Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: Задачай улады было абнуліць сьпіс палітвязьняў


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Вызваленьне фігурантаў у справе «графіцістаў» мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча.

РС: На ваш погляд, чаму «графіцістаў» не вызвалілі з-пад варты тады, калі вызвалілі ўсіх астатніх палітвязьняў, і чаму вызвалілі цяпер?

Стэфановіч: На маю думку, тады іх ня вызвалілі таму, што існаваў сьпіс з 6 чалавек, вызваленьня якіх патрабавалі беларускія праваабаронцы. Напэўна, іх вызваленьня патрабаваў і Эўразьвяз, хаця апошнім часам ЭЗ казаў пра трох чалавек.

На няшчасьце гэтых «графіцістаў» іх узялі пад варту якраз у разгар гэтых працэсаў. Я думаю, што гэтая машына проста не магла так хутка спрацаваць, патрэбны быў час. Я мяркую, што ў сёньняшняга вызваленьня ёсьць два бакі. Адзін афіцыйны, які вынікае з заявы на сайце сьледчага камітэту — фармальныя падставы дазволілі зьмяніць меру стрыманьня. Гэта прызнаньне віны, раскаяньне ў зробленым, кампэнсацыя шкоды, нанесенай гэтымі «злачынствамі». У апошняй заяве сьледчага камітэту мы ўжо ня чуем тых страшылак, якія мы прачыталі ў папярэдніх заявах — пра распальваньне варожасьці, пра абразы вэтэранаў.

А другі бок — гэта бок нефармальны, і гэтае вызваленьне зьвязана з агульным працэсам вызваленьня палітычных зьняволеных. Відавочна, што задачай улады было абнуліць сьпіс палітвязьняў.

Амбасады да апошняга часу ня ведалі пра справу «графіцістаў», гэта мы ім паведамілі.

Дарэчы, сьледчы камітэт падчас перасьледу гэтых хлопцаў меў адной з мэтаў дыскрэдытаваць іх у вачах міжнародных арганізацый і амбасадаў. Там было абвінавачваньне у распальваньні варожасьці, так званае «злачынства нянавісьці», якое ва ўсім сьвеце перасьледуецца.

Наша арганізацыя з самага пачатку меркавала, што гэтая справа мае палітычны характар, бо мы не лічылі, што там ёсьць склад злачынства злоснага хуліганства. Уся шкода, як мы пісалі ў сваёй заяве, можа быць кампэнсаваная ў грамадзянскім парадку.

РС: А ці будзе зроблены наступны крок — справу спыняць?

Стэфановіч: Тут можа быць некалькі варыянтаў. Справа можа быць перакваліфікаваная, яна можа быць спыненая. Але мне здаецца больш верагодным, што яна будзе даведзеная да суда. Аднак у судзе пакараньне ня будзе зьвязанае з рэальным пазбаўленьнем волі. У тых варунках, якія склаліся, варта спадзявацца, што яна ня будзе зьвязаная з пазбаўленьнем волі, бо тады навошта было іх зараз вызваляць з-пад варты.

Ёсьць такая народная прыкмета: калі ты прыйшоў у суд уласнымі нагамі, хутчэй за ўсё ты уласнымі нагамі зь яго і выйдзеш. Калі чалавека да суду вызвалілі пад падпіску, вельмі малаімаверна, што ў залі суду яго зноў возьмуць пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG