Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сафійскі сабор у Віцебску пабудуюць, калі «Газпрам» дасьць грошы


Выгляд Сафійскага сабора паводле праекту
Выгляд Сафійскага сабора паводле праекту

У абласным цэнтры праходзіць грамадзкае абмеркаваньне праекту новага храму. Аднак пэрспэктывы будаўніцтва залежаць не ад ухваленьня гараджан, але ад шчодрасьці спонсараў.

Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

«Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель...» — напісаў у 1969 годзе Ўладзімер Караткевіч пра Сафійскі сабор у Полацку. Але ў нашы дні гэты радок можа страціць сваю рамантычную праўдзівасьць: Сынод Беларускай праваслаўнай царквы ўхваліў ідэю пабудаваць яшчэ адну Сафію — у Віцебску. Каб у дзьвінскіх хвалях адбіваліся ня толькі стромкія белыя вежы полацкага храму, збудаванага на правабярэжжы, але й аб’ёмны, цяжкі гмах праваслаўнага сабору, які хочуць узьвесьці на левым беразе ракі.

Макет-прататып у Музэі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора
Макет-прататып у Музэі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора

Ідэя збудаваць Сафійскі храм у Віцебску належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю. Ён агучыў сваю прапанову ў 2013 годзе, заявіўшы, што яе ўвасабленьне «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі». І кіраўніцтва БПЦ гэтую прапанову падтрымала.

«Прататыпам віцебскага храму будзе Полацкая Сафія ХІ стагодзьдзя — сабор, узьведзены ў сваю чаргу на ўзор Сафіі Канстанцінопальскай, якая мае аналягі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Полацкая Сафія — яскравы сымбаль адзінства ўсходніх славянаў у Хрысьце, а таксама духоўнай пераемнасьці паміж Бізантыяй і Русьсю. Ва ўніяцкую эпоху Полацкі Сафійскі сабор быў радыкальна перабудаваны, і сёньняшні ягоны выгляд мае надзвычай мала агульнага зь першапачатковым. Уяўляецца магчымым узнавіць аблічча Полацкай Сафіі ХІ стагодзьдзя ў Віцебску», — напісана ў журнале пасяджэньня Сыноду БПЦ ад 5 ліпеня 2013 году.

Старажытныя падмуркі полацкага Сафійскага сабору
Старажытныя падмуркі полацкага Сафійскага сабору

Жаданьне зьвязаць угодкі Хрышэньня Русі з аднаўленьнем гістарычнага полацкага храму падаецца дужа спрэчнай вядомаму пісьменьніку, які працуе ў гістарычным жанры, палачаніну Ўладзімеру Арлову:

«Многія сучасныя гісторыкі, у адрозьненьне ад афіцыйных, яшчэ савецкіх, схіляюцца да думкі, што хрышчэньне магло прыйсьці ў Полацак або Віцебск ня з Кіева. Хрысьціянства магло прыйсьці і непасрэдна зь Бізантыі, зь якой былі добрыя сувязі ў дынастыі Рагвалодавічаў. Прыходзіла хрысьціянства і са Скандынавіі на Полаччыну, ёсьць зьвесткі, што і Рагвалод, і Рагнеда маглі быць хрысьціянамі. Тут усё неадназначна. Канешне, у мяне полацкі патрыятызм у душы. Але ў гэтай ідэі ёсьць нешта заганнае! У гісторыі ўсходніх славянаў ёсьць тры Сафіі старажытных — у Ноўгарадзе, Кіеве і Полацку. Гэта былі тры сталіцы, тры дзяржаваўтваральныя і народаўтваральныя цэнтры. І трагедыяй для ўсіх трох сталася стварэньне чацьвёртага цэнтру — Масквы, якая зьнішчыла Ноўгарадзкае княства зь ягонымі дэмакратычнымі традыцыямі, а потым узялася і за нас з украінцамі, назваўшы нас „ісконно русскімі землямі“ — такі даўнішні аналяг панятку „русскій мір“. Таму ўмяшаньне ў тую парадыгму „сафійскую“ выглядае гістарычным барбарствам!»

На думку архітэктара-рэстаўратара, навуковага кіраўніка рэстаўрацыі полацкага Сафійскага сабору Вадзіма Гліньніка, будаўніцтва сучаснага храму ў гістарычным стылі выклікае шэраг пытаньняў:

«Трэба падзяліць тры рэчы — месца разьмяшчэньня, ідэйную праграму і яе ўвасабленьне ў архітэктурным рашэньні сабору. Трэба разумець, што праектуецца новы сабор. Праектуецца не ў чыстым полі, а ў межах гістарычнага цэнтру Віцебску. Тут і паўстаюць пытаньні. Ці не нашкодзіць гэта традыцыйнаму абліччу горада, яго звыклым сылюэтам і вулічным пэрспэктывам? Як новае будаўніцтва стасуецца з праблемамі захаваньня гістарычнага характару горада? Калі адарваць праектуемы будынак ад гістарычнага гарадзкога кантэксту, дык пра яго няма чаго сказаць. Храм спраектаваны паважанымі архітэктарамі, якія адказна ставяцца да сваіх прафэсійных абавязкаў. Выбар стылістычнай мовы сучаснай пабудовы — гэта справа заказчыкаў, праекціроўшчыкаў і тых, хто архітэктурныя праекты ўзгадняе. Канечне, вынік будзе адлюстроўваць культурныя густы ды вартасныя арыентацыі ўдзельнікаў будаўнічага працэсу. Што да мяне, дык я б хацеў бачыць у Віцебску не імітацыі «пад старыну», а новую храмавую архітэктуру, якая з’акумулюе досьвед тысячагадовай традыцыі беларускага хрысьціянскага будаўніцтва, але пры гэтым будзе адлюстроўваць наш сучасны сьветагляд. Найбольш пытаньняў выклікае ідэйная праграма новага сабора. Я так і не зразумеў, нашто праектаваць частку новага храму «па вобразу і падобію» Полацкага Сафійскага сабору. Чаму не адразу Канстанцінопальскага? Тым больш, што сёньня вядома, як апошняя выглядала ў 11 стагодзьдзі. А якой была Полацкая Сафія, мы ня ведаем. І пасьля таго, як яе ў 1705 г. узарваў цар Пётр I, ніколі ўжо ведаць не будзем. Амаль усё, што сёньня вядома пра першапачатковы выгляд Полацкага сабора, мае характар гіпотэзы. На маю думку, недарэчнае выкарыстаньне вобраза Полацкай Сафіі для апраўданьня віцебскай новабудоўлі выдае на спробу падвысіць яе значнасьць за «чужы кошт».

Месцам для будаўніцтва новай Сафіі абраная зялёная зона ў гістарычным цэнтры Віцебску — сквэр 70-ці годзьдзя Віцебскай вобласьці паміж вуліцамі Ўрыцкага і Чэхава. Будынак плянуецца ўзьвесьці на адной восі зь філярмоніяй, Архітэктурна- пляніровачная канцэпцыя гэтымі днямі прадстаўлена віцяблянам для грамадзскага абмеркаваньня. З 24 жніўня матэрыялы выстаўлены ва Ўсьпенскім

Сабор хочуць збудаваць вось тут
Сабор хочуць збудаваць вось тут

саборы. Паводле аўтараў, плян будучага храму быў распрацаваны на падставе абмераў рэшткаў падмуркаў полацкай Сафіі XI стагодзьдзя, якія захаваліся ў сутарэньнях цяперашняга храму. Таксама былі выкарыстаны зьвесткі з дасьледваньняў В. А. Булкіна «Аб старажытнарускай архітэктуры. Выбраныя працы» і І. М. Хозерава «Полацкае будаўніцтва старадаўняга пэрыоду», гаворыцца ў тлумачальнай запісцы галоўнага архітэктара ТАА «Будгандальсэрвіс» Ігара Рацько.

Спадар Рацько браў удзел і ў публічным грамадзкім абмеркаваньні, якое зладзілі на ганках віцебскага Ўсьпенскага сабору 28 жніўня. Архітэктар апавёў, што зьнешні выгляд новага Сафійскага сабору распрацаваны суадносна з выглядам Сафійскіх сабораў у Кіеве і Ноўгарадзе. Сьцены віцебскага храму вырашана рабіць з паўнацелай керамічнай цэглы, а звонку яны будуць з керамічнай плінфы памерам 30×30 см і таўшчынёй 4,5 см, з выкарыстаньнем так званага ўтоенага шэрагу, які запаўняецца цэмэнтуючай рошчынай ружовага колеру. Шэрагі муроў з плінфы будуць чаргавацца з каменнай муроўкай, у якой дзе-нідзе плянуецца ўжываць бутавы камень. Знутры сьцены сабору атынкуюць і пафарбуюць у белы колер, а потым расьпішуць фрэскамі. Дах мае быць зь ліставой медзі, а на сямі вежах —"залаты«, зь нітрыду тытана. Вокны ў храме зробяць на падставе аналягаў старажытнарускай архітэктуры — драўлянымі з круглымі шыбамі, мэталічныя дзьверы аздобяць бронзай. Пры добраўпарадкаваньні навакольнай тэрыторыі плянуецца выкарыстоўваць брук з натуральнага каменю.

Архітэктар Ігар Радзько прэзентуе праект
Архітэктар Ігар Радзько прэзентуе праект

Архітэктурны праект, прадстаўлены віцяблянам, быў распрацаваны на замову рэлігійнай абшчыны «Прыход Сафійскага сабору г. Віцебску Віцебскай эпархіі Беларускай Праваслаўнай царквы».

У публічным грамадзкім абмеркаваньні ўзяў ўдзел і сьвятар, ужо прызначаны на службу ў будучы Сафійскі сабор — айцец Міхаіл Мартыновіч. Ён адказаў на галоўнае пытаньне гараджан — адкуль на ўсё гэта возьмуцца грошы:

«Гэта будзе саборнае будаўніцтва, у якім возьмуць удзел мясцовыя ўлады, спонсары, ахвярадаўцы. Адзін са спонсараў- расейскі „Газпрам“ і яго кіраўнік Аляксей Міллер, які стаў пачэсным старшынём рады папячыцеляў Сафіі. Ён быў у Віцебску, абраў месца для сабору, яно дужа яму падабаецца! І цяпер мы рэгулярна дасылаем справаздачы, як прасоўваюцца справы. Ён па-ранейшаму гатовы дапамагчы фінансамі, а на ўзьвядзеньня Сафійскага сабору ў Віцебску спатрэбіцца, мы мяркуем, каля двух мільёнаў даляраў».

Аўтар праекту і сьвятар Міхаіл Марціновіч
Аўтар праекту і сьвятар Міхаіл Марціновіч

Грамадзкае абмеркаваньне, якое праходзіць у абласным цэнтры, старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч лічыць незаконным:

«Ужо падрыхтаваныя і адпраўленыя звароты ў пракуратуру, да мясцовых уладаў і ў Віцебскую Эпархію з нагоды незаконнай арганізацыі абмеркаваньня архітэктурнага пляну аб’екту будаўніцтва ў Віцебску, які, паводле задумкі, павінен аднавіць выгляд храму, пабудаванага ў Полацку ў XI стагодзьдзі. Абмеркаваньне незаконнае, бо парушана працэдура яго арганізацыі. Паводле «Палажэньня аб парадку правядзеньня грамадзкіх абмеркаваньняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці, арганізатарам абмеркаваньня павінны выступаць абласны, раённы, гарадзкі, пасялковы, сельскі выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі раёнаў у горадзе. А не рэлігійная абшчына, як напісана на сайце Віцебскага гарвыканкама. Па-другое, абавязкова павінна быць прадстаўлена інфармацыя аб архітэктурна-горадабудаўнічым савеце або камісіі, якія разглядаюць заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадзкага абмеркаваньня. Такой інфармацыі няма. І мы патрабуем правесьці праверку арганізацыі абмеркаваньня і пакараць службовых асобаў, вінаватых ў парушэньні дзейнага заканадаўства. Прапануем арганізаваць паўторнае грамадзкае абмеркаваньне, ужо ў адпаведнасьці з законам».

Belarus – The public discussion of project of new St. Sophia Cathedral in Vitebsk, 2015
Belarus – The public discussion of project of new St. Sophia Cathedral in Vitebsk, 2015

Увогуле ж Антон Астаповіч прапануе Віцебскай эпархіі БПЦ адмовіцца ад ідэі збудаваць храм у абраным месцы:

«Аб’ект праектуецца на тэрыторыі, на якую не распрацаваны і не ўзгоднены ва ўстаноўленым парадку праект дэтальнага плянаваньня, гэтым парушана сама працэдура праектаваньня, якая рэгулюецца тэхнічнымі нормамі і правіламі. На стадыі распрацоўкі праекту поўнасьцю праігнараваны дасьледаваньні, якія б змаглі выявіць гістарычную пляніровачную структуру, характар і маштаб страчанай забудовы гэтага ўчастку, а гэта мусіць папярэднічаць любому праектаваньню ў гістарычным цэнтры, каб прымаць праектныя рашэньні кваліфікавана, абгрунтавана, у адпаведнасьці з заканадаўствам і мэтодыкамі. А галоўнае — аб’ект плянуюць узьвесьці на тэрыторыі комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці „Гістарычны цэнтар г. Віцебска“, які ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 212Е000002. Пад аховай дзяржавы на тэрыторыі Гістарычнага цэнтру Віцебску знаходзяцца і гістарычная пляніровачная структура, усе будынкі і збудаваньні, і ляншафт і культурны пласт. У гістарычным цэнтры можна толькі аднаўляць страчаную спадчыну, і гэта мусіць адбывацца на ранейшым месцы існаваньня артэфакту. Будаўніцтва храму, якога ў Віцебску ніколі не існавала, тым болей у гістарычным цэнтры — гэта відавочнае парушэньне Закону „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь“. І Закона „Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці Рэспублікі Беларусь“, які вызначае, што у кожным горадзе існуюць ахоўныя зоны, дзе забараняецца або абмяжоўваецца архітэктурная, горадабудаўнічая і будаўнічая дзейнасьць, якая можа нанесьці шкоду нерухомым матэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасьцям, асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям».

Якім чынам быў атрыманы дазвол на будаўніцтва праваслаўнага сабору ў гістарычным цэнтры Віцебску, застаецца загадкай. Месца, абранае для Сафійскага сабору, — гэта сквэр, «зялёная зона», якіх так няшмат у горадзе. Паводле праекту, частку дрэваў плянуецца сьпілаваць, а пляцоўку забрукаваць. Дарэчы, якую колькасьць дрэваў заплянавана зьнішчыць, архітэктар адказаць ня мог. А пытаньне гэтае прагучала ад прадстаўніцы жыхароў вуліцы Чэхава Клары Сянкевіч, якая абурана зьнішчэньнем:

«Мы напісалі ліст і зьбіраем пад ім подпісы. Мы ўсе супраць таго, каб паўтарылася гісторыя з плошчай Перамогі, калі зьнішчылі дрэвы і ператварылі гэты кавалак Віцебску ў каменную пустэчу! Нам абяцаюць новыя насаджэньні, перапляніроўку — а гэта ўсё грошы, грошы, грошы... Пра якія два мільёны даляраў гаворка? Тут пойдзе ў 100 разоў болей!»

Клара Сянкевіч і сьвятар Міхаіл Марціновіч
Клара Сянкевіч і сьвятар Міхаіл Марціновіч

Віцябляне, якія прыйшлі на грамадзкае абмеркаваньне, так і не зразумелі — навошта іх запрашалі. Як вынікае з тлумачэньняў прадстаўніка Віцебскай эпархіі, з будаўніцтвам справа вырашаная, а грамадзкае абмеркаваньне — гэта толькі неабходная фармальнасьць, каб атрымаць канчатковы дазвол сьвецкіх уладаў. Галоўнае — каб толькі спонсары далі грошы. І пакуль іхныя абяцаньні былі «сьвежыя», 9 чэрвеня 2014 году месца будучага будаўніцтва ўрачыста асьвяцілі. А 1 чэрвеня сёлета ўжо быў арганізаваны хросны ход да абранага пад новабудоўлю месца.

