Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце гавораць пра зьняцьце санкцыяў зь Беларусі ў абмен на далейшыя саступкі Менску


У камітэце па замежных справах Эўрапарлямэнту адбыліся слуханьні па Беларусі. У іх узялі ўдзел Дырэктар аддзелу Эўрапейскага партнэрства Эўрапейскай службы зьнешняй палітыкі Гунар Віганд і адмысловы дакладчык ААН Міклаш Харасьці. На слуханьнях выступіў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Дырэктар аддзелу Эўрапейскага партнэрства Эўрапейскай службы зьнешняй палітыкі Гунар Віганд, адзначыў, што хаця самае галоўнае патрабаваньне ЭЗ — вызваленьне палітычных вязьняў — было выкананае — гэта не азначае, «што цяжкі стан з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі зьмяніўся за адну ноч». Ніякіх сыстэмных зьменаў у гэтым накірунку ў краіне не адбылося, падкрэсьліў Гунар Віганд і нагадаў, што «грамадзянскія і палітычныя правы былых палітычных зьняволеных не адноўленыя, а іх вызваленьне было зробленае такім чынам, каб не дапусьціць іх удзелу ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах».

Тым ня менш, існаваньне палітычных зьняволеных было адной з галоўных прычынаў, з-за якіх былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, нагадаў Гунар Віганд.

«Дакладны адказ Эўразьвязу на вызваленьне палітвязьняў да гэтага часу абмяркоўваецца ў Эўрапейскай Радзе (рада міністраў замежных справаў краінаў-чальцоў — РС), але пэўна, што рэакцыя на гэты важны крок будзе ў бліжэйшы час. Упершыню з канца 2010 году можна сабе ўявіць больш канструктыўныя адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю. Не хацелася б, каб нас крытыкавалі за тое, што мы не скарысталіся гэтым вакном магчымасьцяў», — падкрэсьліў эўрапейскі палітык.


Акрамя гэтага, дырэктар аддзелу Эўрапейскага партнэрства Эўрапейскай службы зьнешняй палітыкі яшчэ раз спыніўся на тым, што Беларусь застаецца, адзінай краінай у Эўропе, якая да гэтага часу ўжывае сьмяротнае пакараньне.

Адмысловы дакладчык ААН Міклаш Харасьці, заклікаў ня цешыцца ілюзіямі з нагоды нібыта адноснай лібэралізацыі ў Беларусі.


«Гэтую мыльную опэру мы бачылі шмат разоў — вызваленьне палітвязьняў перад выбарамі. Таму я б раіў пачакаць з буйным крокам насустрач Менску, прынамсі, да выбараў, на якіх Аляксандар Лукашэнка стане ўласным пераемнікам.


Мы ведаем вынікі гэтых выбараў — ведаем з прычыны нязьменных законаў, нязьменнага становішча з правамі чалавека, ў прыватнасьці, нязьменнага становішча з выбарчымі правамі. Такія выбары па азначэньні ня могуць быць свабоднымі і справядлівымі. І яны ніколі не былі свабоднымі і справядлівымі з таго часу, як прэзыдэнт Лукашэнка прыйшоў да ўлады», — падкрэсьліў Адмысловы дакладчык ААН па Беларусі.

«Вы можаце скасаваць некаторыя санкцыі, калі сыстэма дазволаў крыху палепшылася, калі дала грамадзянскай супольнасьці кропельку магчымасьцяў быць свабоднай. Але ў мінулым сьнежні ў Беларусі быў прыняты закон, які паставіў увесь інтэрнэт пад кантроль дзяржавы, нават калі размова ідзе пра асобны вэб-сайт і нават асобны камэнтар. Гэта было зроблена, калі палітвязьні чакалі ў турме вызваленьня перад прэзыдэнцкімі выбарамі, што відавочна было зроблена таксама з выбарчымі мэтамі», — нагадаў ён.


«Маё меркаваньне — крок насустрач Менску будзе геапалітычна важным з дыпляматычнага пункту гледжаньня. Але з пункту гледжаньня абароны правоў чалавека, я лічу, такі крок мусіць рабіцца ў спалучэньні з яшчэ большымі саступкамі з боку беларускіх уладаў. Прынамсі, абяцаньня такіх саступак. У гэтым выпадку абяцаньні скасаваньня санкцый могуць дапаўняць гэтыя абяцаньні Менску», — дадаў Міклаш Харасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG