Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША рыхтуюць санкцыі супраць Расеі і КНР за кібэратакі


Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць расейскіх і кітайскіх грамадзянаў і кампаніяў у сувязі з кібэратакамі супраць амэрыканскіх камэрцыйных прадпрыемстваў.

Пра гэта паведамілі Reuters некалькі амэрыканскіх чыноўнікаў.

Чыноўнікі, якія выступалі на ўмовах ананімнасьці, заявілі, што канчатковае рашэньне аб увядзеньні санкцыяў пакуль не прынятае. Гэтыя захады могуць яшчэ больш ускладніць адносіны з Расеяй і азмрочыць дзяржаўны візыт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў ЗША ў верасьні.

Washington Post стала першым выданьнем, якое паведаміла, што адміністрацыя Абамы разглядае магчымасьць санкцыяў супраць кітайскіх фізычных і юрыдычных асобаў. Газэта адзначыла, што гэта можа адбыцца ў бліжэйшыя тыдні і згадала, што пад санкцыямі могуць таксама апынуцца грамадзяне і кампаніі іншых краінаў. Пры гэтым у артыкуле ня згадвалася Расея.

На думку крыніц Reuters, увядзеньне санкцыяў супраць кітайскіх кампаніяў або грамадзянаў да візыту Сі Цзіньпіна магчымае, але малаверагоднае, паколькі гэта можа ўскладніць саміт, у праграму якога ўключаны дзяржаўны абед у Белым доме ад імя прэзыдэнта Барака Абамы.

Прадстаўнік кітайскай амбасады ў ЗША Чжу Хайцюань заявіў, што Пэкін разьлічвае на ўмацаваньне дыялёгу і супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, а «беспадстаўныя спэкуляцыі, шуміха і абвінавачваньні не спрыяюць вырашэньню праблемы».

Расейская амбасада не адказала на просьбу Reuters аб камэнтары.

Прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст адмовіўся пацьвердзіць, што ЗША вывучаюць магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць кітайскіх грамадзянаў і кампаніяў, адзначыўшы, аднак, што заклапочанасьць ЗША праблемамі кібэрбясьпекі «не зьяўляецца сюрпрызам» для Пэкіна.

«Было б стратэгічна неразумна з нашага боку абмяркоўваць патэнцыйныя аб’екты санкцыяў, таму што гэта толькі дасьць патэнцыйным аб’ектам санкцыяў магчымасьць зрабіць крокі, якія дазволяць ім пазьбегнуць гэтых санкцыяў», — заявіў ён журналістам на борце прэзыдэнцкага самалёта ў панядзелак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG