Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіджы Ісмаілавай не дазволілі дагаварыць апошняе слова


Каля суду.
Каля суду.

Азэрбайджанская журналістка Хадзіджа Ісмаілава, якая супрацоўнічала з Радыё Свабода, выступіла сёньня з апошнім словам на судовым працэсе ў Баку. Судзьдзя перапыніў выступ падсуднай пад самы канец, калі яна назвала імя прэзыдэнта Ільхама Аліева. Прысуд у справе Хадзіджы Ісмаілавай чакаецца заўтра ў 15 гадзін па мясцовым часе.

Ісмаілаву абвінавачваюць у эканамічных злачынствах. Журналістка абвяргае абвінавачваньні, лічачы іх палітычна матываванымі.

Хадзіджа Ісмаілава заявіла, што ёй спрабуюць адпомсьціць за журналісцкія расьсьледаваньні фактаў карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады Азэрбайджану. Яна сказала судзьдзі: «Я магу апынуцца ў турме, але праца будзе працягвацца».

На мінулым тыдні дзяржаўны абвінаваўца прасіў прысудзіць Хадзіджу Ісмаілаву да дзевяці гадоў турэмнага зьняволеньня. Ісмаілава заявіла, што незалежныя журналісты-аднадумцы «выкрываюць карупцыю і беззаконьне». «Мы выконваем вельмі важную працу» — адзначыла яна. Паводле Ісмаілавай, «мы давалі грамадзтву інфармацыю, нават калі цаной гэтага былі арышт і шантаж... Я і цяпер рада, што выканала сваю працу».

У 2012 годзе ў эфір азэрбайджанскай службы РС выйшла журналісцкае расьсьледаваньне Ісмаілавай пра тое, як урад Азэрбайджану даў права карыстаньня прыбытковымі залатаноснымі радовішчамі сям’і прэзыдэнта Ільхама Аліева. У 2014 годзе Хадзіджа Ісмаілава пісала, што праз афшорныя кампаніі дзьве дачкі Аліева аказаліся зьвязанымі з самым буйным апэратарам мабільнай сувязі Азербайджану — Azercell.

Ісмаілава, якая атрымала шматлікія міжнародныя прэміі за свае рэпартажы, сказала, што суд правёў «экспрэс-разьбіральніцтва», вынік якога быў наканаваны і яго цяжка ахарактарызаваць інакш як беззаконьне. У прыватнасьці, паводле словаў Ісмаілавай, паказаньні сьведкаў падчас судовага разбору прадэманстравалі: доказы, прадастаўленыя супраць яе абвінаваўцамі, былі заснаваныя на заявах сьведкаў, «узятых пад ціскам або падпісаных за гэтых людзей, якія фактычна толькі зачыталі свае заявы».

«Адзінага са сьведкаў прапанавалі хабар — сказала журналістка, выступаючы ў залі суда. — Як вам ня сорамна! Што гэта за дзяржава?!».

У сваім выступе Ісмаілава назвала абвінавачваньні «недарэчнымі». Яна адзначае, што ўрад спрабуе даказаць яе віну ў такіх злачынствах, як ухіленьне ад выплаты падаткаў, крадзяжы і злоўжываньне паўнамоцтвамі. Але менавіта гэтыя злачынствы уладаў сталі тэмамі яе журналісцкіх расьсьледаваньняў.

«Сьмешна вінаваціць у гэтым чалавека, які расьсьледаваў захаваныя на афшорных рахунках прэзыдэнцкай сям’і скрадзеныя грошы, злоўжываньні, зьвязаныя зь дзяржаўнымі замовамі, кантрактамі з афшорным кампаніямі і групамі, а таксама ўхіленьне ад выплаты падаткаў» — сказала яна судзьдзі, дадаўшы: «Мяне ня зломіць 15-гадовы ці нават 25-гадовы тэрмін».

«У мяне будзе магчымасьць выкрываць [злоўжываньні] ў пэнітэнцыярных службах. Я з тых людзей, хто ведае, як ператварыць праблему ў магчымасьць» — адзначыла Хадзіджа Ісмаілава.

39-гадовая Хадзіджа Ісмаілава — адна з самых яркіх крытыкаў уладаў Азэрбайджану. З часу, як яе арыштавалі ў сьнежні летась, Ісмаілава знаходзіцца ў папярэднім зьняволеньні, нягледзячы на заклікі краінаў Захаду вызваліць яе. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International называе яе «вязьнем сумленьня», Камітэт па абароне журналістаў лічыць абвінавачваньні супраць яе адплатай за яе прафэсійную дзейнасьць.

Толькі некаторыя прадстаўнікі замежных пасольстваў змаглі прысутнічаць на судзе па справе Ісмаілавай, які пачаўся 7 жніўня. Незалежныя журналісты і грамадзянскія актывісты былі адхіленыя ад удзелу на працягу ўсяго разбору.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG