Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добраахвотнік Док: У беларусаў на вайне ні статусу, ні заробку, ні мэдычнай дапамогі

абноўлена

Беларус з пазыўным Док ваюе за Ўкраіну больш за год — зьехаў зь Беларусі ў траўні 2014 году. Спачатку знаходзіўся ў складзе батальёну «Данбас», зь зімы 2015 — кіраўнік аддзяленьня сувязі ў добраахвотніцкім украінскім корпусе «Тактычная група «Беларусь», які ўваходзіць у склад «Правага сэктару».

Хлопец не называе свайго імя, не паказвае твару і не агучвае падрабязнасьці свайго жыцьця ў Беларусі, апроч таго, што на радзіме не ўваходзіў у партыі і арганізацыі. У інтэрвію Радыё Свабода Док распавёў, як беларусы трапляюць на ўкраінскі фронт і чаму ня маюць магчымасьці вярнуцца на радзіму.

— Калі беларус прыяжджае ваяваць за Ўкраіну, куды ён трапляе — ў батальён ці ў «Правы сэктар»? І які яго афіцыйны статус з улікам таго, што неграмадзяне Ўкраіны ня могуць быць аформленыя як вайскоўцы?

— Аўтаматычна нікуды нельга трапіць. Год таму можна было трапіць у добраахвотніцкія батальёны — але толькі ў якасьці неаформленага байца. Нягледзячы на ўсе абяцаньні ўкраінскіх уладаў, усе беларускія добраахвотнікі засталіся неаформленымі байцамі. Зараз сытуацыя стала яшчэ больш строгай. Вядома, калі вельмі пастарацца, то можна «прапіхнуцца» ў добраахвотніцкі батальён — але таксама толькі ў статусе неаформленага байца, а значыць, фактычна без аніякага статусу. Што да «Правага сэктару», то там таксама ня так усё проста. Трэба прайсьці адбор і навучаньне, пасьля ідзе разьмеркаваньне па батальёнах — яшчэ ня факт, што добраахвотнік трапіць у баявы батальён. Ніякіх прывілеяў для беларусаў, грузінаў ці чачэнаў няма — увогуле няма ніякага падзелу на нацыі.

— Што такое «неаформлены баец»?

— Гэта значыць, што чалавек ваюе ў складзе, напрыклад, батальёну «Азоў». Яму далі аўтамат, і ён бярэ ўдзел у баявых дзеяньнях. Але заробку ён не атрымлівае, сацыяльнага статусу ў яго ніякага няма, у выпадку раненьня дзяржаўная ўкраінская мэдыцына дапамагаць яму ня будзе — толькі валянтэры.

— Усе беларусы, якія паехалі добраахвотнікамі, зьяўляюцца такімі вось неаформленымі байцамі?

— Так. Усе грамадзяне Беларусі, якія сюды прыехалі, ня могуць быць аформленымі. Іншая справа, што тэарэтычна ёсьць магчымасьць афармляць замежнікаў на пасаду грамадзянскага спэцыяліста, каб чалавек атрымліваў хоць нейкі заробак за працу, якую ён выконвае. Але гэта выключэньне з правілаў.

— У чым праблема з атрыманьнем афіцыйнага статусу? Гучаць абяцаньні і заявы ад украінскіх палітыкаў, а на справе аказваецца, што беларусы і іншыя замежнікі ня могуць мець ніякіх сацыяльных гарантыяў у краіне, за якую змагаюцца.

Мы бачым, што ўкраінскія ўлады насамрэч абсалютна ня хочуць нам дапамагаць у гэтым пытаньні.

— Мы бачым, што ўкраінскія ўлады насамрэч абсалютна ня хочуць нам дапамагаць у гэтым пытаньні. Калі мінулым летам мы паехалі ваяваць у складзе батальёну «Данбас», нам абяцалі поўную легалізацыю — атрыманьне ўкраінскага пашпарту паводле спрошчанай працэдуры, афіцыйнае афармленьне. Мы вярнуліся на ратацыю і пабачылі, што нічога з абяцанага не адбываецца. Спрабавалі грукаць ва ўсе дзьверы, выходзілі на ўсіх магчымых людзей і ўрэшце зразумелі — праблема ня ў тым, што пра нас ня ведаюць, а ў тым, што ўлады ня хочуць даваць нам афіцыйны статус.

— Матывацыя змагацца ад гэтага не павялічваецца...

— Ведаеце, ад таго, што ўкраінская ўлада нечага ня хоча, вайна не зьнікае і фронт меншым не становіцца.

— Якая пэрспэктыва для вас і іншых беларусаў? Калі-небудзь вайна скончыцца — што далей? Вяртацца ў Беларусь, заставацца ва Ўкраіне, ехаць яшчэ ў нейкую краіну?

Пасьля завяршэньня вайны пэрспэктываў у нас няма абсалютна ніякіх.

— Калі шчыра казаць, то ня ведаю. Не магу адказаць на гэтае пытаньне, таму што банальна ня ведаю на яго адказу. Пасьля завяршэньня вайны пэрспэктываў у нас няма абсалютна ніякіх. У Беларусі адназначна чакаюць супрацоўнікі КДБ, якія кажуць, што мы — «маладыя радыкалы, псыхапаты і ўгалоўнікі». Ва Ўкраіне не застанесься, тут нам кажуць, маўляў, прабачце, нельга паводле закону. Прычым законы свае мяняць ня хочуць.