Свае меркаваньні адносна новага будаўніцтва, а таксама заўвагі па праекце прапанавана пакідаць у адмысловай кнізе запісаў. Запісы там розныя: расейскія турысты ўхваляюць ініцыятыву збудаваць Сафійскі сабор, а мясцовыя прапануюць зьвярнуць увагу на іншыя рэчы — на тое, што ў Віцебску бракуе шпіталяў, школ і гэтак далей. Але сьвятар Міхаіл Мартыновіч камэнтуе бэз сантымэнтаў: грошаў на школы і шпіталі ў бюджэце няма, а на сабор — дае «Газпрам».

Водгук з кнігі запісаў
Водгук з кнігі запісаў

Шараговыя гараджане, насуперак спадзевам праваслаўных сьвятароў, у большасьці сваёй абсалютна не імкнуцца ахвяраваць на будаўніцтва «навадзелу». На сайце «Народныя навіны Віцебска» вядзецца галасаваньне, ці патрэбны Віцебску Сафійскі сабор. На 28 жніўня ў апытаньні ўзялі ўдзел 470 чалавек. Варыянт адказу «Не, не патрэбны» падтрымалі 298, за адказ «Калі вернікі пабудуюць за свае грошы, хай будзе» прагаласавалі 112, а за адказ «Так, патрэбны» — 60.

Самыя неабыякавая чытачы камэнтуюць будучае будаўніцтва: згадваюць пра адсутнасьць гістарычных падстаў для такога будаўніцтва. А калі ў праваслаўнай царквы ёсьць сродкі на такую спаруду, то навошта ўзводзіць яе ў гістарычным цэнтры, дзе «ўжо ёсьць ня менш як 10 цэркваў самай рознай емістасьці», за пару соцень мэтраў ад агромністага Усьпенскага сабора, які «стаіць практычна пусты».

Замест гістарычнага цэнтру віцябляне прапануюць збудаваць новы храм у Білеве — новым спальным мікрараёне з 25-тысячным насельніцтвам. Маўляў, вось там сабор баў бы запатрабаваны, і побач з «шматпавярховікамі» такі «абсучасьнены» гістарычны будынак выглядаў бы хоць больш-менш арганічна. Але ў абраным месцы гэтай арганічнасьці ня будзе, лічыць Віктар Барысенкаў — вядомы фатограф, які сродкамі фотамантажу спрабуе паказаць выгляд страчанай архітэктурнай спадчыны Віцебску ў сучасным гарадзкім краявідзе:

«Новазбудаваны ў бізантыйскім стылі храм аніяк не спалучаецца з гістарычнымі будынкамі вуліцы Ўрыцкага, дзе кожны дом — гэта помнік архітэктуры канца 19-пачатку 20 стагодзьдзя. Да ўсяго, ёсьць такі панятак, як ахова архітэктурнага ляндшафту, бо гістарычны ляндшафт сам зьяўляецца прадметам аховы. У Віцебску столькі ўсяго зьнесена і перабудавана, што некранутага гістарычнага ляндшафту ня знойдзеш. Якраз за выключэньнем гэтага паўночнага левабярэжжа! Якраз гэтая частка гораду і на дарэвалюцыйных паштоўках, і на карцінах Шагала, і на сучасных лічбавых фотаздымках мала чым адрозьніваецца. Праўда, пасьля вайны была страчана Спаская царква каля 10-й школы. Вось яе варта аднавіць — тым болей, што й царкоўны прыход ужо створаны!»

Дрэвы, якія зьнясуць, і гістарычная забудова вул.Урыцкага
Дрэвы, якія зьнясуць, і гістарычная забудова вул.Урыцкага

Сумную гісторыю перапіскі з архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем наконт аднаўленьня помніка архітэктуры, які належыць віцебскай эпархіі, згадвае Тацяна Вароніна, былая музэйная супрацоўніца:

«Мы, цэлая група краязнаўцаў, ужо не адзін год б’емся, каб у Воршы жылы будынак кляштара базыльянаў, помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя, накрылі хаця б часовым дахам. Гістарычны будынак гіне не вачох — даху на ім няма 10 гадоў, і прыкладна столькі ж ён належыць не камусьці іншаму, а Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы. Значыцца, грошы на новы сабор у іх ёсьць, а на дошкі і рубэроід, каб ня даць загінуць існуючаму помніку даўніны — ужо няма? Калі мы першы раз пісалі да архіяпіскапа, ён увогуле праігнараваў наш зварот. Давялося пісаць другі раз, а паралельна ў СМІ: маўляў, мы тут даслалі чарговы ліст з запытам, дык давайце разам з журналістамі адсочваць, што нам адкажуць. Адказ прыйшоў — ніякі: большая палова — тлумачэньні, што цяпер гэта праваслаўны Сьвята-Пакроўскі храм, а не кляштар базыльянаў, як было ад пачатку. А потым — чарговыя абяцанкі — што рыхтуецца праект рэстаўрацыі, што сродкі на аплату праекту шукаюць і зьбіраюць... Калі такія праблемы, дык няхай бы эпархія аддала гэты будынак, які зьнішчае ўласнымі рукамі! Узялі б і каталікі, і ўніяты, была прапанова сварыць тут міжканфэсійны паломніцкі цэнтар. Дык не! Не аддаюць. А будынак гібее!»

Базыльянскі кляшятар XVIII ст. у Воршы. На рэстаўрацыю гэтага гістарычнага будынка грошай у эпархіі няма.
Базыльянскі кляшятар XVIII ст. у Воршы. На рэстаўрацыю гэтага гістарычнага будынка грошай у эпархіі няма.

Што да сытуацыі з Сафійскім саборам у Віцебску, дык Тацяна Вароніна толькі дзівіцца: такія саборы ўзводзіліся як сымбаль дзяржаўнасьці. Гэта што ж: Віцебская вобласьць рыхтуецца аддзяляцца ад Беларусі?

Ігар Цішкін, археоляг і віцебскі краязнаўца, заснавальнік клюбу аматараў даўніны «Узгор’е», які з 1986 году абараніў некалькі віцебскіх помнікаў архітэктуры ад зносу, падсумоўвае:

«Калі пачынаюцца гаворкі, што праваслаўная царква аднаўляе свае страчаныя храмы, я таксама раю быць дужа асьцярожнымі! Бо не было ў іх тут сваіх храмаў — былі храмы каталіцкія і ўніяцкія, захопленыя з канца 18 стагодзьдзя праваслаўнай царквой. Калі кажуць, што аднавілі ў Віцебску Ўсьпенскі сабор, я заўжды падкрэсьліваю: аднавілі ў тым выглядзе, які ён меў ў 19 стагодзьдзі, калі яго перарабілі на праваслаўны. А датуль ён быў тыповым барочным храмам. Таму і сучасны выгляд полацкай Сафіі шмат каму „не падабаецца“. Таму і зьявілася ідэя адбудаваць яго па праваслаўных канонах. Ну, і зразумела, што „газпрамавец“ Мілер ня дасьць грошай на аднаўленьне, скажам, сядзібаў беларускай шляхты. Яму бліжэйшая ідэя „аб’яднаньня славянаў“ пад „вялікую Русь“. І не турбуе, што аніякага Сафійскага сабору ў Віцебску ніколі не было!»

Ці будзе ўсё ж Сафійскі сабор у Віцебску, таксама пытаньне адкрытае. Па-першае, усё залежыць ад фінансаваньня, абяцанага кіраўніком"Газпраму«, але яшчэ ў тыя часы, калі была валютная стабільнасьць. А па-другое, сам Віцебск нібыта пратэстуе супраць рознага роду збудаваньняў у гэтым месцы. Прыкладам, яшчэ ў 2000 годзе якраз тут, на ўзьбярэжжы Дзьвіны, плянавалася ўзьвядзеньне «Энэргетычнай вежы» паводле праекту швэйцарскай мастачкі Сюзаны Бауман. Вежа адмысловай канструкцыі мусіла паўстаць пасярэдзіне штучнага вадаёму ў так званым «Сусьветным садзе», каб акумуляваць станоўчую энэргію космасу. Але праект ня зьдзейсьніўся: вежу не збудавалі, станоўчая энэргія па-ранейшаму губляецца ў касьмічнай прасторы, а «Сусьветны сад» — парк 70-годзьдзя Віцебскай вобласьці — па-ранейшаму вымагае добраўпарадкаваньня. Аднак для гэтага не абавязкова будаваць Сафійскі сабор, дастаткова проста зрабіць прыборку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG