У Кішынёве ў нядзелю прайшоў другі па колькасьці за ўвесь час пратэстаў мітынг, у якім, паводле дадзеных паліцыі, прынялі ўдзел да дваццаці тысяч чалавек. Мяркуючы па рэзалюцыі, аднагалосна прынятай «раззлаванымі гараджанамі», — гэта не мяжа. У дакумэнце арганізатары пратэстаў заклікаюць да ўсеагульнага страйку ў краіне.
На галоўнай плошчы Кішынёва — праспэкце Штэфана чэл Марэ пратэстоўцы паставілі роўнымі шэрагамі некалькі соцень намётаў. На кожным ёсьць уласны нумар, і ў гэтым імправізаваным мястэчку жывуць ня толькі маладыя людзі, якія традыцыйна зьяўляюцца асновай любога пратэсту, але і людзі сталага веку. Жыхары Кішынёва — а сёньня падтрымаць іх на мітынг зьехаліся актывісты з усёй краіны — незадаволеныя рэзкай інфляцыяй і ростам цэнаў, прычыну якіх яны бачаць у крадзяжы зь дзяржбюджэту каля мільярда эўра ў мінулым годзе.
Асноўным патрабаваньнем рэзалюцыі, прынятай у нядзелю, стала, як і на самым шматлікім мітынгу 6 верасьня, адстаўка ўраду. Акрамя гэтага, рада Вялікага нацыянальнага сходу, сфармаваная ініцыятарамі пратэсту, сябрамі грамадзянскай плятформы «Годнасьць і праўда», павінен будзе падрыхтаваць праект Ураду народнага даверу для ўдзелу ў выбарах.
У тым, што датэрміновыя выбары адбудуцца, тыя, хто прысутнічаў на плошчы, калі і сумняюцца, то кажуць зь вялікай верагоднасьцю. «Мы зробім так, што пажар пратэсту ахопіць усю краіну, і ўрад зразумее, што значыць выклікаць народны гнеў. Пасьля гэтага яны самі пабягуць», — заявіў з трыбуны былы дэпутат першага малдаўскага парлямэнта Валянцін Далганюк. Ён заклікаў суграмадзянаў рыхтавацца да ўсеагульнага страйку.
Упэўненасьць мітынгоўцам надае і сам характар пратэсту, які стаў сталым — намётавы лягер ніхто прыбіраць ня мае намеру. Строгі парадак і бясьпека тут падтрымліваюцца сіламі вэтэранаў Аўганістана і Прыднястроўя. Мужчыны ў форме і з ордэнамі на грудзях дакладна рэгулююць перамяшчэньне па лягеры і правядзеньне самога мітынгу. Журналістаў, якія жадалі зрабіць здымкі са сцэны, прасілі спачатку зьняць заплечнікі — такія, маўляў, правілы бясьпекі. Зрэшты, у размовах вэтэраны заўсёды падкрэсьліваюць, што гатовыя абараняць людзей на плошчы, і ва ўрадзе гэта выдатна ўсьведамляюць.
Па краях намётавага мястэчка стаяць два вялікія шатры. У адным валянтэры-мэдыкі нясуць вахту, аказваючы дапамогу ўсім, каму спатрэбіцца. Гэта таксама адзін з фактараў кішынёўскага пратэсту: усё рэгулюецца, прадумваецца, і пра многія аспэкты тут клапоцяцца загадзя. Мэдыкі заяўляюць, што гатовыя і да наступстваў магчымых сутыкненьняў. На іншым канцы лягеру стаіць вялікі намёт з надпісам «Львоўскае». Гэта імправізаваная сталовая, куды гараджане прыносяць прадукты і гатовую ежу.
Пасьля палітыкаў на сцэну сталі падымацца музыкі. Мітынгоўцы з задавальненьнем падпявалі, падтанцоўвалі і падтрымлівалі заявы пра тое, што ўсе прысутныя сёньня перад урадам — патрыёты. Пратэстоўцаў ад будынка ўраду, за шклянымі дзьвярыма якога можна было бачыць зьяўленьне ды зьнікненьне чыноўнікаў, аддзяляў ланцуг паліцэйскіх у поўным абмундзіраваньні — бронекамізэлькі, каскі, накаленьнікі і іншае. Маладыя хлопцы ў форме жартавалі, на натоўп не напіралі, і было відаць, што сур’ёзных беспарадкаў яны не чакаюць.
Наогул атмасфэра цяпер у Кішынёве, дзе па вуліцах ходзіць шмат моладзі з нацыянальным сьцягам на плячах, прыўзьнятая. Не адчуваецца ні пагрозы, ні магчымасьці сур’ёзных сутыкненьняў.
Магчыма, гэта яшчэ і таму, што ідэйна верасьнёўскі пратэст накіраваны на інтэграцыю з Эўропай, што не адмаўляе і ўрад. Пры гэтым лідэры «Годнасьці і праўды» заяўляюць, што гэты курс існуе толькі на словах, а рэальна няма ніякай інтэграцыі. Адсюль патрабаваньне прыбраць з палітыкі мясцовых алігархаў і правесьці датэрміновыя выбары. Сьцягоў Эўразьвязу ў руках мітынгоўцаў крыху менш, чым сьцягоў Малдовы. Цікава, што па пытаньні стаўленьня да расейскага ўплыву абодва супрацьлеглыя бакі шмат у чым таксама салідарныя.
Расейскіх журналістаў на плошчы ня любяць, і гавораць па-руску зь імі вельмі неахвотна. Зь іншага боку, шэраг прадстаўнікоў расейскіх СМІ былі дэпартаваныя ці не дапушчаныя на тэрыторыю Малдовы: супрацоўніка Ruptly, якое ўваходзіць у структуру RT, Аляксея Амелюшкіна выгналі з краіны, а здымачную групу LifeNews і зусім не пусьцілі. Пры праходжаньні пашпартнага кантролю да расейскіх журналістаў праяўлялі асаблівую ўвагу. У карэспандэнта Радыё Свабода, напрыклад, папрасілі паказаць кадры апошняга фотарэпартажу зь лягеру ўцекачоў у Будапэшце. «Гэта радыё, якое глушылі ў савецкі час і цяпер спрабуюць, — паведаміў падначаленым адзін з начальнікаў памежнай службы ў аэрапорце. — Можа, ім яшчэ давядзецца да нас бегчы. Прапусьціце».
Нядзельны мітынг прайшоў без здарэньняў, але і рэакцыі ўраду пакуль ня выклікаў. Аднак гэта, здаецца, упэўненасьці ў прысутных ня зьменшыла. Многія прыежджыя вярнуліся дадому, а на плошчы аднавілі ўсе намёты, частку якіх прыбіралі, каб правесьці мітынг. Выказаць здагадку, чым скончыцца гэтае супрацьстаяньне, пакуль немагчыма, але ўрад адмоўчваецца, а пратэстоўцы ня маюць намеру сыходзіць, не дасягнуўшы прызначэньня датэрміновых выбараў.