— Тэлеканал Беларусь-1 паведамляў, што беларускія спэцслужбы выкрылі канал вярбоўкі наймітаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Сярод арганізацый, якія нібыта спрыяюць вярбоўцы, называўся «Малады фронт», узгадваўся таксама Зянон Пазьняк, які нібыта спрыяе вярбоўцы са Штатаў. Зьміцер Дашкевіч абверг такую інфармацыю, назваўшы яе «поўнай ахінеяй». Разам з тым, вы таксама ўзгадваеце КДБ, якое чакае добраахвотнікаў у Беларусі. У чым прычына такой увагі?

— Значная частка беларускіх сілавікоў пасьпела зьезьдзіць у камандзіроўкі і паваяваць на баку сэпаратыстаў. Ужо былі гэтаму пацьверджаньні, і мы абсалютна ў гэтым перакананыя. Беларускія сілавікі ў сваёй большасьці падтрымліваюць Расею і чакаюць яе ў Беларусі зь нецярплівасьцю. І хоць афіцыйна ўлада Беларусі ня робіць рэзкіх заяваў што да расейска-ўкраінскага канфлікту, Беларусь уваходзіць у АДКБ, якой па сутнасьці кіруе Крэмль.

Значная частка беларускіх сілавікоў пасьпела зьезьдзіць у камандзіроўкі і паваяваць на баку сэпаратыстаў.

— Ці сустракалі вы беларусаў, якія ваююць на баку сэпаратыстаў?

— Асабіста я не сустракаў. Але ведаю, што нашыя хлопцы бралі ў палон такіх беларусаў. Там усё зразумела: частка — з «русским миром» у галаве, частка — проста хоча зарабіць грошай, таму што на радзіме няма чаго есьці.

— У «Тактычнай групе „Беларусь“» ваююць толькі беларусы?

— Не, тут ёсьць таксама ўкраінцы. Але касьцяк складаюць беларусы, якія раней ужо ваявалі на баку Ўкраіны.

— Вы зараз на ратацыі ў Кіеве. Чым займаецеся?

— Спрабую хаця б часткова легалізаваць сваё становішча і пратаптаць сьцежку ў гэтай справе для іншых хлопцаў-неўкраінцаў. Трэба, каб можна было іншых замежнікаў таксама працягнуць па гэтай працэдуры. Але на асаблівы посьпех не спадзяюся. Таму паралельна спрабую праз СМІ падняць гэтую праблему.

Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з сацыяльных сетак
Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з сацыяльных сетак

— Куды канкрэтна вы зьвяртаецеся?

— Найперш да журналістаў, якім кажу, што ўкраінская ўлада не выконвае сваіх абяцаньняў і тым самым падштурхоўвае людзей да зьдзяйсьненьня злачынства. Я падаваў дакумэнты ў Міграцыйную службу для атрыманьня статусу ўцекача — гэта ўжо самы мінімальны статус, неабходны, каб ня выгналі з краіны. Прыйшла адмова. Цяпер буду яе абскарджваць. Праблема ў тым, што многія добраахвотнікі ня толькі ня маюць афіцыйнага статусу, але і ўжо нелегальна знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, пратэрмінаваўшы дазволеныя 90 дзён. А казаць Міграцыйнай службе, што я добраахвотнік, і мне Парашэнка абяцаў грамадзянства, — марная справа.

— Ці маеце вы магчымасьць кантактаваць зь сям’ёй?

Нашыя сваякі ў Беларусі адчулі на сабе ціск з боку КДБ, супрацоўнікі якога пастаянна спрабуюць іх запалохаць.

— Так, але рэдка. Ёсьць вялікая праблема, што нашыя сваякі ў Беларусі адчулі на сабе ціск з боку КДБ, супрацоўнікі якога пастаянна спрабуюць іх запалохаць, выклікаць на допыты, дасылаць позвы на нейкія крымінальныя справы. Гэта вельмі падобна на ціск, які ідзе на беларускую апазыцыю.

— Ці маеце вы магчымасьць сачыць за выбарчай кампаніяй у Беларусі?

— Магу сказаць толькі адно. У Беларусі ўжо 15 год няма ніякіх выбараў, адна толькі прафанацыя. Усе людзі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, — кандыдаты, назіральнікі, тыя, хто галасуе, — сьвядома ўдзельнічаюць у прафанацыі, і магчыма, зьяўляюцца саўдзельнікамі злачынства. Таму што ўсе разумеюць: пераможа Аляксандар Рыгоравіч.

— Ці магчымы «крымскі» сцэнар для Беларусі?

— Я думаю, што ён вельмі верагодны. Калі Лукашэнка пойдзе на канфрантацыю з Крамлём, ці калі ў Беларусі паўстане іншая ўлада, зьявяцца «зялёныя чалавечкі». Ды ім і зьяўляцца ня трэба — расейскія войскі ўжо ёсьць на тэрыторыі Беларусі. Расейская авіяцыя, расейскія войскі радыёсувязі. Калі Беларусь надумае аддаліцца ад Расеі, у нас здарыцца тое самае, што было ў Грузіі і Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG