Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве аўтамабіліста аштрафавалі за георгіеўскую стужку на заднім шкле


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штраф мінімальны — 90 тысяч рублёў.

У Магілёве міліцыя аштрафавала кіроўцу, які разьмясьціў на шкле аўтамабіля назвы ўкраінскіх гарадоў і георгіеўскую стужку.

У Магілёве органы правапарадку аштрафавалі на 90 тысяч рублёў уладальніка аўтамабіля «Пэжо-308», на шкле якога было напісана «Севастополь Донецк Луганск Одесса» і была налеплена шырокая георгіеўская стужка.

На пачатку жніўня старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Шанцаў запатрабаваў завесьці крымінальную справу ў дачыненьні да ўладальніка «Пэжо-308». На думку палітыка, такі пералік гарадоў паўднёвага ўсходу Ўкраіны і георгіеўская стужка сьведчаць аб падтрымцы ўладальнікам аўтамабіля сэпаратызму і экстрэмізму ў сяброўскай суседняй краіне. Ён запатрабаваў, каб аўтамабіліст быў прыцягнуты да адказнасьці паводле артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці).

«Праверку па гэтым факце правёў участковы інспэктар міліцыі Ленінскага РАУС Магілёва. У выніку кіраўніцтвам РАУС прынята рашэньне аб тым, што ў дзеяньнях вадзіцеля аўтамашыны „Пэжо“ прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь, адсутнічаюць», — паведаміў БелаПАН начальнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Магілёўскага аблвыканкаму Павал Сьмірноў.

Разам з тым у дачыненьні да вадзіцеля «Пэжо» складзены пратакол паводле артыкула 18.12 КаАП за парушэньне правілаў эксплюатацыі транспартнага сродку, якое выявілася ў разьмяшчэньні не прадугледжанай Правіламі дарожнага руху налепкі на заднім шкле аўтамабіля, перадае БелаПАН.

«21 жніўня ў дачыненьні да кіроўцы складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле ч. 3 арт. 18.12 КаАП. Ён падвергнуты спагнаньню ў выглядзе штрафу ў 90 тысяч рублёў», — сказаў Сьмірноў.

Згодна з пунктам 194.13 Правілаў дарожнага руху забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з вонкава бачнымі налепкамі (выявамі), акрамя тых, якія разьмяшчаюцца ва ўстаноўленым парадку: апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, рэклямы, інфармацыі аб прыналежнасьці транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнаму прадпрымальніку).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG