Пасьля падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» мінула больш за месяц, аднак Міністэрства юстыцыі Беларусі дагэтуль ня можа адказаць, ці будзе БХД зарэгістраваная.
Гэта вынікае з размовы паміж сустаршынём аргкамітэту БХД Георгіем Дзьмітруком і намесьнікам начальніка ўпраўлення ў пытаньнях некамэрцыйных арганізацый ведамства Аляксеем Печкуровым падчас тэлефоннай лініі на тэму «Актуальныя пытаньні дзяржаўнай рэгістрацыі і дзейнасьці грамадзкіх арганізацый».
У прыватнасьці, спадар Дзьмітрук адзначыў, што 13 чэрвеня адбыўся пяты па ліку ўстаноўчы зьезд партыі БХД, яшчэ праз месяц былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю, але з Мін’юсту дагэтуль няма ніякага адказу. Замест гэтага людзей, якія падпісаліся за заснаваньне партыі, чыноўнікі прымушаюць адмаўляцца ад сваіх подпісаў.
У сваю чаргу спадар Печкуроў прызнаў, што ў апошнія гады палітычныя партыі ў Беларусі не рэгістраваліся, але заявіў, што Мін’юст прымаў рашэньні аб нерэгістрацыі на падставе прадстаўленых дакумэнтаў.
Датычна БХД ён адзначыў, што дакумэнты партыі разглядаліся, але рашэньне пакуль не прынятае і пра яго будзе паведамлена не раней, чым пасля 18 жніўня.
На думку Георгія Дзьмітрука, папярэдняе рашэнне па рэгістрацыі ці нерэгістрацыі партыі ўжо прынятае, але яго пакуль баяцца агучваць«: «Таму прадстаўнік Мін’юсту пазьбягаў канкрэтных адказаў і абмяжоўваўся толькі агульнымі фразамі», — сказаў ён.