкам. Але гэта было выключна з творчых намераў».

Таксама Максім Пякарскі адзначыў, што на фігурантаў справы працягваецца псыхалягічны ціск.

«Акрамя таго, што нас увесь час выклікаюць у Сьледчы камітэт, невядомыя асобы двойчы праніклі ў кватэру бацькоў, пакінулі на падлозе пасьля сябе шмат сьлядоў ад абутку, некаторыя рэчы былі не на месцы, але нічога ня зьнікла. Невядома, што рабілі там ці чаго шукалі. Сьведкі распавялі нам, што бачылі ў гэты час ля дома аўтамабіль «Джылі» з нулявым рэгіёнам на нумарах. Як вядома, такія аўтамабілі і з такімі нумарамі належаць «сілавікам».

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя за беларускамоўныя графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама за пэцканьне фарбай сацыяльнага білборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

20 жніўня Сьледчы камітэт прад’явіў абвінавачаньні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па артыкуле «Хуліганства, учыненае групай асобаў».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» запатрабаваў неадкладна вызваліць Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага з-пад варты.

31 жніўня Пякарскага і Жаромскага адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе і падпіску аб неразгалошваньні інфармацыі па справе.

У заяве Сьледчага камітэту ад 31 жніўня гаворыцца:

«Абвінавачаныя сваю віну ў інкрымінаваных дзеяньнях прызналі цалкам, чыстасардэчна раскаяліся і пакрылі прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме.

Тлумачачы сьледчым матывы сваіх дзеяньняў, адзін з падазраваных апавёў, што пашкодзіў білборды з-за крыўды на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

З улікам выкананьня неадкладных сьледчых дзеяньняў па справе, прызнальных паказаньняў абвінавачаных, іх раскаяньня і кампэнсацыі нанесенай шкоды, а таксама ўлічваючы той факт, што абвінавачаныя ня змогуць перашкодзіць далейшаму расьсьледаваньню крымінальнай справы, сьледзтва палічыла магчымым хадайнічаць перад пракурорам аб зьмене меры стрыманьня. Гэтае хадайніцтва задаволена».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG